Серада, 08 Кастрычнік 2014 12:20

10 кастрычніка 2014 г. – 80 гадоў з дня нараджэння Мікалая Фёдаравіча Варвашэвіча (1934–2001), рэжысёра, заслужанага работніка культуры Беларусі

Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч нарадзіўся 10 кастрычніка 1934 года ў вёсцы Раздзялавічы Хатыніцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства (цяпер у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці). Бацькоў сваіх Мікалай Варвашэвіч не памятаў, іх знішчылі немцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сіроцкі лёс закінуў яго спачатку ў Целяханскі дзіцячы дом, а затым да цёткі ў Ленінград.

У 1957 годзе Мікалай Варвашэвіч паступіў у Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Ён любіў успамінаць гады вучобы, сваіх аднакурснікаў і выкладчыкаў. Пасля заканчэння інстытута маладога рэжысёра накіравалі на працу ў Калінінскі абласны тэатр.

З 1964 года Мікалай Фёдаравіч працаваў дырэктарам Дома культуры ў г. Слоніме Гродзенскай вобласці. Адначасова – рэжысёр народнага тэатра. З 1967 года – дырэктар і рэжысёр Слонімскага народнага тэатра. Сваю творчую кар’еру малады рэжысёр вырашыў пачаць з “Паўлінкі” Я. Купалы, прэм’ера адбылася 12 снежня 1968 года. Галоўную ролю іграла Святлана Міхайлаўна Варвашэвіч.

Сярод лепшых пастановак М. Варвашэвіча: «На бойкім месцы» А. Астроўскага (1967), «Васа Жалязнова» М. Горкага (1973). Вялікую ўвагу рэжысёр надаваў фарміраванню беларускага рэпертуара: «Навальніца будзе» паводле трылогіі «На ростанях» Я. Коласа (1981) і інш. У 1986 годзе Мікалай Фёдаравіч зноў вярнуўся да купалаўскай “Паўлінкі”, шэсць першых прадстаўленняў адбыліся ў Слоніме, а сёмае – у Мінску.

Мікалай Фёдаравіч быў фанатам сваёй справы, вельмі патрабавальным. Тэатр заўсёды ў яго стаяў на першым месцы. Для афармлення некаторых спектакляў М. Ф. Варвашэвіч запрашаў галоўнага мастака тэатра імя Янкі Купалы Б. Ф. Герлавана, трымаў сувязь з вядомымі рэжысёрамі, чытаў лекцыі па рэжысуры ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У спектаклях была жывая музыка ў выкананні самадзейнага аркестра народных інструментаў. Калектыў тэатра быў дружны і творчы. Шмат выступалі не толькі на Слонімшчыне, але па Беларусі і за яе межамі. Удзельнічалі ва Усесаюзным фестывалі народных тэатраў “Рампа дружбы–76”.

Беларускаму рэжысёру было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік культуры БССР” (1975).

Слонімскі народны тэатр у 1987 годзе быў пераўтвораны ў першы ў Беларусі эксперыментальны тэатр-студыю на поўным гаспадарчым разліку. 1 снежня 1990 года на яго базе па ініцыятыве М. В. Варвашэвіча створаны дзяржаўны Слонімскі беларускі драматычны тэатр.

У 1990–1997 гадах, калі быў галоўным рэжысёрам Слонімскага беларускага драматычнага тэатра, М. В. Варвашэвіч паставіў спектаклі: «Прынцэса і салдат» У. Ягоўдзіка (1991), «Лекі ад кахання» (1992) і «Каханне з падманам» (1995) паводле У. Галубка, «Сабака з залатым зубам» У. Сауліча, «Прымакі» Я. Купалы (абодва 1993), «Хітрыкі бабы Ягі» А. Якімовіча і «Чырвоны капялюшык» Я. Шварца (абодва 1994), «Драўляны рыцар» С. Кавалёва (1996), «Гаспадыня гасцініцы» К. Гальдоні (1999), «Зімняя казка» Г. Лабаніна (2000) і інш.

Летам 2000 года Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч звольніўся з тэатра па стану здароўя. А 1 лістапада 2001 года яго не стала. Пахавалі Мікалая Варвашэвіча ў г. Свіслачы на радзіме ягонай жонкі.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Алена Юр’еўна Кулан, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі


1. Варвашэвіч Мікалай Фёдаравіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 214.
2. Варвашевич Николай Фёдорович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 590.
3. Варвашэвіч Мікалай Фёдаравіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. Т. 1. С. 202.
4. Варвашэвіч Мікалай Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 8.
5. Варвашэвіч Мікалай Фёдаравіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ганцавiцкага раёна. Мінск, 1999. С. 403.
6. Варвашэвіч Мікалай Фёдаравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 576.
7. Слонімскі беларускі драматычны тэатр ; Слонімскі народны тэатр / С. М. Чыгрын // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2003. Т. 2. С. 353–354.
8. Слонімскі беларускі драматычны тэатр / А. М. Тарсуноў, С. М. Чыгрын // Памяць : гісторыка-дакументальна хроніка Слонімскага раёна. Мінск, 2004. С. 686–688.
9. Слонімскі беларускі драматычны тэатр. The Slonim Belarusian drama theatre // Тэатры Беларусі / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Мінск, 1998. С. 114.
10. Раманчук, Г. Тая самая Паўлінка : [пра актрысу Слонімскага народнага тэатра Святлану Міхайлаўну Варвашэвіч, жонку рэжысёра М. Ф. Варвашэвіча] / Галіна Раманчук // Гродзенская праўда. 2010. 2 жн.
11. Мохар, К. Яго жыццё – тэатр : [пра вядомага беларускага тэатральнага рэжысёра, ураджэнца в. Раздзялавічы Мікалая Фёдаравіча Варвашэвіча] / Канстанцін Мохар // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 1998. 31 снеж.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 688 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 10:01