Панядзелак, 24 Сакавік 2014 11:57

20 лістапада 2013 г. – 55 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мікалаевіча Карвата (1958–1996), ваеннага дзеяча, першага Героя Беларусі (1996)

Уладзімір Мікалаевіч Карва́т – беларускі ваенны лётчык першага класа, падпалкоўнік, начальнік паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й авіябазы, дыслацыраванай у горадзе Баранавічы.

Загінуў 23 мая 1996 года пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне, ад населенага пункта. Уладзімір Карват стаў першым Героем Беларусі.

Уладзімір Мікалаевіч Карва́т нарадзіўся 20 лістапада 1958 года ў Брэсце. Вучыўся ў сярэдняй школе № 8. Працоўную дзейнасць пачаў у 1976 годзе слесарам механазборачных работ.

У 1981 годзе скончыў Армавірскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, пасля чаго быў накіраваны для праходжання службы на Далёкі Ўсход, дзе прайшоў шлях ад лётчыка да намесніка камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. Лятаў на самалёце МіГ-23, асвоіў самалёты Л-29, МіГ-23, Су-27. Агульны налёт – 1226 гадзін. У. Карват меў узнагароды: ордэн «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені (1990), медаль «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1988). Быў жанаты, жонка – Ніна Кірылаўна, дачка – Кацярына (1982), сын – Вячаслаў (1989).

Пасля распаду СССР, у жніўні 1994 года па ўласным жаданні прыбыў для праходжання службы ва Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. 11 верасня 1994 года прыняў прысягу на вернасць народу Беларусі. Быў прызначаны начальнікам паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й авіябазы.

23 мая 1996 года У. Карват выконваў навучальна-трэніровачны палёт па практыкаванню 314 «Курса баявой падрыхтоўкі знішчальнай авіяцыі» на самалёце Су-27 № 29. У практыкаванне быў уключаны палёт у аблоках з вялікімі вугламі крэну з адпрацоўкай тактычных прыёмаў паветранага бою ў аблоках на малай вышыні ў складаных метыяўмовах уначы.

Палёт пачаўся ў 22:44:31. У 22:52, калі самалёт знаходзіўся на вышыні 900 метраў, на хуткасці 540 км/г, Карват паведаміў, што загарэлася табло падзення ціску ў першай гідрасістэме. З зямлі загадалі неадкладна вяртацца на базу. Праз 29 секунд паведамленне пра непаладкі ў першай гідрасістэме знікла, але амаль адразу пачалі зяўляцца паведамленні пра іншыя паломкі. На вышыні 600 м і хуткасці 440 км/г перастала працаваць сістэма кіравання.

Лётчык атрымаў загад катапульціравацца, але ў гэты час самалёт знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча Баранавіцкага раёна, і Карват да апошняга спрабаваў адвесці самалёт у бок. У 22:54, праз 14 секунд пасля паведамлення пра тое, што самалёт стаў непадкантрольны, СУ-27 разбіўся за кіламетр ад Арабаўшчыны.

Сведкамі катастрофы сталі многія мясцовыя жыхары, якія адразу паспяшаліся на дапамогу, але Карват загінуў пры падзенні. Самалёт загарэўся, людзі спрабавалі выцягнуць цела з кабіны. Сякераю былі перарублены рамяні, але выцягнуць пілота не атрымалася. Праз 20 хвілін прыбылі пажарныя з г.п. Гарадзішча, якія здолелі не дапусціць узгарання кабіны пілота, а пасля і затушыць полымя.

Паводле высноў камісіі, якая займалася расследаваннем прычын, катастрофа адбылася з-за пажару ў левым абцякальніку хваставой часткі. У гідрасістэме ўзнікла цеча, перагарэлі электрычныя кабелі і самалёт страціў кіраванне.

З Уладзімірам Карватам развітваліся ў Баранавічах, а пахаваны быў 26 мая 1996 года на могілках “Плоска” ў Брэсце. 21 лістапада 1996 года быў пасмяротна ўдастоены звання «Герой Беларусі».

У фільме “Звычайны герой” Аляксандр Марфіцкі (з 2003 года – камандзір 61-й знішчальнай авіябазы) распавядаў пра тую катастрофу так: «Ён сапраўды здзейсніў гераічны ўчынак. Адвёў самалёт. Усё ж такі 24 тоны, 4 тоны паліва, калі б ён ўпаў недзе на населены пункт, там не адзін дом бы згарэў. Вельмі шмат было б ахвяр, тым больш, што гэта было ўначы, усе людзі знаходзіліся ў хатах, наступствы былі б самымі сумнымі».

