Аўторак, 13 Май 2014 12:12

8 лютага 2014 года – 100 гадоў з дня нараджэння Валянціна Паўлавіча Таўлая (1914–1947), паэта, літаратуразнаўца, дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі

Валянцін Паўлавіч Таўлай нарадзіўся 8 лютага 1914 года ў мястэчку Баранавічы Навагрудскага павета Мінскай губерніі (цяпер горад Баранавічы Брэсцкай вобласці) у сям’і чыгуначных служачых.

У 1920 годзе маці Марыя Антонаўна памерла ад халеры, малога Валянціна выхоўвалі бабуля і мачаха. У 1924 годзе бацька Павел Дзям’янавіч быў звольнены з чыгункі як непаляк. Сям’я пасялілася ў вёсцы Рудаўка Слонімскага павета, дзе занялася сельскай гаспадаркай. У 1921 годзе Валянцін пайшоў у польскую школу ў Лідзе, потым вучыўся ў школе вёскі Вялікая Кракотка, непадалёк ад Рудаўкі.

У 1925 годзе Валянцін Таўлай паступіў ў падрыхтоўчы клас Слонімскай настаўніцкай семінарыі, хутка стаў першым вучнем, але за нежаданне адмовіцца ад беларускай нацыянальнасці стыпендыя была знята, з-за беднасці прыйшлося пакінуць вучобу. У 1927–1929 гадах Валянцін Таўлай вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, з якой быў выключаны як адзін з арганізатараў вучнёўскай забастоўкі.

Чатырнаццацігадовым юнаком Валянцін уступіў на шлях рэвалюцыйнай барацьбы, і з гэтага часу пачаліся для яго цяжкія выпрабаванні – слонімскі астрог, гродзенскі астрог, Лукішкі, лідская турма. Сем гадоў правёў паэт за турэмнымі кратамі. Паміж арыштамі В. Таўлай працаваў у рэдакцыях камуністычнай газеты “Чырвоны сцяг” ў Варшаве і легальнага рэвалюцыйнага органа “Беларуская газета” ў Вільні. Ён быў адным з арганізатараў літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў.

У 1930–1932 гадах працаваў у газеце “Звязда”, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У снежні 1932 года адкліканы на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь. Пры спробе перайсці польска-беларускую мяжу ў 1934 годзе арыштаваны і заключаны ў гродзенскі астрог. Чырвоная Армія вызваліла паэта з турмы ў верасні 1939 года.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Валянцін Паўлавіч працаваў у лідскай раённай газеце “Уперад”.

У час Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці, разведчыкам спецгрупы “Буравеснік” (1942–1944). Па заданні партызанскага атрада працаваў у нямецкіх установах, быў арыштаваны.

Пасля вызвалення Беларусі Валянцін Паўлавіч працаваў адказным сакратаром навагрудскай раённай газеты “Звязда”. У 1945–1947 гадах – старшы навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Ён быў адным з першых даследчыкаў творчасці народнага паэта, правёў вялікую работу па збору яго спадчыны.

Валянцін Паўлавіч Таўлай заўчасна, пасля доўгай і цяжкой хваробы памёр 27 красавіка 1947 года. Пахаваны на Вайсковых могілках г. Мінска.

Таленавіты паэт, мужны рэвалюцыянер Валянцін Таўлай пражыў нядоўгае жыццё, якое цалкам аддаў барацьбе за шчасце свайго народа. Толькі кароткі час пасля верасня 1939 года ды два пасляваенныя гады ён мог самаахвярна аддавацца літаратурнай працы. В. Таўлай так і не ўбачыў нават карэктуры свайго першага зборніка, ужо пасля смерці былі выдадзены яго кнігі “Выбранае” (1947), “Выбраныя творы” (1951), “Вершы і паэмы” (1955).

Паэтычная спадчына Валянціна Таўлая невялікая, але трывала ўвайшла ў скарбніцу беларускай літаратуры. Валянцін Паўлавіч – паэт вялікага літаратурнага гучання. Творы яго ў большасці сваёй напісаны ва ўмовах падполля і за турэмнымі кратамі. У іх гучыць нянавісць да прыгнятальнікаў, туга аб долі народнай, вера ў тое, што прыйдзе на родную зямлю вясна. Па вершах паэта, напісаных у засценках дэфензівы, можна вывучаць тагачаснае жыццё панскай турмы. Паэт верыў у перамогу народнай справы, заклікаў да рэвалюцыйнай барацьбы. Вершы яго пранікалі праз каменныя сцены і жалезныя краты, клікалі на бой. Цыкл “Лукішкскія вершы”, што напісаны Валянцінам Таўлаем у астрогу ў 1935 годзе, стаў хрэстаматыйным. Значным словам у беларускай літаратуры сталі паэмы “Таварыш”, “Песня пра сухар”, “Кобрыншчына”. Яны вызначаюцца лаканізмам, свежасцю вобразаў, яскравым нацыянальным каларытам.

