Ужо ў пяць год Алесь добра чытаў. Пачатковую адукацыю атрымаў у Вызненскім народным вучылішчы, пасля яго заканчэння паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. 3 1884 года Аляксандр Сержпутоўскі настаўнічаў у народных вучылішчах на Мазыршчыне і Случчыне. Выкладчыцкую дзейнасць сумяшчаў са збіральніцтвам этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў: запісваў купальскія і вясельныя абрады, песні, казкі, паданні. У 1891 годзе на старонках «Минских губернских ведомостей» з’явіўся першы нарыс А. К. Сержпутоўскага «Голос из глуши», у якім аўтар пазнаёміў чытачоў з жыццём сялян вёскі Лучыцы, іх бытам, заняткамі і традыцыямі. За час настаўніцтва было надрукавана ў гэтай газеце звыш 20 публікацый.
У 1893 годзе А. К. Сержпутоўскі пераехаў у Мінск, дзе працаваў пісарам у аддзяленні сялянскага пазямельнага банка, пазней у Мінскім паштова-тэлеграфным ведамстве. У 1896 годзе пераехаў у Санкт-Пецярбург, стаў супрацоўнікам паштамта. Работу сумяшчаў з вучобай у Санкт-Пецярбургскім археалагічным інстытуце і на вышэйшых юрыдычных курсах.
У 1904 годзе скончыў інстытут і праз два гады ўладкаваўся на працу ў этнаграфічны аддзел Рускага музея. Менавіта ў гэты час вучоны пачаў наладжваць экспедыцыі ў Беларускае Палессе і сам удзельнічаў у іх. Аляксандр Казіміравіч быў чалавек кампанейскі, падыходлівы да людзей, па слова ў кішэню не лез і пры неабходнасці таксама мог “збаяць” нейкую вясёлую гісторыю ці прыгоду, якая спадабалася б недаверліваму палешуку.
Вынікі паездак абагульніў у нарысе «Беларусы-палешукі» (1908, рукапіс) і працах «Очерки Белоруссии» (1907–1909), «Земледельческие орудия Белорусского Полесья» (1910), «Бортничество в Белоруссии» (1914) і інш. Выдаў зборнікі «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» (1911) і «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926), дзе поўнасцю захаваў асаблівасці мовы апавядальнікаў. Яны сталі каштоўнай крыніцай для вывучэння беларускіх гаворак. У 1930 годзе А. К. Сержпутоўскі апублікаваў «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў». За «Зборнік беларускіх прыказак і прымавак» (1908, рукапіс, збераглася толькі яго частка) вучоны атрымаў малы залаты медаль Аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства.
Вывучаючы і збіраючы фальклор, А. К. Сержпутоўскі не абмінуў увагай песню, у якой бачыў адлюстраванне духоўнага жыцця беларусаў. 3 сабранага найбольш цікавымі з’яўляюцца каляндарна-абрадавыя песні – калядныя, валачобныя, жніўныя і інш. Вучоны сцвярджаў, што абрадавыя творы трэба вывучаць у цеснай сувязі з асяроддзем, дзе яны бытуюць. Таму тэксты песень дапаўняў апісаннямі рытуалаў, якія іх суправаджалі. Захаваўся рукапісны зборнік «Беларускія песні», дзе змешчаны 53 творы, запісаныя ў канцы 1890-х гадоў у Мазырскім павеце. Вялікую каштоўнасць уяўляюць песні траецкія (русальныя) і талочныя, якія дапамагаюць пазнаёміцца з абрадамі і звычаямі беларуса-палешука.
