Панядзелак, 16 Чэрвень 2014 00:00

16 ліпеня 2014 г. – 50 гадоў з часу адкрыцця Брэсцкай фабрыкі сувеніраў (1964)

Вытворчасць сувеніраў у г. Брэсце пачалася яшчэ ў 1953 годзе, калі ў мэблевай арцелі “Стаханавец” стварылі цэх, дзе асвоілі і пачалі выпускаць распісныя цацкі – матрошкі. У 1960 годзе шляхам далучэння цацачнага цэху арцелі да цэху папяровай і ватнай цацкі была створана фабрыка дзіцячай цацкі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. У сувязі са значным павялічэннем асартыменту і аб’ёмаў выпуску вырабаў сувенірнага назначэння 16 ліпеня 1964 года фабрыка дзіцячай цацкі была пераўтворана ў Брэсцкую фабрыку сувеніраў. Былі ўзведзены будынкі фабрыкі на вул. Янкі Купалы, 5.

Да выпуску сувеніраў былі прыцягнуты творчыя людзі. З 1964 года Вера Ільінічна Гаўрылюк (1904–1986) працавала майстрам і мастаком па саломапляценні. Заснавала на фабрыцы промысел па вырабу мастацкіх рэчаў з саломы. Стварыла шэраг эталонаў дробнай пласткі і прадметаў утылітарна-дэкарацыйнага характару для масавага тыражыравання. Працавала ў розных тэхніках, спалучала салому з каляровымі ніткамі, дрэвам, бяростай, чаротам. Валодала таксама тэхнікай ўзорыстага ткацтва, вышывання і карункапляцення. Лаўрэат I Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных (1975–1977).

Разьбяр па дрэве Дзмітрый Паўлавіч Сакажынскі (1916–?) шмат працаваў у анімалістычным жанры: драўляныя скульптуры “Лось”, “Дзік”, “Зубр”, “Лань”, шахматы “Белавежская пушча” і інш.

У 1978 гадзе ў вёсцы Агова Іванаўскага раёна быў арганізаваны апорны пункт па рабоце з майстрамі-надомнікамі, якія выраблялі невялікія куфэркі, размаляваныя ў народных традыцыях. Першыя ўзоры агоўскіх куфэркаў стварылі Таццяна Міронаўна і Пётр Цярэнцьевіч Доўгеры. У г. Камянцы была асвоена разьба па дрэве і пляценне з саломкі. На фабрыцы працавалі разьбяры па дрэве А. Таруц і А. І. Вінярскі, майстары саломяпляцення Г. Шацкая і Т. Маносава, мастакі П. І. Доўгер, Н. В. Пачынова, Я. У. Люблеў, А. П. Бакуменка, В. Я. Фрунзей. На Брэсцкім міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінаце вялася падрыхтоўка па спецыяльнасцях “мастацкі роспіс” і “інкрустацыя саломкай”.

Асноўная прадукцыя фабрыкі на пачатак 1980-х – сувеніры з дрэва: точаныя з размалёўкай і лакіроўкай (матрошкі, разнастайныя фігуркі людзей і жывёл), разныя пано, дробная пластыка і аздобленыя саломкай шкатулкі. Значнае месца займалі сувеніры з прасаваных апілак з размалёўкай або аплікацыяй саломкай (пано, талеркі, шкатулкі). Вырабы экспартаваліся ў ГДР, ВНР, НРБ, ПНР, СФРЮ, ЧССР, Бельгію, Галандыю, ЗША, Іспанію, Італію, Канаду, Лівію, Партугалію, Фінляндыю, Францыю.

У 1990-х і пачатку 2000-х фабрыка перажывала складаны эканамічна-фінансавы перыяд. У 1994 годзе фабрыка ў ліку 19-ці прадпрыемстваў мастацкіх вырабаў увайшла ў канцэрн народных мастацкіх промыслаў; у 1998 годзе выйшла з яго. 4 красавіка 2001 года Брэсцкая фабрыка сувеніраў уключана ў склад Дзяржаўнага канцэрна “Белмастацпромыслы”, зацверджана яе назва – Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства “Брэсцкая фабрыка сувеніраў “Славянка”. З 2002 года – філіял вытворча-гандлёвага УП “Белая Русь”. З 8 верасня 2004 года Брэсцкая фабрыка сувеніраў “Славянка” з правам самастойнай юрыдычнай асобы.