Імя В. П. Таўлая прысвоена Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы (1964), якая ў 2004 годзе пераўтворана ў Лідскую гарадскую бібліятэку-філіял, а таксама Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы (1979). Імя паэта носяць вуліцы ў гарадах Баранавічы, Ліда, Маладзечна, Слонім, у вёсках Ганькі і Жыровічы Слонімского раёна. У Маладзечна на будынку былога староства, дзе ў 1934 годзе знаходзіўся арыштаваны ўладамі буржуазнай Польшчы В. П. Таўлай, устаноўлена мемарыяльная дошка. У СШ № 1 г. Слоніма (цяпер ліцэй) і СШ № 4 г. Баранавічы былі створаны музеі паэта; Баранавіцкаму музею імя В. П. Таўлая ў 2000 годзе прысвоена званне “Народны музей”. У Лідскім літаратурным музеі ў 2010 годзе адкрыты мемарыяльны пакой Валянціна Таўлая.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая. Серафімовіч Ірына Сяргееўна, гал. бібліёграф аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

 

Творы В. Таўлая

1.     Выбранае : вершы / Валянцін Таўлай ; уступ. арт. М. Лужаніна. Мінск : Дзяржвыдавецтва БССР, 1947. 82 с.

2.     Выбраныя творы / Валянцін Таўлай ; уступ. арт. Я. Шарахоўскага. Мінск : Дзяржвыдавецтва БССР, 1951. 218 с., 3 партр.

3.     Выбраныя творы : вершы і паэмы / Валянцін Таўлай ; уступ. арт.
У. Мехава. Мінск : Дзярж. вуч.-пед. выдавецтва, 1958. 162 с., 3 партр. (Школьная бібліятэка).

4.     Стихи и поэмы / Валентин Тавлай ; пер. с бел. Москва : Правда, 1958. 32 с. (Библиотека «Огонёк»).

5.     Творы / Валянцін Таўлай ; уступ. арт. М. Лужаніна. Мінск : Дзяржвыдавецтва БССР, 1961. 403 с., 3 л. іл.

6.     Выбраныя вершы і паэмы / В. П. Таўлай ; уклад. і аўт. уступ. арт. Уладзіміра Калесніка. Мінск : Беларусь, 1967. 155 с., 1 л. партр. (Бібліятэка беларускай паэзіі).

7.     Пілую вершам краты : выбраныя творы / Валянцін Таўлай ; уклад. і прадм. А. К. Клышкі. Мінск : Юнацтва, 1984. 95 с. (Паэтычная бібліятэка).

8.     Я с вами : стихи и поэмы / Валентин Тавлай ; пер. с бел. ; вступ. ст.
В. А. Колесника. Минск : Мастацкая літаратура, 1988. 141 с. (Белорусская поэзия).

9.     “Пакіну спадчыну тугі і веры” : [вершы] / Валянцін Таўлай // Роднае слова. 1994. № 2. С. 12–13.

 

Аб жыцці і творчасці В. Таўлая

1.     Валянцін Таўлай : дакументы, успаміны, артыкулы / склад.
Г. В. Таўлай ; камент. Л. С. Таўлай. Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. 238 с., [8] л. іл.

2.     Таўлай Валянцін Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 459.

3.     Таўлай Валянцін Паўлавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Слонімскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 2004. С. 651–652.

4.     Таўлай Валянцін Паўлавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна. Мінск : БЕЛТА, 2000.
С. 623–624.

5.     Таўлай Валянцін Паўлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 513.

6.     Таўлай Валянцін // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 6. С. 80–84.

7.     Арочка, М. Валянцін Таўлай : крытыка-біяграфічны нарыс / Мікола Арочка. Мінск : Беларусь, 1969. 165 с.

8.     Арочка, М. М. Валянцін Таўлай / М. М. Арочка // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : у 4 т. Мінск, 2001. Т. 3. С. 457–478.

9.     Таўлай Валянцін Паўлавіч : аўтабіяграфія / В. П. Таўлай // Пра час і пра сябе : аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мінск, 1966. С. 346–349.

10.                       Чыгрын, С. Слонімскімі сцежкамі Валянціна Таўлая / Сяргей Чыгрын // Чыгрын, С. Такі іх лёс : гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы / Сяргей Чыгрын. Мінск : Кнігазбор, 2012. С. 156–160.

11.                       Ягорычаў, У. Я. Валянцін Паўлавіч Таўлай з вёскі Рудаўка – вядомы грамадскі дзеяч, літаратуразнавец, беларускі паэт / У. Я. Ягорычаў // Слонімшчына вачыма навукоўцаў і краязнаўцаў. Слонім, 2002.
С. 276–286.

