Аўторак, 13 Май 2014 12:52

14 сакавіка 2014 г. – 40 гадоў з часу ўводу ў эксплуатацыю (1974) Баранавіцкага завода аўтаматычных ліній, рэспубліканскага ўнітарнага прамысловага прадпрыемства Беларускай чыгункі

Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній – адзін з буйнейшых станкабудаўнічых заводаў СНД і Еўропы.

На баранавіцкіх агрэгатных станках і аўтаматычных лініях і сёння выпускаюцца дызельныя рухавікі, кар’ерныя самазвалы, грузавікі, трактары, корма- і зернеўборачныя камбайны, легкавыя аўтамабілі, без якіх немагчыма ўявіць эканоміку Беларусі і многіх іншых краін. Аб высокім інжынерна-тэхнічным узроўні абсталявання баранавіцкай маркі гаворыць і тое, што яно ў савецкія часы пазначалася знакам якасці, шэраг узораў быў асвоены калектывам упершыню ў свеце.

Будаўніцтва завода пачалося 14 студзеня 1971 года. На тэрыторыі ў 37 га, перададзенай ад калгаса імя Мічурына Баранавіцкага раёна, неабходна было пабудаваць завод прынцыпова новых тэхналогій, аналагаў якому ў Савецкім Саюзе практычна не было. Тэхнічны праект на будаўніцтва быў распрацаваны на аснове пастановы Савета Міністраў СССР ад 17 верасня 1969 года № 755 і загада Міністра станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці СССР ад 15 кастрычніка 1969 года № 287.

Згодна з загадам галоўнага інжынера Галоўстанкпрома № 5 ад 26 студзеня 1971 года 1 лютага да выканання абавязкаў дырэктара Баранавіцкага філіяла Мінскага завода аўтаматычных ліній прыступіў Пётр Фаміч Каролік (1931–1997). Ён кіраваў прадпрыемствам 22 гады: з лютага 1971 года па люты 1993 года. П. Ф. Каролік усе свае веды, вопыт і сілы аддаваў заводу. Пачаўшы яго будаўніцтва з закладкі першага камня ў фундамент, ён пазней сфарміраваў працаздольны і кваліфікаваны калектыў для выканання пастаўленых перад заводам задач. Шмат было зроблена ім для вырашэння сацыяльных пытанняў. Адначасова з будаўніцтвам завода ўзводзіўся мікрараён “Паўночны” г. Баранавічы, дзе болей за 2000 кватэр атрымалі работнікі завода, будаваліся дзіцячыя сады, інтэрнаты. П. Ф. Каролік узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвогага Сцяга, ордэнам Дружбы народаў, “Знакам Пашаны”, медалём “За доблесную працу, Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР. У памяць першага дырэктара завода названа адна з вуліц г. Баранавічы.

З мэтай своечасовага забеспячэння тэхнічнай дакументацыяй для вырабу аўтаматычных ліній, агрэгатных і спецыяльных станкоў загадам міністра станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці СССР ад 3 жніўня 1972 года № 226 утвораны Баранавіцкі філіял Мінскага спецыяльнага канструктарскага бюро аўтаматычных ліній.

30 жніўня 1974 года Дзяржаўная прыёмачная камісія, прызначаная загадам Міністэрства станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці СССР, прыняла ў эксплуатацыю закончаныя будаўнічыя аб’екты пускавога комплексу № 1, 15 студзеня наступнага года – комплекса № 2, 30 снежня 1975 года – комплекса № 3. Такім чынам, будаўніцтва было паспяхова завершана.

З уводам у строй асноўных вытворчых магутнасцей калектыў завода прыступіў да выпуску прадукцыі. 16 красавіка 1974 года была выраблена першая дэталь да агрэгатных станкоў. Першыя дэталі зборшчыкам былі адпраўлены ў снежні 1974 года. А ўжо ў студзені наступнага года былі выраблены першыя агрэгатныя станкі для Алтайскага завода “Алтайсельмаш”. Завод пачаў шлях у самастойнае жыццё.

З 7 чэрвеня 1979 года загадам № 315 міністра станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці СССР “Об изменении наименования Барановичского завода автоматичесикх линий (филиала Минского завода автоматических линий)” завод пачаў называцца “Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній”.

У красавіку 1988 года загадам міністра станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці СССР № 160 Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній быў перайменаваны ў Баранавіцкае вытворчае аб’яднанне па выпуску аўтаматычных ліній.

