Аўторак, 19 Жнівень 2014 11:51

2 мая 2014 г. – 80 гадоў з дня нараджэння Аляксея Кузьміча Гардзіцкага (1934–1999), крытыка, літаратуразнаўца

Аляксей Кузьміч Гардзіцкі нарадзіўся 2 мая 1934 года ў вёсцы Пугачова (цяпер у межах горада Брэста) Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

Як раз у 1941 годзе павiнен быў пайсцi ў першы клас, але пачалася вайна. Невыпадгова яго пакаленне называюць абпаленым вайной.

У 1952 годзе Аляксей Кузьміч скончыў сярэднюю школу № 7 г. Брэста і паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна.

Пасля заканчэння ВНУ ў 1956 годзе ён працаваў завучам Мікашэвіцкага дзіцячага дома Ленінскага (цяпер Лунінецкага) раёна. Адначасова выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Мікашэвіцкай сярэдняй школе рабочай моладзі. Вясной 1957 года А. К. Гардзіцкі быў абраны другім сакратаром Ленінскага райкама ЛКСМ Беларусі. На пачатку 1959 года перайшоў працаваць у рэдакцыю раённай газеты «Ленінская праўда». У 1959–1962 гадах – аспірант Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, а з 1962 па 1966 гады працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. Затым Аляксей Кузьміч становіцца старшым рэдактарам Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку, з 1972 года – літаратурным кансультантам па ўзаемасувязях літаратур Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Першая публікацыя Аляксея Гардзіцкага з’явілася ў 1953 годзе ў брэсцкай абласной газеце «Заря», калі літаратурным аб’яднаннем пры её працаваў паэт Мікола Засім, які зрабіў на пачынаючага літаратара вялікі ўплыў. У 1959 годзе ўпершыню А. Гардзіцкі выступіў у рэспубліканскім друку – апублікаваў у часопісе «Маладосць» рэцэнзію на зборнік вершаў Уладзіміра Нядзведскага «Вясновыя барозны».

У 1968 годзе выйшла першая кніга Аляксея Гардзіцкага – «Дыялогі». У кнізе ён даследуе праблемы сучаснай беларускай літаратуры і яе ўзаемасувязі з літаратурамі іншых народаў. Кніга «Дыялогі» Алексея Гардзіцкага – даволі рэдкі ў беларускай практыцы вопыт жывой, змястоўнай, насычанай багатым фактычным матэрыялам размовы крытыка і пісьменніка, у ходзе якой высвятляюцца важныя пытанні псіхалогіі мастацкай творчасці, пісьменніцкага майстэрства, творчай гісторыі многіх прыкметных з’яў сучаснай айчыннай і замежных літаратур. І далей Аляксей Кузьміч найчасцей выступае ў жанры дыялогу-інтэрв’ю. Ён выдаў шэраг кніг, змест якіх складаюць інтэрв’ю з вядомымі пісьменнікамі. Вядомы як складальнік зборнікаў твораў беларускіх пісьменнікаў, якія выдаваліся за мяжой. З 1970 года – член Саюза пісьменнікаў СССР.

Таксама А. К. Гардзіцкі выступаў і ў жанры малой прозы: празаічных мініяцюр і літаратурных эцюдаў. Аўтар літаратуразнаўчых даследаванняў: «Пра майстэрства дэталі» (1969), «Творчасць Івана Шамякіна» (1971); складальнік бібліяграфічных даведнікаў: «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» (1981), «Беларускія пісьменнікі (1917–1999)» (1994). Пра надзённыя літаратурныя клопаты і праблемы майстэрства ён паведаміў у сваіх кнігах «Вачыма сяброў» (1977), «Сябрына» (1986), «Гутаркі» (1988) і інш.

Аляксей Кузьміч Гардзіцкі пасля цяжкай хваробы памёр 24 жніўня 1999 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

Творы і працы А. Гардзіцкага

1.     Дыялогі / Аляксей Гардзіцкі. Мінск : Беларусь, 1968. 128 с.

2.     Пра майстрэства дэталі / Аляксей Гардзіцкі. Мінск : Навука і тэхніка, 1969. 70 с.

3.     Сустрэчы / Аляксей Гардзіцкі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1972. 103 с. ; 6 л. іл.

4.     Вачыма сяброў : гутаркі пра літаратуру / Аляксей Гардзіцкі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. 160 с. ; 16 с. укл.

5.     Пісьменнікі Савецкай Беларусі : кароткі даведнік / склад. А. Гардзіцкі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. 407 с.

6.     Гутаркі : інтэрв’ю, дыялогі пра літаратуру / Аляксей Гардзіцкі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. 239 с.

7.     Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. Гардзіцкі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. 653 с., іл.

8.     Встречи / Алексей Гордицкий // Нёман. 1998. № 9. С. 143–150.

9.     Жыццёвае / Аляксей Гардзіцкі // Полымя. 1998. № 3. С. 98–126.

10.                       Бываліцы / Аляксей Гардзіцкі // ЛіМ. 1997. 24 кастр. С. 16.

11.                       Вакол Парнаса : літаратурныя запісы і жарты / Аляксей Гардзіцкі // Полымя. 1996. № 5. С. 144–165.

12.                       Гэтыя пісьменнікі / Аляксей Гардзіцкі // Крыніца. 1995. № 6 (11). С. 109–111.

 

Аб жыцці і дзейнасці А. Гардзіцкага

1.     Аляксей Гардзіцкі // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 26–28.

2.     Гардзіцкі Аляксей Кузьміч // Памяць. Брэст : гісторыка-дакументальная хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 651.

3.     Гардзіцкі Аляксей Кузьміч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 59.

4.     Гардзіцкі Аляксей // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск. 1993. Т. 2. С. 123–125.

5.     Гардзіцкі Аляксей Кузьміч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 6 т. Мінск. 1985. Т. 2. С. 46.

6.     Аляксей Гардзіцкі : [некралог] // ЛiМ. 1999. 27 жн. С. 15.

7.     Зразумець як сваё… : Аляксею Гардзіцкаму – 65 // ЛiМ. 1999. 30 крас. С. 12.

8.     Майсейчык, А. У сугуччы родных галасоў : [да юбілею А. Гардзіцкага] / Аляксей Майсейчык // Народная трыбуна. 1994. 30 крас. (№ 18). С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 719 разоў Апошняя змена Чацвер, 02 Красавік 2020 10:54