Чацвер, 07 Жнівень 2014 00:00

7 жніўня 2014 г. – 135 гадоў з дня нараджэння Пятра Антонавіча Крачэўскага (Крэчэўскага; 1879–1928), беларускага палітычнага дзеяча, паэта, драматурга, гісторыка

Пётр Антонавіч Крачэўскі нарадзіўся 7 жніўня 1879 года ў сям’і дыякана вясковай царквы ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскі раён у Брэсцкай вобласці). Пасля заканчэння Віленскай духоўнай семінарыі ў 1902 годзе настаўнічаў у Ялоўцы на Беласточчыне і ў Ваўкавыскім павеце.

Перад Першай сусветнай вайной працаваў у Віленскім дзяржаўным банку (1909–1914). Напачатку банкаўскай кар’еры часта трапляў пад пільную ўвагу паліцыі, віной чаму былі яго цесныя сувязі з рознымі палітычнымі групамі. Праца ў банку дала Пятру Крачэўскаму магчымасць наладзіць зносіны са шматлікімі беларусамі, якія займалі пасты ў структурах улады.

Падчас Першай сусветнай вайны П. Крачэўскі быў прызваны ў Рускую армію. Вопыт адміністрацыйнай працы забяспечыў яму хуткае прасоўванне па службе, а таксама магчымасць наведваць вайсковыя часткі, размешчаныя на тэрыторыі беларускіх губерняў, і заводзіць новыя знаёмствы. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі П. Крачэўскаму атрымалася сабраць сродкі для стварэння арганізацыі беларускіх салдатаў.

Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыі 1917 года П. Крачэўскі становіцца старшынёй Барысаўскага савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Удзельнік Усебеларускага Кангрэса 1917 года, быў абраны ў склад яго выканаўчага камітэта. У 1918 годзе, пасля абвешчання БНР, у нацыянальным урадзе выконваў абавязкі дзяржаўнага кантралёра, народнага сакратара фінансаў, узначальваў Цэнтральную Беларускую гандлёвую палату. Адзін з лідэраў Беларускай партыі сацыял-федэралістаў. На снежанскай сесіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску ў 1919 годзе абраны яе прэзідэнтам. Выконваў гэты пачэсны абавязак да канца жыцця.

З 1920 года П. Крачэўскі знаходзіцца ў эміграцыі ў Літве, Чэхаславакіі. У яго непасрэдныя задачы ўваходзіла ўсталяванне кантактаў з прадстаўнікамі БНР у розных краінах, што ён рабіў досыць эфектыўна. У Празе П. Крачэўскі стварыў Прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў шырокую дыпламатычную дзейнасць, наладзіў інфармаванне заходне-еўрапейскіх краін пра становішча ў Савецкай і Заходняй Беларусі. Крачэўскі ўдзельнічаў і ў Першай Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе-Чэшскай у верасні 1921 года.

У 1923 годзе разам з кіраўніцтвам БНР пераязджае на сталае жыхарства ў Чэха-Славаччыну. Актыўна бараніў нацыянальныя інтарэсы беларускага народа на міжнароднай арэне. У мэмарандумах БНР у Лігу Нацый асуджаў дыскрымінацыйную ў дачыненні да Беларусі Рыжскую мірную дамову, выкрываў імпэрыялістычную сутнасць палітыкі Масквы і Варшавы на беларускіх землях.

Пётр Крачэўскі дамогся ў чэхаславацкага ўрада стыпэндый для беларускіх студэнтаў, стварыў Беларускі архіў у Празе.

У 1926 годзе беларуска-культурнае таварыства імя Ф. Скарыны ў Празе выдала зборнік артыкулаў па гісторыі, культуры і эканоміцы «Замежная Беларусь» (рэдактар П. Крачэўскі), у якім адлюстраваліся погляды Пятра Крачэўскага. Ён выявіў сябе як здольны публіцыст, гісторык і паэт. Яго артыкулы “Беларусь у мінулым і сучасным”, “Гісторыя беларускай кнігі”, “Скарына і незалежнасць” актуальныя і сёння. Галоўныя прынцыпы тагачаснай праграмы П. Крачэўскага, – актывізацыя сапраўднай культурнай працы, асвета і выхаванне нацыянальнай свядомасці праз шанаванне, удаскаленне і далейшае развіццё роднай мовы.