У 2010 годзе было запушчана новае абсталяванне для лазернай гравіроўкі і рэзання, а таксама станок для фігурных вырабаў з драўніны. Гэта адкрыла новыя магчымасці на сувенірным рынку.

З 2012 года фабрыку ўзначальвае Сяргей Брыштэль. Яго намеснік мастак Юліян Філіпавіч Разводскі, які працуе на прадпрыемстве больш за 35 гадоў. Галоўны інжэнер фабрыкі Андрэй Касьяненка.

Фабрыка “Славянка” выпускае сувенірныя вырабы з дрэва, саломы і іншых прыродных матэрыялаў. Высокапрафесійныя мастакі прадпрыемства пастаянна распрацоўваюць новыя мадэлі паводле формы, колеру і традыцый беларускага прыкладнога мастацтва. У асартыменце: матрошкі, шкатулкі, хлебніцы, салонкі, драўляныя шашкі і шахматы, фігуркі жывёл, велікодныя яйкі і інш. Вырабы фабрыкі прадаюцца ў фірменным магазіне “Паўлінка” (вул. Я. Купалы, 5), у крамах па ўсёй Беларусі, а таксама ў ЗША, Канадзе, Францыі, Германіі Польшчы і іншых краінах. Фабрыка ўзнагароджана дыпломам “Еўрапейскай аркі” і брыльянтавай зоркай за высокую якасць прадукцыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1. Брэсцкая фабрыка сувеніраў “Славянка” // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 66.

2. Брэсцкая фабрыка сувеніраў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 294.

3. Сувениров фабрика // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 345.

4. Брэсцкая фабрыка сувеніраў // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 488.

5. Брестский сувенир : [буклет] / автор и сост. Ю. Иванов ; фотограф В. С. Базан, худ. Н. Г. Грибов ; отв. за вып. О. Г. Шапиро. [Минск, 1986]. 24 с. : ил.

6. Гаўрылюк Вера Ільінічна // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2012. Т. 3. С. 5–6.

7. Гаўрылюк Вера Ільінічна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 92.

8. Гаўрылюк Вера Ільінічна // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 61.

9. Сакажынскі Дзмітрый Паўлавіч // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 609.

10. Павловский, Б.  Рывок года : [о положительных перспективах экономической деятельности фабрики “Славянка”] // Вечерний Брест. 2012. 27 июля. С. 6.

11. Мощик, С. Японский след брестской матрёшки : [о реорганизации производства на Брестской фабрике сувениров] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2010. 11 июня. С. 4.

12. Леанавец, Н. Выратавальная саломінка для “Славянкі” / Нина Леанавец // Народная трыбуна. 2010. 17 крас. С. 2.

13. Синявская, Е. Творческая душа в ожидании : [о Брестской фабрике сувениров] / Елена Синявская // Брестский вестник. 2009. 24 дек. С. 8–9.

14. Хокимова, А. Плач “Славянки” : Брестская фабрика сувениров отвечает по “чужим” долгам / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. 2007. 27 июня. С. 6.

15. Кряквин, А. Песня про зубра: кто купит брестский сувенир? : [о проблемах Брестской фабрики сувениров] / Алексей Кряквин // Вечерний Брест. 2007. 31 янв. С. 6.

16. Рубашевский, Ю. Ультиматум от “сувенирки” / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2004. 1 окт. С. 1–2.

17. Бунеева, Л. Соломеная туфелька для Золушки : [о выставке к 100-летию со дня рождения мастера соломоплетения В. И. Гаврилюк] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2004. 3 нояб. С. 11.

18. Ковалёва, Н. Спасёт ли красота белорусские сувениры? : [о работе Брестской фабрики сувениров] / Н. Кавалёва // Заря. 2002. 16 мая. С. 4.

19. Логашева, Ю. На фабрике сувениров главный “сувенир” – зарплата : [о проблемах Брестской фабрики сувениров] / Ю. Логашева // Вечерний Брест. 2001. 10 авг. С. 3.

20. Трибулева, Е. Сувенир спасёт мир : [о Брестской фабрике сувениров] / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2000. 7 июля. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1347 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 15:10