Аўторак, 13 Май 2014 12:34

2014 г. – 520 гадоў з часу першага ўпамінання (1494) г. Косава ў пісьмовых крыніцах

Косава – горад у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці, за 151 км на паўночны ўсход ад Брэста.

Гісторыкі не прыйшлі да агульнай высновы з нагоды назвы мястэчка Косава або Косаў, нетыповай для Беларусі. Адна з легендаў сведчыць аб нейкім татарскім хане, які валодаў вёсачкай больш за пяцьсот гадоў таму.Як гаспадару, яму прыносілі даніну і казалі: “Нясу даніну Касому”, маючы на ўвазе яго раскосыя вочы.

Першае ўпамінанне пра Косава звязана з Іванам Багданавічам Храптовічам па мянушцы Літавор (?–1513), дзяржаўным дзеячам ВКЛ. Ён у 1494 годзе, “у той час, калі ад брата нашага караля яго міласці Аляксандра Слонім трымаў, выпрасіў сабе ў яго міласці зямлю пустаўшчыну, званаю Косаўшчынай”. Прывілеі караля і вялікага князя Аляксандра аб дараванні Косава маршалку ВКЛ, намесніку слонімскаму Яну Храптовічу датаваны 11 чэрвенем 1494 года.

Пазней фальварак Марачоўшчыну Храптовіч аддаў у пасаг сваёй дачцэ, па мужу Аборскай. У 1559 годзе маёнтак належаў Мікалаю Осціку. Перад смерцю ён завяшчаў двор і мястэчка сваёй дачцэ Ганне, якая з Львом Сангушкам-Кашырскім (11 мая 1569 г.) запісвае свайму мужу маёнтак. Самае поўнае апісанне маёнтка Косава маецца за кастрычнік 1597 года, калі была праведзена поўная інвентарызацыя з выпадку падзелу яго паміж князем Рыгорам Сангушкам, сынам Льва Кашырскага, і Мікалаем Кішка. З інвентару відаць, што мястэчка мела дзве вуліцы, 79 двароў, “костёл збудованый, ешчо новый”, царкву святога Сямёна, тры млыны, заезны дом, шмат шынкоў, карчмоў (“медовых, пивных, мясных, горелочных лавок”).

У 1611 годзе ўладальнікамі Косава сталі Сапегі. Яны ў 1626 годзе пабудавалі ў Косаве ўніяцкую царкву, вучылішча і раскошны палац-крэпасць, які ў перыяд Паўночнай вайны быў цалкам разбураны. Род Сапегаў валодаў Косавам да 1765 года, калі ваявода смаленскі Пётр Сапега прадаў маёнтак Марачоўшчыну з мястэчкам падскарбію ВКЛ Яну Ежы Флемінгу.

Пасля Флемінгаў Косавам валодалі князі Чартарыйскія. Дачка Яна Флемінга княгіня Ізабэла Чартарыйская адкрыла ў Косаве музычны салон.

У фальварку Марачоўшчына каля мястэчка Косава нарадзіўся Андрэй Тадэвуш Бенавентура Касцюшка (1746–1817) – палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік паўстання 1794 года ў Польшчы, Беларусі і Літве.

З пачатку XIX ст. уладальнікам маёнтка Марачоўшчына (17 вёсак і мястэчка Косава) стаў Войцех Пуслоўскі. Дзейнасць Пуслоўскіх спрыяла развіццю Косава. Тут былі пабудаваны суконная фабрыка, цагельня, гута, бровар, млын. Вотчынная суконная мануфактура ў Косаве, якая адкрылася ў 1825 годзе, існавала да 1855-га, у ёй была ўстаноўлена першая ў Беларусі паравая машына. У 1850-я гады дзейнічала вінакурнае прадпрыемства.

У час паўстання 1863–1864 гадоў пад Косавам адбыўся бой касіянераў з урадавымі войскамі. На косаўскіх каталіцкіх могілках стаіць помнік у памяць аб пахаваных там удзельніках паўстання.

Пасля смерці Войцеха Пуслоўскага яго справу прадоўжыў сын Вандалін (1814–1884). На заходняй ускраіне горада ў 1838 годзе ён пабудаваў раскошны палац, праект якога выканаў варшаўскі архітэктар Францішак Яшчолд. У будаўніцтве прымаў удзел таксама архітэктар У. Марконі, роспісы залаў выканаў мастак Ф. Жмурка. Вандалін Пуслоўскі валодаў багатай бібліятэкай, зборам даўніх рукапісаў, у адным з залаў палаца размяшчалася карцінная галерэя.

