Панядзелак, 24 Сакавік 2014 12:56

22 студзеня 2014 г. – 65 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Іванавіча Кебеца (1949–2005), мастака

Міхаіл Іванавіч Кебец нарадзіўся 22 студзеня 1949 года ў горадзе Петрыкаў Гомельскай вобласці.Яго бацька быў настаўнікам літаратуры, таму прывіў Міхасю любоў да мастацкай літаратуры, да рускай паэзіі.

 

У 1966–1968 гадах Міхаіл Кебец вучыўся ў Каўнаскім тэхнікуме прыкладнога мастацтва (Літва), затым служыў у Савецкай Арміі. У 1972 годзе закончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава. Жыў у Брэсце. Працаваў у станкавым жывапісе і акварэлі ў жанры пейзажа і нацюрморта. З 1984 года ўдзельнічаў у мастацкіх выставах. Правёў персанальныя выставы ў Любліне (Польшча, 1989), Брэсце (1994, 1999).

Член Беларускага саюза мастакоў з 1994 года.

Асноўныя творы: лісты “Лясная дарога”, “Май”, “Разліў на Мухаўцы”, “Дарогі”, “Летні дзень”, “Апошні снег”, “Рака Лясная”, “Меднае возера”, “Камянец”; серыі “Па Палессі”, “Берасцейшчына”; партрэты А. Кожына,
А. Уса, “Аўтапартрэт”; пано (маркетры) “Музыка архітэктуры” ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага. Творы М. Кебеца знаходзяцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі і іншых зборах у Беларусі і за мяжой.

Міхаіл Іванавіч любіў творчасць Х. Суціна, Ж. Руа, а любімым жывапісцам быў Р. Фальк. Яму падабаліся творы з фактурнаю манераю пісьма. Быў актыўным прыхільнікам пленэраў, выязджаў на Палессе, плаваў па рэках і каналах на ўласнаручна зробленай лодачцы, часта бываў у родным Петрыкаве, стуль прывозіў жывапіс і акварэлі, розныя замалёўкі. Міхаіл Кебец усё жыццё быў сумленным мастаком і патрабаваў гэтага ад іншых. Пейзажы і нацюрморты адрозніваліся прастатой без стракатасці і ў той жа час неслі ў сабе таямніцу задумкі мастака, яго шлях і лёс. Яго натхнялі крылы ветразя, калі цяжка было ўтрымацца на цвярдыні зямлі.

Міхаіл Іванавіч Кебец заўчасна памёр 21 кастрычніка 2005 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай

iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.     Міхаіл Кебец : [“Восеньскiя кветкі”] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўтар-скл. М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 54–55.

2.     Михаил Кебец : [«Осенние цветы»] // Художники Брестчины. Минск : А. Климов, 2002. С. 50–51.

3.     Кебец МіхаілІванавіч// Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 299.

4.     Михаил Кебец: [«Полесский пейзаж»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск : Хелмон, 1997. С. 34–35.

5.     Александров, Н. Жил-был художник… : [к 60-летию со дня рождения М. Кебеца] / Николай Александров // Брестский курьер. 2009. 29 янв. (№ 5). С. 10.

6.     Валасюк, Л. Палескі мастак : 60 год споўнілася б 22 студзеня Міхасю Кебецу / Леанід Валасюк // Народная трыбуна. 2009. 24 студз. (№ 4). С. 4.

7.     Пракаповіч, М. “Душа мая на Палессі…” : Вось ужо год, як з намі няма Міхася Кебеца / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2006. 20 окт. С. 8.

8.     Александров, Н. Прощай, светлая душа! : [памяти М. Кебеца] / Николай Александров // Брестский курьер. 2005. 3 нояб. (№ 45). С. 23.

9.     Муха, Ф. Жил-был художник один… / Фёдор Муха // Советская Белоруссия. 2001. 26 мая.

10.                       Тедди, А. Этюды о странствиях художника Кебеца // А. Тедди // Брестские ведомости. 1997. 10–14 янв. С. 2.

11.                       Полонский, А. Холст, развернутый как парус / А. Полонский // Брестский курьер. 1994. 13–19 окт. С. 3.

12.                       Арцёмаў, А. Пяю сваё Палессе / А. Арцёмаў // Народная трыбуна. 1994. 15 кастр.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1234 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 15:14