12.                       Солоненков, А. Связь людей и времён : [о родственниках В. Тавлая] / Александр Солоненков // Рэспубліка. 2012. 8 верас.

13.                       Мехаў, У. Паходня з пірэнейскіх скал : перачытваючы паэму Валянціна Таўлая “Таварыш” / Уладзімір Мехаў // ЛiМ. 2010. 22 кастр. (№ 42). С. 13.

14.                       Мікуліч, М. [Творчасць Валянціна Таўлая] / Мікалай Мікуліч // Мікуліч, М. Паэзія Заходняй Беларусі (1921–1939) / Мікалай Мікуліч. Мінск, 2010. С. 291–299.

15.                       Здановіч, Н. У. Эвалюцыя вобраза ў паэтычных творах Валянціна Таўлая / Н. У. Здановіч // Содружество наук. Барановичи–2010 : тезисы докладов VI Междунар. науч-практ. конф. мол. исследователей, 14–20 мая 2010 г. : в 2 ч. Барановичи, 2010. Ч. 2. С. 173–174.

16.                       Жалкоўскі, А. Музей у доме паэта : [пра мемарыяльны пакой В. Таўлая у літаратурным філіяле Лідскага краязнаўчага музея] / Аляксандр Жалкоўскі // ЛіМ. 2010. 8 кастр. (№ 40). С. 16.

17.                       Суднік, С. Літаратурны музей у Лідзе / Станіслаў Суднік // Лідскі летапісец. 2010. № 3. С. 8–11.

18.                       Жалкоўскі, А. Крыж мужнасці Валянціна Таўлая / Аляксандр Жалкоўскі // Краязнаўчая газета. 2010. № 30. C. 3.

19.                       Литвинович, Е. Словом и делом : [к 95-летию со дня рождения
В. Тавлая] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 7 февр. С. 7.

20.                       Вызваленча-гуманістычны пафас паэзіі Валянціна Таўлая // Зарэцкая, В. Я. Гуманістычны пафас заходнебеларускай літаратуры : манаграфія / В. Я. Зарэцкая, М. І. Яніцкі. Брэст : БрДУ, 2007. С. 90–128.

21.                       Кот, Г. Захавальнікі Таўлаевай памяці : [аб дзейнасці Баранавіцкай ЦГБ імя В. П. Таўлая па захаванні памяці паэта] / Ганна Кот // ЛiМ. 2007. 17 жн. (№ 33). С. 5.

22.                       Таўлай, Н. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх / Ніна Таўлай ; вёў гутарку Станіслаў Суднік // Лідскі летапісец. 2004. № 1/2. С. 16–20.

23.                       Лапато, В. “Яго напевам выпаў слаўны лёс” / Валянціна Лапато // Наш край (Барановичи). 2004. 3 февр. С. 5.

24.                       Грамадчанка, Т. Шляхі Валянціна Таўлая : літаратурны партрэт / Таіса Грамадчанка // Роднае слова. 1994. № 2. С. 7–12.

25.                       8 лютага – 90 год з дня нараджэння В. П. Таўлая (1914–1947), паэта // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. Мінск, 2004. № 1. Даты беларускага каледара 2004 г. С. 5–8.

26.                       Калеснік, У. Абед у Таўлая / Уладзімір Калеснік // Калеснік, У. Усё чалавечае / Уладзімір Калеснік. Мінск, 1993. С. 38–59.

27.                       Калеснік, У. Слова пра Валянціна Таўлая / Уладзімір Калеснік // Ішла вайна народная... : беларускія пісьменнікі ў Вялікай Айчыннай. Мінск, 1991. С. 676–681.

28.                       Мемориальная доска Тавлаю Валентину Петровичу [в Барановичах] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск : БелСЭ, 1990. С. 83–84.

29.                       Мемарыяльная дошка Таўлаю Валянціну Пятровічу [у Маладзечне] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць : у 2 кн. Мінск, 1987. Кн. 2. С. 9–10.

30.                       Бур’ян, Б. Ён спяшаўся ў Пушкінскую : [пра творчасць В. Таўлая] /
Б. Бур’ян // Бур’ян, Б. “І толькі надпіс...” : артыкулы і эсэ / Барыс Бур’ян. Мінск, 1987. С. 47–68.

31.                       Брыль, Я. Памяти Валентина Тавлая / Янка Брыль // Немного о вечном : статьи, портреты, заметки / Янка Брыль. Минск, 1983. С. 71–77.

32.                       Таўлай, Л. Падарожжа ў мінулае : з успамінаў пра Валянціна Таўлая [яго жонкі, Лідзіі Сяргеўны] / Лідзія Таўлай // Полымя. 1974. № 9.
С. 189–214.

33.                       Сіпакоў, Я. Паэзія свабодная ў няволі : [пра творчасць В. Таўлая] / Янка Сіпакоў // Полымя. 1974. № 2. С. 214–219.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1930 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 15:38