Значны ўклад унёс А. К. Сержпутоўскі ў беларускае мовазнаўства. Ён вывучаў дыялекты («Грамматический очерк белорусского наречия дер. Чудина Слуцкого уезда Минской губернии», 1911), падрыхтаваў да друку «Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы» (1919, не захаваўся). У 1926 годзе ўдзельнічаў ў рабоце акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Пераклаў некаторыя творы Тараса Шаўчэнкі (апублікаваны ў 1918 г. у часопісе «Чырвоны шлях»). Тут жа былі надрукаваны артыкулы пра станаўленне беларускай народнасці, паходжанне і сутнасць рэлігіі, а таксама серыя публіцыстычных нарысаў.
Па даручэнні Рускага геаграфічнага таварыства вучоны склаў беларускую частку этнаграфічнай карты Расіі, якая была ўдастоена малога залатога медаля. Ён чытаў курс лекцый «Беларусь і яе насельніцтва» ў нядзельным рабочым універсітэце, выкладаў у беларускай школе ў Петраградзе, з’яўляўся правадзейным членам Інбелкульта (1925). Вучоны адным з першых пачаў адстойваць неабходнасць стварэння ў складзе этнаграфічнага аддзела Рускага музея самастойнага беларускага аддзялення, якое і было адкрыта 24 мая 1931 года. Аляксандр Казіміравіч распрацаваў планы перасовачных выставак «Беларусы», «Украіна», «Беларусы і БССР», адбіраў беларускія экспанаты для міжнароднай этнаграфічнай выстаўкі (адбылася ў 1939 г. у Ліверпулі).
Шырокае кола навуковых інтарэсаў, актыўная грамадзянская і жыццёвая пазіцыя А. К. Сержпутоўскага дазволілі яму заняць пачэснае месца сярод выдатных беларусазнаўцаў. Навуковыя працы, кнігі, шматлікія архіўныя матэрыялы вучонага і сёння прыцягваюць увагу фалькларыстаў, літаратараў, гісторыкаў, а таксама шырокай чытацкай аўдыторыі. Дарэвалюцыйныя выданні А. К. Сержпутоўскага сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Яго рукапісная спадчына захоўваецца ў Расійскім этнаграфічным музеі, Пушкінскім Доме, Дзяржаўным Рускім музеі, Расійскай акадэміі навук (усе ўстановы – у Санкт-Пецярбургу), Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі памёр ад сардэчнага прыступу 5 сакавіка 1940 года ў г. Ленінградзе.
У лясной глухамані Палесся знікаюць апошнія сляды і прыкметы сядзібы Сержпутоўскіх. На ўзлеску ў 2003 годзе ўстаноўлены памятны знак: “Тут з 1864 па 1885 гады жыў Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі, знакаміты беларускі этнограф і фалькларыст”. Яго імем названы вуліцы ў вёсках Чудзін і Пярэвалакі Ганцавіцкага раёна. Імя славутага земляка А. К. Сержпутоўскага ўвекавечана ў г. Ганцавічы на Алеі пісьменства (2011).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Творы А. К. Сержпутоўскага
1. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў / прадм. У. К. Касько ; маст. В. Р. Мішчанка. Мінск : Універсітэцкае, 1998. 301 с.
2. Казкіі апавяданні беларусаў Слуцкага павета / А. К. Сержпутоўскі ; прадмова У. К. Касько ; маст. В. Р. Мішчанка. Мінск : Універсітэцкае, 2000. 270 с. : іл. (Повязь вякоў).
3. Гняздоўе белых буслоў : казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў / А. К. Сержпутоўскі ; склад., прадм., літ. апрац. У. К. Касько. Мінск : Вышэйшая школа, 2010. 318 с. : іл.
4. Русальная нядзеля : прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў / А. К. Сержпутоўскі ; уступ. арт., паслясл., навук. рэд., літ. апрац. У. К. Касько. Мінск : Вышэйшая школа, 2009. 478 с.
5. Чароўны човен : казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета / А. К. Сержпутоўскі ; склад., прадм., навук. рэд., літ. апрац. У. К. Касько. Мінск : Вышэйшая школа, 2012. 446 с. : іл.
