Серада, 08 Кастрычнік 2014 10:47

4 снежня 2014 г. – 75 гадоў з часу ўтварэння Брэсцкай вобласці (1939), адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў Беларусі

У верасні 1939 года часткамі Чырвонай Арміі была праведзена паспяховая аперацыя па ахове насельніцтва заходнебеларускіх земляў ад пагрозы фашысцкай агрэсіі. 22 верасня 1939 года Брэст быў заняты чырвонаармейцамі. 19 верасня быў апублікаваны загад камандуючага вайскамі Беларускага фронту М. Кавалёва аб стварэнні Часовых кіраванняў з ваенных асоб і мясцовых жыхароў. Часовыя кіраванні былі створаны ў Баранавічах, Брэсце, Кобрыне і іншых гарадах, яны наладжвалі працу прадпрыемстваў, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, стваралі школы, размяркоўвалі жыллё, клапаціліся аб гандлі і г. д.

 

1 кастрычніка 1939 года ў Брэсце было створана Часовае кіраванне Палескай вобласці. Пад такой назвай яно дзейнічала да канца лістапада. У снежні выканкам вобласці называўся Брэст-Літоўскім, а потым Брэсцкім. Назва вобласці па назве яе цэнтра г. Брэста сустракаецца ў некаторых дакументах яшчэ з сярэдзіны кастрычніка. У сярэдзіне снежня 1939 года Часовае кіраванне Брэсцкай вобласці пераўтворана ў Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, які размясціўся ў будынку былога Палескага ваяводства, дзе размяшчаецца і цяпер (вул. Леніна, 11). Першым старшынёй аблвыканкама стаў Канстанцін Навумавіч Длугашэўскі (1905–1997).

14 лістапада 1939 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон “Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. 19 лістапада 1939 года прыняты пастановы ЦК КП(б)Б “Аб размежаванні абласцей і раёнаў між БССР і УССР” і “Аб абласцях і абласных цэнтрах Заходняй Беларусі”. Прынцыповым пытаннем было аднясенне да Беларусі гарадоў Брэста, Кобрына, Пінска, Лунінца, што было падтрымана І. В. Сталіным.

4 снежня 1939 года выйшаў Указ Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР “Аб стварэнні Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей”, які зацвердзіў новае адміністрацыйнае дзяленне заходніх рэгіёнаў Беларусі. Брэсцкая вобласць была ўтворана з тэрыторый былых Брэсцкага, Кобрынскага і Пружанскага паветаў Палескага ваяводства Польшчы.

15 студзеня 1940 года прыняты Указ Вярхоўнага Савета БССР “Аб стварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР”, у адпаведнасці з якім былі скасаваны паветы і ўстаноўлена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне на раёны. У Брэсцкай вобласці былі створаны 18 раёнаў: Антопальскі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Гайнаўскі, Дамачаўскі, Дзівінскі, Жабінкаўскі, Каямнецкі, Кляшчэльскі, Кобрынскі, Косаўскі, Маларыцкі, Поразаўскі, Пружанскі, Ружанскі, Сямяціцкі, Шарашоўскі. На 1 студзеня 1941 года ў Брэсцкай вобласці было 8 гарадоў, 7 гарадскіх і 2 рабочыя пасёлкі, 18 раёнаў, 234 сельсаветы.

Пасля вызвалення вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбыліся змены ў яе тэрыторыі. 20 верасня 1944 года Поразаўскі раён перададзены Гродзенскай вобласці. 16 жніўня 1945 года Польшчы перададзены 4 сельсаветы Высокаўскага раёна, г. Гайнаўка і 11 сельсаветаў Кляшчэльскага раёна, Сямяціцкі раён. 20 верасня 1947 года Косаўскі раён перайменаваны ў Івацэвіцкі.

8 студзеня 1954 года Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР Пінская вобласць была скасавана, яе тэрыторыя далучана да Брэсцкай. Таксама далучаны Быценскі, Гарадзішчанскі, Ляхавіцкі, Навамышскі раёны скасаванай Баранавіцкай вобласці. 8 красавіка 1957 года Навамышскі раён перайменаваны ў Баранавіцкі. У наступныя гады некаторыя раёны былі скасаваны (Дамачаўскі, Шарашоўскі, Быценскі і інш.), у 1965–1966 гадах некаторыя былі адноўлены (Ганцавіцкі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Маларыцкі, Жабінкаўскі).