Пасля смерці В. Пуслоўскага наследнікам стаў яго сын Леон Пуслоўскі, які прадаў сядзібу і замак купцу Аляксандраву. З тых часоў Косаўскі палац пайшоў па руках. Аляксандраў у хуткім часе прадаў яго маскоўскай арыстакратыі – князям Трубяцкім і Алдэнбурскім. А затым ведамства Мікалая II выкупіла замак пад чыноўніцкія патрэбы. У гады Першай сусветнай вайны палац разрабавалі, многія каштоўнасці вывезлі за мяжу. Найбольшыя разбурэнні палац перажыў у часы Вялікай Айчыннай вайны. Шматдзённы пажар у 1944 годзе канчаткова знішчыў убранне залаў, пакінуўшы толькі велічныя сцены.

У XIX ст. Косава ўзбагацілася архітэктурнымі каштоўнасцямі. Узведзена каталіцкая капліца (1859), пабудавана мураваная Антоніеўская царква (1868) – узор мураўёўскай архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, у 1871 годзе пабудавана Успенская царква. Троіцкі касцёл, помнік архітэктуры неагатычнага стылю, быў узведзены ў 1878 годзе. Напрыканцы XIX ст. у Косаве дзейнічалі: дзве царквы, касцёл, 4 яўрэйскія малітоўныя дамы, школа, пошта, валасная ўправа, мяшчанская ўправа, аптэка, паравы млын, суконная фабрыка, завод па вырабу шкур, 10 піцейных дамоў, базар. У адной вярсце ад Косава – бровар, соладавы завод, конны млын.

З 1915 года Косава акупавана германскімі войскамі, ў 1919–1920 гадах – войскамі буржуазнай Польшчы. З 1921 года Косава ў складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяводства. За польскім часам тут меўся міравы суд, паліцэйская камендатура. У 1922 годзе дзейнічаў шпіталь на 930 ложкаў. У 1923 годзе адкрыўся лесапільны завод. Сялянства Косаўшчыны пад кіраўніцтвам КПЗБ і Беларускай сялянска-працоўнай грамады актыўна выступала супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту.У 1927 годзе адбылася дэманстрацыя працоўных, арганізаваная Косаўскім падпольным райкамам КПЗБ; паліцыя расстраляла дэманстрацыю (Косаўскі расстрэл).

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе Косава ўвайшло ў склад Брэсцкай вобласці. У 1940–1949 гадах – цэнтр раёна.У гады Вялікай Айчыннай вайны з 25 чэрвеня 1941 года да 13 ліпеня 1944 года Косава акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 2 жніўня 1942 года партызаны атрадаў імя Варашылава, імя Дзімітрава і імя Шчорса атакавалi гарнізон акупантаў і на працягу месяца ўтрымлівалі горад.

Сёння ў Косава дзейнічаюць АТ “Косаўскае МВА”, лясніцтва, сярэдняя і музычная школы, дзіцячы сад, бібліятэка, Дом культуры, спартыўны комплекс, бальніца, вузел сувязі. Сярод гістарычных помнікаў: абеліск на ўшанаванне ахвяр дэманстрацыі 1927 года; манумент на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан; помнік партызанскай славы. Захаваліся помнікі архітэктуры: Антоніеўская царква, Троіцкі касцёл, Успенская царква, каталіцкая капліца. У верасні 2004 года быў урачыста адкрыты дом-музей Тадэвуша Касцюшкі. У 2008 годзе пачаліся работы па рэстаўрацыі замка Пуслоўскіх.

Косава – радзіма беларускага пісьменніка Уладзіміра Мароза, паэтэсы Людмілы Занько. Ганаровымі грамадзянамі горада Косава з’яўляюцца:
А. С. Філіповіч, Я. Дз. Янчанка, І. А. Краўцэвіч, В. Ф. Антонік,

У. М. Талкачоў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай
імя П.
 Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф

аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.     Коссово // От Беловежской пущи до Полесских болот : путеводитель по Брестской области / ред. Н. Плыткевич. Минск, 2013. С. 104–105.

2.     Мешечко, Е. Н. Коссово / Е. Н. Мешечко // Путешествие по Беларуси. В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти : путеводитель. Брест : ОАО «Брестская типография», 2012. С. 168–169.

3.     Зайка, А. Косава / Алесь Зайка // Зайка, А. Населеныя пункты Івацэвіччыны / Алесь Зайка. Пінск : Пінская рэгіянальная друкарня, 2012. С. 179–190.

