Чацвер, 10 Ліпень 2014 11:34

26 ліпеня 2014 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Пятра Іванавіча Пачанчука (1954–1991), спартсмена, рэкардсмена свету і Еўропы, сярэбранага прызёра ХХII Алімпійскіх гульняў па спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі 20 км (1980, Масква)

Пётр Іванавіч Пачанчук нарадзіўся 26 ліпеня 1954 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Ляхаўцы (па іншых звестках у вёсцы Отчын) Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Яшчэ школьнікам Пётр шмат увагі надаваў спорту. Трэніраваўся ў Маларыцкай дзіцячай спартыўнай школе пад кіраўніцтвам Васіля Дзмітрыевіча Хапаля.

Пасля школы ў 1971 годзе паступіў у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры, дзе стаў займацца ў заслужанага трэнера БССР Барыса Рыгоравіча Драздова. У 1973 годзе Пётр Пачанчук паступіў на гістарычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (з 1 мая 1978 г. – дзяржаўны ўніверсітэт), які паспяхова закончыў у 1978 годзе. У інстытуце працягваў спецыялізавацца па спартыўнай хадзьбе, на вучобу і спорт у яго часу хапала. Выканаў нарматыў майстра спорту і атрымаў званне “Майстар спорту СССР міжнароднага класа” (1975). У групе Б. Р. Драздова, акрамя П. Пачанчука, займаліся яшчэ два “міжнароднікі” – Мікалай Матвееў і Анатоль Емяльяненка, побач займаліся больш маладыя хадакі: Іван Бодак, Пётр Кахновіч, Антон Гурнач. Пётр Пачанчук быў “чэмпіёнам па трэніроўках”. Выкладваўся цалкам, у дзень кіламетраў 60 праходзіў: раніцаў – 15, днём – 30, вечарам яшчэ 15. І ўсё на поўную моц. У дождж, у вецер, у спякоту.

Пасля ўніверсітэта ў Пятра Пачанчука была служба ў Савецкай Арміі, дзе застаўся лейтэнантам. Адначасова са службай – член зборнай СССР (1977–1984). Спартсмен аб’ехаў увесь свет: тройчы наведаў Мексіку, двойчы – Іспанію, выступаў на спаборніцтвах у ЗША, Японіі, Канадзе, Швецыі, Фінляндыі, Англіі, ФРГ, дзесяткі разоў у сацыялістычных краінах.

У 1989 годзе закончыў двухгадовую Вышэйшую школу трэнераў у Маскве і вярнуўся ў Гродна. Месцам працы трэнера-выкладчыка вышэйшай катэгорыі стала кафедра фізічнага выхавання, а пазней кафедра тэорыі і методыкі фізічнай культуры Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Пётр Іванавіч марыў закончыць аспірантуру, выкладаць свой багаты вопыт студэнтам, вучыць дзяцей. Ён казаў: “Я не ведаю, што такое “не магу”, не люблю хлюпікаў. Трэба – значыць трэба. Вельмі важна валодаць сваім арганізмам. Але стопрацэнтная гатоўнасць таксама для спартсмена кепска, лепш дзесці на 97–98 працэнтаў. Інакш можна сарвацца і апынуцца на грані вар’яцтва. Я таксама не аднойчы адчуваў дыскамфорт: спіш, а ва сне ногі самі бягуць. Але гэта ўжо выдаткі падрыхтоўкі. Сваіх вучняў пастараюся ўберагчы ад такіх памылак…”.

Пётр Пачанчук – сярэбраны прызёр ХХII Алімпійскіх гульняў (1980, Масква) на дыстанцыі 20 км. Сярэбраны прызёр Кубка свету (1979, г. Эшбор. Германія). Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1978, Прага). Пераможца матчаў юніёрскіх зборных СССР – ЗША (1973), СССР – Польшча (1973). Уладальнік Кубка СССР (1980) у хадзьбе на 30 км, шматразовы ўладальнік Кубка Беларусі. Неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў СССР, пераможца і прызёр першынстваў Узброеных Сіл СССР. Рэкардсмен свету на дыстанцыі 10 км – 40.37.0 (1977). Лепшы вынік у хадзьбе на 20 км 1:20.28,0. Рэкардсмен Еўропы на дыстанцыі 30 км – 2.16.00,5 (1979).