Пастановай Савета Міністраў СССР № 16 ад 9 студзеня 1991 года “Об акционерных формах хозяйствования в станкостроительной инструментальной промышленности” і на падставе пісьма міністра станкабудаўніцтва было зацверджана Дзяржаўнае акцыянернае аб’яднанне станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці (ДАТ «СТАНКАІНСТРУМЕНТ»), куды і ўвайшоў Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній. Праз шэсць месяцаў загадам міністра станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці СССР створана Навукова-вытворчае аб’яднанне па распрацоўцы і выпуску аўтаматычных ліній і спецыяльных станкоў НВА «СТАНКАЛІНІЯ».

У сувязі з распадам СССР і абвяшчэннем незалежнасці Рэспублікі Беларусь, згодна рашэнню гарвыканкама за № 1006 ад 31 снежня 1991 года завод атрымаў статус самастойнай юрыдычнай асобы, які быў зацверджаны распараджэннем Камітэта РБ па прамысловасці і міжгаліновым вытворчасцям. З лютага 1992 года загадам Дзяржаўнага камітэта РБ Баранавіцкі завод замацаваны за Упраўленнем развіцця машынабудавання і металургіі Міністэрства прамысловасці. У жніўні 2001 года Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній з падпарадкавання Міністэрства прамысловасці рэспублікі перайшоў у склад Беларускай чыгункі.

Згодна з загадам Дзяржаўнага камітэта па маёмасці РБ ад 29 кастрычніка 2010 года № 425 рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній» (РУВП «БЗАЛ») ператворана ў адкрытае акцыянернае таварыства «Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній» (ААТ «БЗАЛ»).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая. Кіпель Надзея Мікалаеўна,бібліятэкар ІІ кат. чытальнай залы літаратуры па краязнаўству, Серафімовіч Ірына Сяргееўна, гал. бібліёграф аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

 

1.  Барановичский завод автоматических линий // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1. С. 4142.

2.  Барановичский завод автоматических линий // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 194–195.

3.  Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 2. С. 294.

4.  Барановичский завод автоматических линий = Baranovichyautomaticlinesfactory. Барановичи, [б. г.]. 19 л.

5.     Трудовой путь длиною в 30 лет : справочное издание / сост. В. С. Гаврильчик [и др.]. Барановичи, 2004. 29 с.

6.     Яковлев, В. Традиции, проверенные временем :  [40-летний юбилей завода] / Владимир Яковлев // Советская Белоруссия. 2014. 13 марта. С. 7.

7.     Белюк, В. М. Чтоб в технику душу вдохнуть : [об истории и сегодняшнем дне завода автоматических линий рассказывает генеральный директор] / Владимир Михайлович Белюк ; [беседовала] Светлана Гиль // Наш край (Барановичи). 2014. 12 марта. С. 5.

8.     Волков, С. Доктор для вагонов : [о ремонте железнодорожных цистерн на заводе автоматических линий] / Сергей Волков // Заря. 2011. 28 июля. С. 2.

9.     Затоковенко, С. Любил людей... : [Королик Пётр Фомич – первый директор завода автоматических линий. К 80-летию со дня рождения] / Cветлана Затоковенко // Наш край (Барановичи). 2011. 12 июля. C. 1.

10.              Гиль, С. Привычка к труду благородная : [о заготовительном цехе завода автоматических линий Белорусской железной дороги] / Светлана Гиль //  Наш край (Барановичи). 2009. 26 сент. C. 2.

11.              Строцкая, Г. Новые рабочие места готов создать Барановичский завод автоматических линий / Галина Строцкая // Беларускi час. 2009. 27 февр. – 5 марта. С. 27.

12.              Затоковенко, С. Умнее автоматов – только люди : [о заводе автоматических линий] / Cветлана Затоковенко // Наш край (Барановичи). 2006. 23 сент. С. 1, 5.

13.              Сушко, Р. «Я – не герой», – говорил о себе Королик и отходил в сторону… / Раиса Сушко // Наш край (Барановичи). 2006. 11 июля. С. 2.

14.              Гиль, С. Та проходная, что в люди вывела меня… : [30-летний юбилей завода] / Светлана Гиль // Наш край (Барановичи). 2004. 13 мая. С. 2.

15.              Шубич, М. Повторение пройденного : [о возобновлении деятельности по выпуску основной продукции завода – автоматических линий] / Михаил Шубич // Наш край (Барановичи). 2004. 26 февр. С. 12.

16.              Барановичский завод автоматических линий : http://www.bzal.by/ru/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1376 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 14:49