Панядзелак, 04 Жнівень 2014 00:00

4 жніўня 2014 г. – 70 гадоў з часу заснавання (1944) ў г. Брэсце сярэдняй школы № 1 (з 1992 г. – гімназія № 1)

Брэсцкая сярэдняя школа № 1 пачала працаваць з 1 верасня 1940 года. Змяшчалася яна ў старым драўляным будынку па вул. Доўгай (цяпер Куйбышава). Першым дырэктарам школы быў Кандрацій Філімонавіч Макаеў. Ён загінуў пры вызваленні г. Гомеля ў 1943 годзе. Першая завуч школы – Зінаіда Сцяпанаўна Кавалёва. Пасля вайны яна працавала загадчыцай гарадскога аддзела народнай адукацыі, а таксама дырэктарам Брэсцкай СШ № 2.

У 1940 годзе ў Брэсце працавалі 25 розных школ, у якіх былі заняты 454 настаўнікі, навучаліся 12845 чалавек (дзяцей і дарослых). Быў адкрыты педагагічны кабінет, які ажыццяўляў дапамогу настаўнікам, забяспечваў іх метадычнай літаратурай, падручнікамі і іншымі матэрыяламі. Кадры для школ рыхтавала педагагічнае вучылішча. У 1941 годзе школьная сістэма ў горадзе была ўпарадкавана, дзейнічалі 18 школ, з іх сярэдніх 5. 

Напачатку сакавіка 1941 года сярэдняя школа № 1 пераехала ў двухпавярховы будынак. Тады ў школе было 10 класных пакояў. У час Вялікай Айчыннай вайны гэты будынак згарэў. 

Пасля вайны школа № 1 размяшчалася па вул. Савецкай, 78. Першым пасляваенным дырэктарамбыла Наталля Аляксееўна Канавалава,а завучам Пётр Васільевіч Дранько. У 1944–1945 гадах у ёй вучыліся 226 вучняў і працавалі 15 настаўнікаў. З 1945 па 1954 год дырэктарам школы быў Іван Сцяпанавіч Казлоў. Школа была беларускамоўнай. Будынак школы на вул. Карла Маркса, 27 быў адноўлены ў першапачатковым выглядзе ў сакавіку 1946 года. Матэрыяльная база брэсцкіх школ была вельмі беднай: не хапала крэслаў, шафаў, вучэбных дапаможнікаў, амаль адсутнічалі лабараторныя сталы. 

Першы выпуск 10-х класаў адбыўся ў 1948 годзе. Скончылі школу 13 чалавек, з іх медалём былі ўзнагароджаны два выпускнікі. Залатыя медалі атрымалі Галіцкі В. (будучы ваенны), Лугаўцова А. (будучы ўрач). 

На працягу 30-ці гадоў (з 1954 па 1984 гг.) дырэктарам школы працавала Ніна Георгіеўна Літвінава. У 1959 годзе карысная плошча памяшканняў школы пашырылася за кошт пабудовы трэцяга паверха. У 1975 годзе зроблена прыбудова разам з актавай залай, бібліятэкай, навучальнымі кабінетамі, спартыўнай залай. А ў 1982 годзе дабудавалі школьную сталовую. 

Выхаванне і адукацыя ва ўстанове былі на высокім узроўні. У 1967 годзе былі адкрыты класы з паглыбленым вывучэннем фізікі. Школа была двойчы ўдзельніцай ВДНГа, дзе атрымала залаты і срэбны медалі, неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі. 10 красавіка 1978 года школе было прысвоена імя Абаронцаў Брэсцкай крэпасці. 

З 1 верасня 1992 года на базе школы пачала працу гімназія № 1 г. Брэста. У горадзе з’явілася новая адукацыйная ўстанова з зусім асобай атмасферай.  Дарэктарам першай гімназіі стала Тамара Сцяпанаўна Ісаенка, якая ўзначальвала СШ № 1 з 1984 года. Педагагічны калектыў правёў вялікую працу, каб стварыць сапраўды адметную ўстанову. Выкладаліся 6 замежных моў (англійская, французская, нямецкая, іспанская, італьянская, польская). Былі ўрокі радыёэлектронікі, дамазнаўства, гісторыі рэлігіі, філасофіі, урокі танцаў, плавання, усходняй барацьбы, разьбы па дрэве. 

На працягу многіх гадоў пры школе працуе «Музей баявой і працоўнай славы», які быў адчынены ў 1969 годзе. За час яго існавання ў ім пабывала шмат людзей, у тым ліку Героі Савецкага Саюза: лётчык-касманаўт Пётр Клімук, лётчык Аляксей Марэс’еў. Пабывалі дэлегацыі Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, Германіі, В’етнама, Кубы, Чылі, Нарвегіі і інш. У 1980 годзе музею было прысвоена ганаровае званне «Народны». 18 мая 2002 года адбылося адкрыццё музея ў адноўленым памяшканні. Нязменным кіраўніком музея была Зінаіда Сяргееўна Жураўлёва. 

Сёння дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія № 1 г. Брэста” забяспечвае павышаны ўзровень вывучэння матэматыкі, фізікі, інфарматыкі, рускай і беларускай моў, хіміі і біялогіі, адчынены профільныя класы. У 2013 годзе гімназія № 1 была лідэрам па колькасці пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд у Брэсцкай вобласці. 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічным аддзелам

 

 1. Самойленка, С. С. Народная асвета / С. С. Самойленка // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка г. Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 1. С. 321–323. 

2. Крашаніннікава, М. Я. Развіццё народнай адукацыі / М. Я. Крашаніннікава // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка г. Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 526–534. 

3. Трибулева, Е. Увлекательные задачки жизни : [о Тамаре Степановне Исаенко, первом директоре гимназии № 1 г. Бреста] / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2010. 23 апр. С. 9. 

4. Рубашевский, Ю. Гимназия-именница : [о 15-летии гимназии № 1] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2007. 21 нояб. 

5. Грышкевіч, С. Брэсцкія гімназісты стварылі электронны падручнік / Сяргей Грышкевіч // Настаўніцкая газета. 2007. 14 красав. С. 16. 

6. Палюшик, О. «Полюс боли и мужества война очертила свинцом…» : [о музее боевой и трудовой славы гимназии № 1 г. Бреста] / Ольга Палюшик, Лидия Винцкевич // Брестский вестник. 2006. 15 июня. 

7. Корзун, А. «Белая рысь» и другие интеллектуалы : [научное общество гимназии № 1 стало лауреатом премии «Специального фонда президента РБ по социальной поддержке одарённых учащихся и студентов»] / Антон Корзун // Вечерний Брест. 2005. 28 янв. 

8. Вінцкевіч, Л. Сыны – іх гонар : [аб традыцыі гімназіі № 1 г. Брэста арганізоўваць сустрэчы з жанчынамі, дзецьмі якіх ганарацца бацькі, школа, краіна] / Лідзія Вінцкевіч // Народная трыбуна. 2005. 12 ліст. 

9. Хорошко, Н. Музей рассказывает и воспитывает : [о музее боевой и трудовой славы гимназии № 1 г. Бреста] / Николай Хорошко // Заря. 2003. 18 нояб. 

10. Пиленко, Д. Ученье – свет. И за него платят. : [о присуждении именных стипендий лучшим ученикам гимназии № 1] / Дарья Пиленко // Вечерний Брест. 2003. 15 окт. 

11. Суворов, А. Научные опыты с видом на завтра : Вполне успешно их поставили в первой гимназии г. Бреста / Александр Суворов // Вечерний Брест. 2000. 20 дек. 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1332 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 15:28