Пятніца, 04 Ліпень 2014 00:00

4 ліпеня 2014 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Анатоля Адамавіча Альшэўскага (1904–1937), дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыста

Анатоль Адамавіч Альшэўскі нарадзіўся 4 ліпеня 1904 года ў мястэчку Бяроза-Картузская Пружанскага павета Гродзенскай губерніі (цяпер г. Бяроза Брэсцкай вобласці) у сям’і служачых. Бацька, Адам Іванавіч Альшэўскі, у канцы ХIХ ст. быў пісарам у Шэнеўскай воласці Пружанскага павета, потым Альшэўскія жылі ў Бярозе-Картузскай, дзе бацька служыў у валастным архіве.

У 1915 годзе з адступленнем рускай арміі сям’я выехала ў эвакуацыю ў г. Арзамас Ніжагародскай губерні. Там Анатоль паступіў ў другі клас рэальнага вучылішча. Дапытлівы, здольны Анатоль стаў любімцам школы, настаўнік славеснасці даверыў яму ключы ад школьнай бібліятэкі. Там жа вучыўся Аркадзь Голікаў, які пазней стаў пісьменнікам А. Гайдарам, яны сябравалі.

У 1918 годзе да Арзамаса дакаціліся рэвалюцыйныя падзеі. У гэты час Анатоль разам з Паўлам Горын-Калядой стварылі арганізацыю юных сяброў рэвалюцыі пад назваю “Детвора” – адну з першых у Расіі папярэдніц піянерскай арганізацыі.

Анатоль Альшэўскі з 14 чэрвеня 1919 года – член РКП(б) (у пятнаццацігадовым узросце!). У пачатку 1920 года яго накіравалі вучыцца ў Камуністычным ўніверсітэце імя Я. М. Свярдлова ў Маскве. Анатоль правучыўся шэсць месяцаў, а затым атрымаў заданне – арганізаваць камсамол у Пружанскім павеце, які ўжо быў заняты Чырвонай Арміяй. Юнак актыўна ўваходзіць у жыццё моладзі Пружаншчыны, якая растрывожана вайною, бежанствам, вяртаннем, ахоплена марамі пра новае жыццё. Быў назначаны старшынёй павятовага камітэта камасамола, удзельнічаў у фарміраванні сеткі камсамольскіх суполак у павеце, правядзенні запісу добраахвотнікаў у РККА. Анатоль Альшэўскі становіцца добрым памочнікам стваральнікаў Пружанскага рэўкома, выдатных дзеячаў Савецкай улады ў Палескім краі – Рыгора Іванавіча Засіма, А. М. Вінаградава, Паўла Восіпавіча Горына-Каляды (1900–1938).

У верасні 1920 года пад націскам арміі Польшчы Анатоль Альшэўскі разам з іншымі савецкімі работнікамі быў вымушаны пакінуць родны горад, Пружаншчына ў выніку Рыжскай дамовы адышла да польскага боку. А. А. Альшэўскі працаваў палітработнікам у Чырвонай Арміі ў Разані, Ніжнім Ноўгарадзе.

У красавіку 1925 года вяртаецца на Пружаншчыну, каб у шэрагах КПЗБ на месцы змагацца супраць польскіх акупантаў. Тады бярэ партыўную клічку – Юрка Пружанскі, пад такім імем ён быў вядомы сярод сваіх таварышаў па падполлі: Веры Харужай, Мікалая Арэхвы, Станіслава Мертэнса, Лазара Аронштама. У чэрвені 1925 года на ІІ канферэнцыі КСМЗБ быў абраны ў склад Цэнтральнага Камітэта, а неўзабаве стаў сакратаром ЦК КСМЗБ. На ІІІ канферэнцыі і І з’ездзе КПЗБ А. А. Альшэўскі абіраецца членам ЦК. Як публіцыст праявіў сябе ў артыкулах і стэнаграмах выступленняў на партыйных канферэнцыях, апублікаваных у партыйным друку КПЗБ пад псеўданімам Ю. П. ці проста Юрка.

Быў таксама рэдактарам друкаваных органаў ЦК КПЗБ «Бальшавік» і «Чырвоны сцяг». Друкаваўся ананімна і пад псеўданімамі ў падпольных выданнях. Асноўная тэма яго публіцыстыкі – вострая крытыка палітыкі польскага ўрада ў Заходняй Беларусі. Прымаў удзел у рабоце IV канферэнцыі Камуністычнай партыі Польшчы.

