Аўторак, 19 Жнівень 2014 12:14

2014 г. – 60 гадоў з дня нараджэння (1954 - ?) Алеся (Аляксандра Пятровіча) Шаўцова, пісьменніка

Нарадзіўся Аляксандр Пятровіч Шаўцоў у 1954 годзе ў горадзе Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Маці яго была гарадчанка, а бацька, Шаўцоў Пятро Захаравіч, літаратуразнавец, вядомы даследчык паэмы “Энеіда навыварат”, аўтар кнігі “Спрадвечнае” (1973) аб гэтым творы.

Першыя творы маладога – пятнаццацігадовага – аўтара з’явіліся ў друку ў 1969 годзе. Вострыя, зладзённыя і вясёлыя, яны прыцягвалі ўвагу чытачоў рэспубліканскіх і саюзных газет і часопісаў. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. Вучоба не шкодзіла маладому творцу, а наадварот: студэнцкае жыццё давала добры матэрыял для з’яўлення новых і новых апавяданняў, замалёвак, мініяцюр.

У 1981 годзе Алесь Шаўцоў падрыхтаваў да выдання першую кнігу сваёй прозы, пад вокладкай якой змясціў трыццаць дзевяць твораў. Прадмова да кнігі была напісана народным пісьменнікам Беларусі Іванам Шамякіным, які вельмі высока ацаніў як творы, так і талент маладога мастака слова. Асаблівую цікавасць выклікае цыкл апавяданняў «Как я боролся с гриппом...», які даў назву ўсёй кнізе. Ён напісаны ад імя першай асобы, што надае яму асаблівую лірычнасць, шчырасць. Частка апавяданняў кнігі напісана Алесем Шаўцовым з гумарыстычным і нават сатырычным падтэкстам. Аўтар дасціпна смяецца з тых герояў, якія трапілі ў камічныя сітуацыі («Средство похудеть», «Телефон», «Именины»), іранізуе з лайдакоў, злодзеяў, людзей нахабных і зайздросных («Рацпредложение», «Копейка», «Я у телефона»). Як піша І. Шамякін, Алесь Шаўцоў «любіць людзей і, раскрываючы іх слабасці, смяецца з адной мэтай: вылечыць будучых чытачоў ад некаторых маральных “хвароб”».

Алесь Шаўцоў праявіў сябе як майстра кароткай эпічнай формы. У 80-я гады ў беларускай літаратуры творы-мініяцюры былі вельмі папулярнымі. Абразкі, эцюды, замалёўкі, камічныя апісанні, жарты можна знайсці ў творчасці многіх мастакоў слова. Гэтыя жанры даюць магчымасць канцэнтравана выкласці аўтару сваю задуму, аператыўна перадаць заўважаны ў жыцці цікавы выпадак.

Некаторыя мініяцюры Алеся Шаўцова нагадваюць байкі ў прозе: у іх прысутнічае сюжэтная частка і мараль – выснова ўсіх аўтарскіх разважанняў. Пісьменнік выкарыстоўвае для перадачы ідэйнага зместу традыцыйныя для еўрапейскай байкі алегарычныя вобразы з уласцівымі для іх маральнымі і інтэлектуальнымі якасцямі.

Кніга «Як я змагаўся з грыпам...» сведчыць аб вялікім творчым патэнцыяле аўтара, які, на жаль, не рэалізаваўся поўнасцю ў будучай мастакоўскай дзейнасці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Трапец В. Ю., гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы А. Шаўцова

1.     Шевцов, А. Как я боролся с гриппом… : рассказы и юморески / Алесь Шевцов. Минск : Мастацкая літаратура, 1981. 159 с. (Первая книга прозаика).

 

Аб жыцці і творчасці А. Шаўцова

1.     Алесь Шаўцоў // Літаратурная карта Берасцейшчыны. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. С. 509–511.

2.     Шамякин, И. В добрый час! / Иван Шамякин // Шевцов, А. Как я боролся с гриппом… / Алесь Шевцов. Минск, 1981. С. 3–4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1685 разоў Апошняя змена Аўторак, 18 Май 2021 15:18