Аўтар вершаванай драмы “Рагнеда” (1921), гістарычнай драмы “Здрада” (1922), многіх вершаў, перакладаў з чэшскай і ўкраінскай моў. У мастацкіх творах П. Крачэўскі паўстае як тонкая паэтычная натура, якую хвалявала шматстайнасць быцця. У яго вершах адлюстравана грамадзянская пазіцыя аўтара, непазбыўнае жаданне служыць народу і пакінуць штосьці вартаснае пасля смерці.

П. А. Крачэўскі не прызнаў рашэнняў Бярлінскай палітычнай нарады 1925 года пра фактычнае скасаванне БНР. Дзякуючы яго прынцыповай пазіцыі традыцыя сапраўды незалежнай беларускай дзяржаўнасці, асвечаная імем БНР, не была перапынена.

Пётр Антонавіч Крачэўскі памёр 8 сакавіка 1928 года і пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе (Чэхія).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы П. А. Крачэўскага

1. Кніга ; Беларускаму народу ; Творчасць ; Мурашнік ; Таемная сіла : [вершы] / Пятро Крачэўскі // Роднае слова. 2003. № 3. С. 35–36.

2. Патрэбнасць дзяржаўнага органу заграніцай / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. 1997. № 6. С. 6–15.

3. Мандаты БНР : даклад чытаны ў Беларускім Студэнскім Клюбе ў Празе 16 студзеня 1926 г. / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. 1993. № 1. С. 2–10.

4. Стварэнне бусла ; Мурашнік ; Беларускаму народу ; Рэха ; Таемная смага ; Мана ; Творчасць ; Вершаваныя пераклады : [вершы і пераклады] / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. 1993. № 2. С. 30–35.

5. Рагнеда : гістарычная драма Х сталецьця ў 4 актах з пралогам / Пётра Крэчэўскі  ; публікацыя Валянціна Мазца // Спадчына. 1993. № 3. С. 16–30.

 

Аб жыцці і дзейнасці П. А. Крачэўскага

1. Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 470.

2. Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 256.

3. 130 гадоў з дня народзінаў Пятра Крачэўскага // Наша слова. 2009. 5 жн. (№ 31). С. 1.

4. Чмарава, М. «Дзе слава наша…» : літаратурна-публіцыстычная дзейнасць Пятра Крачэўскага / Марына Чмарова // Роднае слова. 2003. № 3. С. 33–35.

5. Ляхоўскі, У. Прэзыдэнты Рады Беларускае Народнае Рэспублікі / Уладзімір Ляхоўскі // Спадчына. 1997. № 4. С. 7–8.

6. Краўцоў, М. Пётра Антонавіч Крачэўскі / Макар Краўцоў ; публікацыя Валянціна Мазца // Спадчына. 1993. № 2. С. 35–37.

7. Сідарук, І. Не забудзе сыноў сваіх Бацькаўшчына : першы прэзідэнт Рады БНР Пётра Крэчэўскі нарадзіўся на Кобрыншчыне / Ігар Сідарук // Кобрынскі веснік. 1993. 24 ліп. С. 3.

8. Крачэўскі Пётр Антонавіч // Спадчына : [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://spadchyna.net/index.php. – Дата доступа: 26.07.2014.

9. Кречевский, Пётр Антонович // Википедия. Свободная энциклопедия : [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://ru.wikipedia.org/wiki/
Кречевский,_Пётр_Антонович
. – Дата доступа: 26.07.2014.

10. Пётр Антонавіч Крачэўскі // Вікіпедыя. Свабодная энцыклапедыя : [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://be.wikipedia.org/wiki/. – Дата доступу: 26.07.2014.

11. Кречевский Пётр Антонович. Биография // Помни про электронный мемориал : [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://pomnipro.ru/ memorypage7072/biography. – Дата доступа: 26.07.2014.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1793 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 15:53