У лютым 1927 года Анатоль Альшэўскі быў схоплены на канспіратыўнай кватэры ў Варшаве і заключаны ў адзіночную камеру Макатоўскай турмы. 3 студзеня 1928 года ў выніку абмену палітвязнямі вярнуўся ў Савецкі Саюз.

На працягу пяці гадоў (1928–1933) працаваў у рэдакцыі Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску. Выступаў у друку БССР пад сапраўдным прозвішчам. Як пачынаючаму публіцысту яму пашанцавала – побач аказаўся добры настаўнік – Леапольд Іванавіч Родзевіч (1895–1938), вядучы майстар заходнебеларускай камуністычнай публіцыстыкі, у якога ён паспяхова вучыўся прафесіі. Затым Анатоль Альшэўскі да 1937 года займаўся прафсаюзнай дзейнасцю.

Анатоль Адамавіч Альшэўскі ў шэрагу кіраўнікоў КПЗБ быў арыштаваны 31 жніўня 1937 года. Пастановай камісіі НКУС і пракурора СССР 22 снежні 1937 года прысуджаны да расстрэлу па абвінавачванні ў «контррэвалюцыйнай шпіёнскай дзейнасці на тэрыторыі СССР». Расстараляны 25 снежня 1937 года ў Маскве, пахаваны на Бутаўскім палігоне.

22 снежня 1956 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР А. А. Альшэўскі рэабілітаваны.

У г. Бярозе на доме, дзе нарадзіўся і жыў А. А. Альшэўскі, у 1967 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка (вул. Альшэўскага, 55). Яго імем названы вуліцы ў Пружанах i Бярозе.

На А. А. Альшэўскага быў значны ўплыў яго старэйшага брата Яраслава. Яраслаў Адамавіч Альшэўскі нарадзіўся ў 1897 годзе ў Шэнях Пружанскага павета. У 1916 годзе закончыў Ніжагародскую гімназію, паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Але па экстранаму прызыву быў узяты ў войска, накіраваны ў Іркуцкую школу прапаршчыкаў, у студзені 1918 года дэмабілізаваны. Запісаўся ў Чырвоную Армію, у 1920 годзе ўдзельнічаў у паходзе на Варшаву, нават шлях яго атрада прайшоў праз родную Бярозу. У 1925 годзе атрымаў назначэнне на пасаду намесніка ваеннага камісара Казахскай рэспублікі. У час Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце, ад радавога даслужыўся да лейтэнанта і загінуў 21 студзеня 1942 года пад Курскам.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. В. С. Віскова, галоўны бібліёграф, К. А. Ляўковіч, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

1. Ольшевский Анатолий Адамович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 566–567.

2. Альшэўскі Анатоль Адамавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 289–290.

3. Альшэўскі Анатоль Адамавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 107–108.

4. Анатоль Адамавіч Альшэўскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 75–76.

5. Мемориальная доска Ольшевскому Анатолию Адамовичу // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 113–114.

6. Альшэўскі Анатоль Адамавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 96.

7. Ольшевский Анатолий Адамович // Их именами названы… : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 460.

8. Юрка Пружанский // Память. Берёзовский район : историко-документальная хроника. Минск : БелСЭ. 1987. С. 63–66.

9. Калеснік, У. Пасланец Праметэя : дакументальная аповесць / Уладзімір Калеснік. Мінск : Юнацтва, 1984. 160 с., 4 л. іл.

10. Калеснік, У. Пасланец Праметэя : дакументальная аповесць / Уладзімір Калеснік // Маладосць. 1979. № 5. С. 14–72.

11. Орехво, Н. С. Дела и люди КПЗБ : воспоминания / Николай Семёнович Орехво. Минск : Беларусь, 1983. 287 с., 8 л. ил. Из содерж.: Заграничная редакция КПЗБ. С. 145–155.

12. Литвинович, Е. Наш Юрка : [о Юрке Пружанском – Анатолии Адамовиче Ольшевском] // Евгений Литвинович // Заря. 2009. 9 июля. С. 7.

13. Пракаповіч, Н. Яго звалі проста: Юрка Пружанскі / Наталля Пракаповіч // Раённыя буднi (Пружаны). 2009. 20 мая. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1380 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 16:06