Пётр Іванавіч быў душой кампаніі: на пляцоўцы стадыёна, дзе па чацвяргах з сябрамі рэзаўся ў футбол; у лазні, дзе майстэрскі запраўляў бярозавым венікам; на вуліцы, дзе мог першым падысці да знаёмага і пагаварыць аб набалелым. Меў мягкі і пакладзісты характар. Ён быў даверлівым чалавекам і мог бясконца нагружацца працай.

Пётр Іванавіч Пачанчук трагічна загінуў 1 снежня 1991 года. Пахаваны на гарадскіх могілках у г. Гродна.

Беларускай федэрацыяй па лёгкай атлетыцы з 1992 года ў Гродна праводзяцца штогадовыя мемарыялы Пятра Пачанчука па спартыўнай хадзьбе. Апошнія па часе спаборніцтвы – ХХІІ Міжнародны мемарыял памяці П. І. Пачанчука – адбыліся 5 кастрычніка 2013 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 годзе Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кучына Галіна Уладзіміраўна,

заг. аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

1.     Петр Иванович Поченчук // Брестчина олимпийская / А. М. Суворов. Брест : ОАО «Брестская типография», 2009. С. 20.

2.     Петр Иванович Поченчук // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 233.

3.     Петр Иванович Поченчук // Спортивная энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.].Минск : БелЭн, 2005. С. 344–345.

4.     Петр Иванович Поченчук // Олимпийская страна Беларусь / сост. П. П. Рябухин. Минск, 2004. С. 78.

5.     Петр Иванович Поченчук // Фізкультура і спорт Беларусі / В. І. Анікін, В. С. Аносаў, М. Я. Бабец і інш. Мінск : Беларуская савецкая энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1982. С. 93. (Энцыкл. бібліятэка “Беларусь”).

6.     Абрамович, В. Скороход из Гродно : [о Петре Ивановиче Поченчуке (19541991), бел. спортсмене, инструкторе по спорту Гродненскогооблспорткомитета, серебряном призёре ХХII Олимпийских игр (1980) по спортивной ходьбе] / Владимир Абрамович // Рэспубліка. 2013. 18 янв. С. 9.

7.     У Брэсце закладзена алея Алімпійскай славы : [на закладцы алеі Алімпійскай славы прысутнічалі і ўдзельнічалі ўдава сярэбранага прызёра Алімпіяды-80 маларыцкага легкаатлета П. І. Пачанчука Ала Пачанчук і яго трэнер Васіль Хапаль] // Голас часу (Маларыта). 2011. 12 лістап. C. 8.

8.     Германюк, М. Ф. Былое і сенняшнее маларыцкага спорту / Мікалай Фёдаравіч Германюк // Голас часу (Маларыта). 1995. 12 жн.

9.     Філатаў, Л. Зямля родная, зямля спартыўная : нарыс б спартыўным жыцці Маларытчыны] / Л. Філатаў // Сельскае жыццё (Маларыта). 1983. 3 верас.

10.                       Лемяшонак, А. Дарога на п’едэстал : [нарыс пра П. Пачанчука] / Анатоль Лемяшонак ; фота Д. Церахава // Маладосць. 1982. № 4. С. 171–175.

11.                       Юхімук, Н. Дыстанцыі салёны смак : б жыцці і дзейнасці ўдзельніка Маскоўскай Алімпіяды П. Пачанчука] / Н. Юхімук // Сельскае жыццё (Маларыта). 1980. 7 кастр.

12. Починчук Петр Иванович / Олимпийская слава Брестчины. – http://www.sportbrest.by/olimpiiskaya-slava-brestchiny/pochenchuk-petr

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1647 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 12:53