У гонар Уладзіміра Карвата названы вуліцы ў Мінску і Брэсце. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пастановаю № 179 ад 10 сакавіка 1997 года надаў СШ № 8 г. Брэста імя Уладзіміра Мікалаевіча Карвата. На будынку школы ўсталявана памятная дошка. У госці да вучняў часта прыязджаюць аднапалчане героя. Штогод, у дзень нараджэння Уладзіміра Мікалаевіча, вучні і настаўнікі збіраюцца на ўрачысты мітынг.

На бульвары Касманаўтаў г. Брэста 5 мая 2000 года адкрыты помнік Герою Беларусі (скульптар Аляксандр Каструкоў, архітэктары Юрый Казакоў і Мікалай Бакуменка). Таксама помнік У. Карвату пастаўлены ў самой выратаванай вёсцы Арабаўшчына.

Традыцыйным сярод устаноў адукацыі Ленінскага раёна г. Брэста стаў турнір па валейболе на прыз Уладзіміра Карвата. Паглядзець на фінальныя гульні прыходзяць Агрыпіна Дзмітрыеўна і Слава – маці і сын героя. У 2012 годзе ў школе быў адкрыты музей Уладзіміра Карвата.

Зацверджана іменная стыпендыя Героя Беларусі, якую атрымліваюць найлепшыя курсанты авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Беларусі, заснаваны Міжнародны турнір па міні-футболу на прыз Уладзіміра Карвата. Загадам міністра абароны № 263 ад 22 мая 1997 года падпалкоўнік Уладзімір Мікалаевіч Карват назаўсёды залічаны ў спісы 1-й авіяцыйнай эскадрыллі 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах. Брэсцкая абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Саюз афіцэраў запасу» носіць імя У. М. Карвата.

У маі 2009 года ў Баранавічах на базе 61-й авіябазы адкрыты музей Уладзіміра Карвата. Таксама ў Баранавічах існуе сквер імя Карвата. Пра У. М. Кавата зняты дакументальныя фільмы “Звычайны герой” (2004) і “Памятае неба” (2008).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

1.     Карват Владимир Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 449.

2.     Карват Уладзімір Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 2003. Т. 8. С. 64.

3.     Карват Уладзімір Мікалаевіч ; Герой Беларусі. Палёт ў бессмяротнасць // Памяць : Брэст : гісторыка-дакументальная хроніка ў 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 638–639.

4.     Альшова, И. Первому Герою Беларуси посвящая… : 28 ноября 2008 г. Владимиру Карвату исполнилось бы 50 лет / Ирина Альшова // Брестский вестник. 2008. 4 дек. С. 1.

5.     Богданова, К. Прерванный полёт : 28 ноября первому Герою Беларуси Владимиру Карвату исполнилось бы 50 лет / Катерина Богданова // Вечерний Брест. 2008. 28 нояб. С. 3.

6.     Гибок-Гибковский, А. Огромное небо Владимира Карвата : В эти дни исполняется пятнадцать лет подвигу первого Героя Беларуси / Алесь Гибок-Гибковский // Народная газета. 2011. 19 мая. С. 5.

7.     Грыцук, Т. А. Не згасне памяць пра героя / Т. А. Грыцук // Пачатковая школа. 2006. № 4. С. 28.

8.     Данилова, Е. Достучаться до сердец… : [о фильме «Помнит небо», рассказывающем о военном лётчике В. Н. Карвате] / Елена Данилова. // Заря. 2008. 13 нояб. С. 7.

9.     Иващенко, А. Полёт в бессмертие : [в СШ № 8 г. Бреста открылся музей В. Карвата] / А. Иващенко // Заря. 2012. 1 дек. С. 2.

10.                       Качук, Н. В созвездии героев : [первые Герои Беларуси, Армении Украины, России, Казахстана, Туркменистана ] / Н. Качук, А. Макаров // Армия. 2006. № 3. С. 24–25.

11.                       Крэйдзіч, М. Над Арабаўшчынай неба чыстае… : [памяці У. Карвата] / Марыя Крэйдзіч // Народная трыбуна. 2006. 27 мая. С. 8.

12.                       Литвинович, Е. Его помнят и любят, им гордятся… : [о Владимире Карвате] / Евгений. Литвинович // Заря. 2006. 23 мая. С. 2.

13.                       Тулин, Ф. Первый герой Беларуси : [о Владимире Карвате] / Фёдор Тумин // Брестский вестник. 2009. 29 янв. С. 4.

14.                       Юркевич, Е. Полёт в бессмертие совершил 10 лет назад лётчик Владимир Карват / Елена. Юркевич // Заря. 2006. 23 мая. С. 1, 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1277 разоў Апошняя змена Чацвер, 09 Красавік 2020 12:18