Аб жыцці і творчасці вучонага
1. Сержпутовский Александр Казимирович // Республика Беларусь : энциклопедня : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 645.
2. Аляксандр Сержпутоўскі (1864–1940) // Літаратурная карта Берасцейшчына / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 138–140.
3. Сержпутовский Александр Казимирович // Минская область : энциклопедия : в 2 т. Минск, 2007. Т. 2. С. 578.
4. Сержпутоўскі Аляксандр Казіміравіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2006. Т. 2. С. 516–517.
5. Сержпутоўскі Аляксандр Казіміравіч // Асветнікі зямлі беларускай, X – пачатак XX ст. : энцыкл. давед. 2-е выд. Мінск, 2006. С. 378.
6. Сержпутоўскі Аляксандр Казіміравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 350.
7. Сержпутоўскі Аляксандр Казіміравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 293–294.
8. Сержпутоўскі Аляксандр Казіміравіч // Памяць : гіст.-дак. хроніка Ганцавіцкага раёна / уклад. К. К. Мохар. Мінск, 1999. С. 410.
9. Сержпутоўскі Аляксандр // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад рэд. А. В. Мальдзіса. Мінск, 1995. Т. 5. С. 304–306.
10. Сержпутоўскі Аляксандр Казіміравіч // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. Мінск, 1994. С. 480–481.
11. Сержпутоўскі Аляксандр Казіміравіч // Этнаграфія Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1989. С. 459–460.
12. Касько, У. К. Святло далёкай зоркі / У. К. Касько. Мінск : Універсітэцкае, 1997. 318 с.
13. Рублевская, Л. И. Сказочник со Слутчины : Александр Сержпутовский (1864–1940) / Людмила Рублевская // Рифма ценою в жизнь : эссе по истории белорус. лит. / Людмила Рублевская. Минск, 2013. С. 66-70.
14. Штэйнер, I. Паэтычна-філасофскае вярхоўе нацыянальнай прозы : казачнік Іван Азёмша і «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» А. Сержпутоўскага / Іван Штэйнер // Роднае слова. 2011. № 9. С. 76–78.
15. Фалькларыст і этнограф з казачнага надлання. Наш знакаміты земляк Аляксандр Сержпутоўскі // Ганцаўшчына – край легенд і талентаў народных / аўтар тэксту В. К. Гардзей. Мінск, 2011. С. 98–101.
16. Шчаўкун, М. Духоўных скарбаў збіральнік : А. К. Сержпутоўскі / Марыя Шчаўкун // Савецкае палессе (Ганцавічы). 2010. 14 ліп. С. 2.
17. Бяляева, В. Жанравыя асаблівасці і тэматычны склад вусных апавяданняў у запісах Аляксандра Сержпутоўскага / Вікторыя Бяляева // Роднае слова. 2010. № 5. С. 108–110.
18. Кандраценя, Ю. Адкуль казка родам? : да 145-годдзя з дня нараджэння А. Сержпутоўскага / Юлія Кандраценя // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2009. 6 ліст. С. 2.
19. Губкіна, А. Сапраўдны чалавек сваёй зямлі : да 145-годдзя з дня нараджэння А. Сержпутоўскага / Алена Губкіна // Роднае слова. 2009. № 6. С. 39–41.
20. Гардзей, В. Выспа паляшуцкай мудрасці / Віктар Гардзей // Полымя. 2008. № 6. С. 154–159.
21. Касько, У. К. Палескі дзівасіл : беларус. нар. прыказкі, прымаўкі, выслоўі: са скарбніцы А. К. Сержпутоўскага / У. К. Касько. Мінск : Вышэйшая школа, 2005. 383 с.
22. Бандарчык, В. К. А. К. Сержпутоўскі / В. К. Бандарчык // Беларусы. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння / В. К. Бандарчык ; рэдкал. : В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. I. Лакотка ; НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. Мінск, 1999. С. 220–228.