Серада, 01 Студзень 2014 00:00

1 студзеня 2014 г. – 45 гадоў з часу стварэння Брэсцкага абласнога дома мастацкай самадзейнасці (1969)

Дамы самадзейнай творчасці – культурна-асветныя ўстановы саветаў прафсаюзаў у БССР пачалі стварацца ў 1960-я гады. Аказвалі творчую і арганізацыйную дапамогу прафсаюзным арганізацыям і культурна-асветным установам у развіцці самадзейнай мастацкай і тэхнічнай твочрасці, аматарскіх аб’яднанняў, арганізацыі навучальна-творчай і выхаваўчай работы. Брэсцкі абласны дом мастацкай самадзейнасці быў створаны 1 студзеня 1969 года. Кіраваў клубнымі ўстановамі прафсаюзаў, калектывамі мастацкай самадзейнасці і іншымі формамі народнай творчасці ў Брэсцкай вобласці.

У 1978 годзе ўстанова атрымала назву – Брэсцкі дом самадзейнай творчасці аблсаўпрофа. Ён аказваў творчую і арганізацыйную дапамогу прафсаюзным арганізацыям і культурна-асветным установам у развіцці самадзейнай мастацкай і тэхнічнай творчасці, аматарскіх аб’яднанняў, у фарміраванні рэпертуару самадзейных калектываў, арганізацыі навучальна-творчай і выхаваўчай работы.

18 красавіка 1981 года ўрачыста адкрыты Палац культуры аблсаўпрофа (вул. Маскоўская, 275). Са стадыі будаўніцтва, з 1979 года яго дырэктарам быў Леанід Антонавіч Кунда. Трохпавярховы будынак узведзены па праекце брэсцкага архітэктара Генадзя Пятровіча Чысцякова (1937–2014). Тэатральна-канцэртная зала мела 650 месцаў, кіналекцыйная зала – 400, таксама былі спартыўна-танцавальныя залы, размясцілася абласная базавая бібліятэка аблсаўпрофа. У 1986 годзе пры Палацы культуры дзейнічалі 32 калектывы самадзейнай мастацкай творчасці для дарослых, 16 дзіцячых калектываў, 10 гурткоў тэхнічнай творчасці, 17 аматарскіх аб’яднанняў. Працавалі аддзелы: тэатральны, вакальна-харавы, музычны, харэаграфічны, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў мастацкай самадзейнасці і інш.

Адным з самых вядомых калектываў можна назваць народны хор, што быў створаны ў 1958 годзе заслужаным работнікам культуры БССР Альфрэдам Пятровічам Шутавым (1932–2005), які кіраваў ім да 1981 года. У рэпертуары апрацоўкі беларускіх, рускіх, украінскіх народных песень, песні беларускіх і рускіх кампазітараў. Калектыў – лаўрэат Всесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва (1967), I Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных (1975). Узнагароджаны Ганаровым дыпломам і вялікім залатым медалём ВДНГ СССР. Хор выступаў у Расіі, Украіне, Латвіі, ЧССР, ГДР, Польшчы.

Другі шырока вядомы калектыў ПК прафсаюзаў – узорная капэла хлопчыкаў і юнакоў пад кіраўніцтвам Алы Міхайлаўны Ігумнавай, заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Капэла была створана ў 1982 годзе, ганаровае званне “ўзорны” калектыў атрымаў у 1986 годзе.

З 1982 года дзейнічала студыя бальнага танца “Вясёлка”, якая ў 1992 годзе атрымала званне “ўзорны калектыў”. У 1983 годзе была створана эстрадная студыя “Алфавіт”, з 1991 года – “ўзорная”. Студыяй выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў 1982–1997 гадах кіраваў мастак, заслужаны настаўнік БССР Міхаіл Сяргеевіч Талмачоў (1922–1998), цяпер вядзе студыю яго дачка Галіна Міхайлаўна.

У канцы 1980 – пачатку 1990-х гадоў пераход да рынку, цяжкае эканамічнае становішча прадпрыемстваў прывялі да скарачэння прафсаюзных устаноў культуры і іх кадраў. Многія клубы на прадпрыемствах былі зачынены, мастацкія калектывы і аматарскія аб’яднанні былі пераведзены ў Дамы культуры сістэмы Міністэрства культуры. У 2000-ыя гады Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі надае шмат увагі рашэнню пытанняў арганізацыі вольнага часу працоўных і членаў іх сямей, развіццю духоўнай культуры чалавека працы, прапагандзе здаровага ладу жыцця.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1. Дом самодеятельного творчества Брестского облсовпрофа // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 203–204.

2. Брэсцкі дом самадзейнай творчасці аблсаўпрофа // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 494.

3. Дворец культуры облсовпрофа // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 192–193.

4. Культурнае жыццё ў 1945–1990-я гады / Л. П. Нікіценкава, У. І. Нікіценкаў // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 572–578.

5. Брэсцкі народны хор Палаца культуры прафсаюзаў // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 499.

6. Шутаў Альфрэд Пятровіч // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 5. С. 594.

7. Хор народный Дворца культуры облсофпрофа // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 374–375.

8. Глущенко, Т. Заслуги проросли званием : [о худ. руководителе образцового хора мальчиков и юношей Брестского ДК профсоюзов А. М. Игумновой] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2013. 19 апр. С. 2.

9. Гармель, Е. Звёздный час капеллы : [об образцовой капелле мальчиков и юношей Брестского ДК профсоюзов] / Елена Гармель // Заря. 2008. 2 февр. С. 8.

10. Павлова, Л. Песнь бескорыстная – сама себе хвала, когда поёт брестская капелла мальчиков и юношей / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2006. № 1. С. 8.

11. Кунда, Л. А. От блестящего прошлого к оптимистическому будущему : [директор областного Дома культуры профсоюзов о работе учреждения к 20-летию со дня открытия] / Леонид Антонович Кунда ; беседовал Андрей Некрасов // Вечерний Брест. 2001. 7 сент. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 440 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 11:01