Цяпер ў Брэсцкай вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі, 21 горад. Плошча складае 32,8 тысячы кв. км.

Герб і флаг Брэсцкай вобласці зацверджаны Указам Прэзідэнта РБ ад 14 верасня 2004 года. Герб мае форму барочнага шчыта, ніжняя частка якога выканана ў чырвоным колеры і завяршаецца формай абарончага збудавання; у цэнтры чырвонага поля размешчаны залаты зубр; верхняя частка шчыта ­ блакітнага колеру. Флаг уяўляе сабой прамакутнае палатнішча чырвона-блакітнага колеру, па яго краях – дзве вертыкальныя блакітныя палосы; пасярэдзіне – шырокая чырвоная паласа, якая завяршаецца формай абарончага збудавання; у цэнтры чырвонай паласы – залаты зубр.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1. Брестская область // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 509–514.

2. Брэсцкая вобласць // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 290–292.

3. Брэсцкая вобласць // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 93.

4. Брэсцкая вобласць : [у 2 кн.] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 3 : Кн. 1. Мінск, 2006. 528 с.: іл.; Т. 4 : Кн. 2. Мінск, 2007. 608 с.: іл.

5. Брестская область : общегеографический атлас. Минск : Белкартография, 2003. 32 с.: ил.

6. Брестская область : географический атлас : учеб. пособие / под ред. С. М. Быстровой. Брест : БрОИРО, 2010. 45 с.: ил.

7. Брестская область : статистический ежегодник. Брест, 2011. 242 с.: ил.

8. Брестчина, устремлённая в будущее : фотоальбом / А. Антоновский и др. ; гл. ред. В. Шпарло. Брест : Вечерний Брест, 2009. 303 с.: ил.

9. Брестская область / [подгот. Н. А. Александров и др.]. 3 изд., перераб. и доп. Минск : Беларусь, 1987. 205 с., 8 л. ил. (БССР).

10. Брестская область : [герб и флаг] // Адамушко, В. И. Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. Минск : Беларусь, 2006. С. 28–29.

11. Курков, И. Н. Брестчина: легенды, события, люди / Илья Николаевич Курков. Минск : Медиафакт, 2005. 271 с.: ил.

12. Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. 424 с.: ил.

13. Широкорад, А. Б. Русские и белорусы – братья в горе и радости / А. Б. Широкорад. Москва : Вече, 2014. 352 с.: 8 л. ил. – Из содерж.: [об определении границ между Украиной и Белоруссией в 1939 г.]. С. 225–228.

14. Брест в 1939–1941 гг. : документы и материалы / сост. А. Г. Карапузова, И. М. Корнелюк, С. В. Струнец, Н. В. Якута. Брест : Альтернатива, 2012. 246 с., [12] л. фот.

15. Лукашенко, А. Жителям Брестской области : [поздравление с 70-летием со дня образования области] / Александр Лукашенко ; Логвинович, А. Знамя, почёт и – только вперёд! : [о торжественном вечере к 70-летию области] / Александр Логвинович // Заря. 2009. 8 дек. С. 1, 4.

16. 70 лет Брестской области ; Путь в семь десятилетий : [подборка материалов] // Заря. 2009. 3 дек.

17. Литвинович, Е. В списках значились… : [о приезжих кадрах на Брестчине в 1939 г.] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 26 нояб. С. 4.

18. Литвинович, Е. Границы перекраивались за ночь… : [об определении границ Брестской области в 1939 г.] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 24 нояб. С. 4.

19. Литвинович, Е. Праздник де-юре и де-факто : [об истории образования Брестской области в 1939 г.] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 19 нояб. С. 4.

20. Литвинович, Е. Управление на время : [о временном управлении Брестчиной осенью 1939 г.] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 12 нояб. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1317 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 09:56