Аўторак, 13 Май 2014 12:37

19 сакавіка 2014 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Пятра Уладзіміравіча Свентахоўскага (1939–2006), жывапісца, педагога, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2001)

Пётр Уладзіміравіч Свентахоўскі нарадзіўся 19 сакавіка 1939 года ў вёсцы Зубачы на Камянеччыне (з 1940 г. вёска ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, з 1944 г. – у гміне Чарэмха Гайнаўскага павета Падляскага ваяводства Рэспублікі Польшча).

Дзяцінства Пятра прайшло ў Брэсце, тут ён закончыў сярэднюю школу. З захапленнем наведваў студыю выяўленчага мастацтва пры абласным Доме народнай творчасці, якой кіраваў Пётр Алексеевіч Данелія (1920–2012).

У 1960 годзе Пётр Свентахоўскі скончыў Мiнскае мастацкае вучылiшча, а ў 1966 годзе – аддзяленне жывапісу Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Да 1971 года ён выкладаў у 1-й гарадской мастацкай школе Мінска, затым – у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка.

У 1971 годзе Пётр Уладзіміравіч быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. У 1977–1980 гадах займаў пасаду адказнага сакратара БСМ, неаднойчы абіраўся старшынёй прафсаюза арганізацыі. З 1971 года і да апошніх дзён свайго жыцця П. Свентахоўскі працаваў на кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў старшым выкладчыкам, а з 1991 года – дацэнтам. Ён выхаваў не адно пакаленне таленавітых творцаў. Слынныя мастакі У. Вішнеўскі, У. Крываблоцкі, В. Мікіта, У. Панцялееў,
В. Ціханаў, Г. Асташонак і многія іншыя лічаць за гонар называць сябе яго вучнямі. Як педагог Пётр Уладзіміравіч быў патрабавальным і спакойным, паважаным вучнямі. Ён быў сапраўдным творчым чалавекам, сціплым, з цёплай душой. Любіў прыроду, зычліва і спачувальна ставіўся да людзей. Умеў сябраваць, не любіў шмат гаварыць: слухаў і працаваў.

Пётр Свентахоўскі – цікавы аўтар, з непаўторным светабачаннем і выразнай выяўленчай манерай малюнка і жывапісу. Большая частка яго карцін апавядае пра вайну і салдацкае жыццё. Цікавасць да гэтай тэмы выклікана тым, што юнацкія гады мастака прайшлі ў пагранічным Брэсце. Назіраючы за жыццём вайскоўцаў, з іх пісаў свае карціны: “На далёкай заставе” (1967), “Партрэт старшага сяржанта Бухолда” (1969), “Вартавы”, “Пагранічнікі” (1970), “Трывога” (1966) – дыпломная работа мастака падчас вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце.

У найбольшай ступені жыццёвыя арыенціры Пятра Уладзіміравіча фарміравалі аднадумцы і паплечнікі. Ад пачатку 1960-х гадоў ён меў самыя цёплыя стасункі з Л. Шчамялёвым, Я. Куліком, А. Марачкіным і іншымі дзеячамі беларускай культуры. Найважнейшы плён такога сяброўства – з’яднанасць у справе адраджэння нацыянальных каштоўнасцей беларускай гісторыі і культуры. Пад гэтым уплывам у П. Свентахоўскага з’явіўся новы жанр – гістарычны краявід. Да яго адносяцца карціны “Палі Міншчыны” (1983), “Царква ў Сынкавічах” (1984), “Вяселле ў Міры” (1984), “Стары гасцінец” (1998), “Старажытны край” (2005).

Праявіў сябе мастак і ў партрэтным жанры. Яго партрэты вызначаюцца манерай рэалістычнага пісьма, жаданнем выявіць рысы характару, перадаць мелодыку вобраза: “Алаіза Пашкевіч” (1978), “Еўфрасіння Полацкая” ( 1980), “Цішка Гартны” (1983), “Ларыса Геніюш” (1984). Сярод найлепшых партрэтаў – “Партрэт Леаніда Шчамялёва” (1986). З неменшым захапленнем мастак пісаў нацюрморты. Тут яму цяжка было спаборнічаць з класікам жанру Валянцінай Міхайлаўнай Свентахоўскай, сваёй жонкай. Яго карціны “Лілеі” (1991), “Астры” (1995), “Бэз” (1999) – ветлівы паклон творцы хараству прыроды. Галоўнай і значнай у творчасці Пятра Уладзіміравіча, да самага канца яго жыцця, заставалася тэма вайны. Подзвігу невядомага салдата прысвечаны апошні яго твор.

За дасягненні ў выяўленчым мастацтве і шматгадовую паспяховую педагагічную дзейнасць мастак быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі (2001), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2005). Творы П. Свентахоўскага знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея і Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, у фондах Беларускага саюза мастакоў і Музея Вялікай Айчыннай вайны.

Пётр Уладзіміравіч Свентахоўскі памёр 27 чэрвеня 2006 года.

Пры жыцці ў яго была толькі адна персанальная выстава. 18 красавіка 2007 года ў мінскім Палацы мастацтва адбылася прэзентацыя другой выстаўкі “Роднае” – твораў мастака, які пакінуў ў мастацтве значны след і багатую творчую спадчыну. На яе прэзентацыі выступілі вучні Пятра Уладзіміравіча, сябры, калегі, сабраныя Валянцінай Міхайлаўнай.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Камянецкай цэнтральнай

 раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса

 Мікалаеўна, гал. бібліёграф

 

1.     Свентоховский Пётр Владимирович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 581.

2.     Свентахоўскі Пётр Уладзіміравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 250.

3.     Свентахоўскі Пётр Уладзіміравіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 490.

4.     Свентахоўскі Пётр Уладзіміравіч / Г. А. Фатыхава // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 674.

5.     Фатыхава, Г. Свентахоўскі Пётр Уладзіміравіч / Г. Фатыхава // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Камянецкага раёна. Мінск, 1997. С. 512.

6.     Гаранская, Т. Героіка і лірыка: арыенціры творчасці Пётры Свентахоўскага / Таццяна Гаранская // Мастацтва. 2011. № 12. С. 38–41.

7.     Фатыхава, Г. Ён слухаў – і працаваў : [пра пасмяротную выставу твораў П. Свентахоўскага] / Галіна Фатыхава // ЛіМ. 2007. 19 кастр. (№ 42). С. 16.

8.     Шаранговіч, Н. Крок да абагульненя : [пра мастака П. Свентахоўскага] / Наталля Шаранговіч // Мастацтва. 2007. № 7. С. 30–31.

9.     Шаранговіч, Н. Вайна і мір Пётры Свентахоўскага / Наталля Шаранговіч // Культура. 2007. 5–11 мая (№ 18). С. 7.

10.                       Дошчык, Д. Наш зямляк – лаўрэат прэміі Прэзідэнта : [Пётр Свентахоўскі, дацэнт кафедры малюнка Беларускай акадэміі мастацтваў] / Дзмітрый Дошчык // Навіны Камянеччыны. 2001. 7 лют.

11.                       Свентахоўская Валянціна Міхайлаўна // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыклапедычным даведнік. Мінск, 1998. С. 489.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 675 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 12:01