4.     Татаринов, Ю. А. Коссово / Ю. А. Татаринов // Города Беларуси. Брестчина. Минск : Смэлток, 2010. С. 52–57.

5.     Коссово // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 499–503.

6.     Коссово // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 236–237.

7.     Косава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск : БелЭН, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 483–487.

8.     Князева, В. М. Косава / В. М. Князева // Падарожжа па Беларусі : гарады і гарадскія пасёлкі. Мінск : Беларусь, 2005. С. 33–34.

9.     Косаўскі палац // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя і інш. Мінск : Полымя, 1998. С. 202–205.

10.                       Косава // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Івацэвіцкага раёна. Мінск : БЕЛТА, 1997. С. 481–485.

11.                       Ивацевичи и окресности : фотоальбом / гл. ред. В. Шпарло. Брест : ООО “Рекламно-информационное агенство “Вечерний Брест”, 2011. 96 с. : ил.

12.                       Iwaniec, E.MereczowszyznaiKosówPoleskimiastomegodzieciństwazacysówIIRzeczypospolitej (1920-1939) / EugeniuszIwaniec // BiałoruskieZeszytyHistoryczne. Беларускі гістарычны зборнік / Беларускае гістарычнае таварыства. Т. 38. Беласток, 2012. S. 185–224.

13.                       Несцярчук, Л. М. Мерачоўшчына. Дом – сядзіба Тадэвуша Касцюшкі = Mereczowszczyzna. DomTadeuszaKosciuzko / Л. М. Несцярчук // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ ст. : гісторыя, план, перспектывы. Мінск : БЕЛТА, 2002. С. 154–158.

14.                       Гнилозуб, В. «Золотые горки» для любимой жены графа : [о дворце Пусловских и музее-усадьбе Т. Костюшко в Коссово] / В. Гнилозуб // Беларуская нива. 2013. 5 сент. С. 15.

15.                       Бобрык, В. Музей-сядзіба Т. Касцюшкі / В. Бобрык // Івацэвіцкі веснік. 2012. 11 мая. С. 8.

16.                       Бобрык, В. Косаўскі замак (Палац Пуслоўскіх) / В. Бобрык // Івацэвіцкі веснік. 2012. 11 мая. С. 8.

17.                       Шэляговіч, В. Косаўшчына / В. Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2010. 29 студ. С. 4.

18.                       Рудніцкі, М. Марачоўшчына / М. Рудніцкі // Івацэвіцкі веснік. 2010. 9 лют. С. 2.

19.                       Юнчик, Л. Наше Коссово / Л. Юнчик // Рэспубліка. 2009. 12 лістап. С. 7.

20.                       Зайка, А. Івацэвічам – 490 / Алесь Зайка // Івацэвіцкі веснік. 2009. 3 сак. С. 4.

21.                       Папенчык, В. Лісты з Марачоўшчыны / В. Папенчык // Маладосць. 2008. № 11. С. 125–133.

22.                       Міршчына, М. Спатканне з Івацэвічамі : па родным краі / М. Міршчына // Маладосць. 2008. № 9. С. 140–142.

23.                       Зайка, А. Марачоўшчына ці Мерачоўшчына? / Алесь Зайка // Івацэвіцкі веснік. 2008. 4 лістап.

24.                       Ашуркевіч, Н. Сядзіба Т. Касцюшкі – папулярны турыстычны аб’ект / Н. Ашуркевіч // Івацэвіцкі веснік. 4 крас. 2008. С. 2.

25.                       Ашуркевіч, Н. Леў з-пад Косава і летам па солі на санках / Н. Ашуркевіч // Звязда. 9 лют. 2008. С. 7.

26.                       Зайка, А. Імя ў гісторыі краю – Іван Багданавіч Літавор-Храптовіч / Алесь Зайка // Газета для вас (Івацэвічы). 2007. 14 верас. С. 13.

27.                       Макарэвіч, Л. Усё толькі пачынаецца / Л. Макарэвіч // Культура. 2006. 4–10 лют. (№ 5). С. 14.

28.                       Лычаўка, А. Палац жыў і будзе жыць / А. Лычаўка // ЛіМ. 2005. 3 чэрв. С. 14.

29.                       Бабіч, І. Экскурсія-шоу паміж горадам і вёскай / І. Бабіч // Беларуская ніва. 14 янв. 2000. С. 3.

30.                       http://www.radzima.org/be/miesca/kosava.html

31.                       http://www.belarus.by/by/travel/belarus-life/kossovo-palace

32.                       http://globus.tut.by/kossovo/index.htm

33.                       http://www.infonet.ee/kossovo/index.php?menu=2&history=3

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2173 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 12:04