Серада, 10 Снежань 2014 10:09

25 верасня 2014 г. – 50 гадоў з часу адрыцця (1964) ў г. Брэсце кінатэатра «Маяк»

Культурнае развіццё горада Брэста ў 1960-я гады было накіравана на ўмацаванне і ўдасканаленне ўсіх форм культурна-масавай работы. У сярэдзіне 1960-х гадоў у гораде працавалі ўжо шэсць кінатэатраў, у тым ліку нядаўна пабудаваны «Маяк».

У гэты час мяняецца сацыяльная роля кінатэатраў. Вялікія шкляныя паверхні вестыбюляў і фае новых кінатэатраў становяцца вітрынай новага стылю жыцця. Адчуванне максімальнай адкрытасці, празрыстасці кінатэатра становіцца характэрнай рысай праектаў 1960-х гадоў. Падтрымлівае гэту атмасферу і новае кіно эпохі “адлігі”. Гэта быў “залаты век” кінематографа, час глядацкага ажыятажу. У 1967 годзе працуючыя перайшлі на пяцідзённы рабочы тыдзень, што паўплывала на рэжым працы ўстаноў культуры. У 1968 годзе ў СССР зарэгістраваны найбольшы сярэдні паказчык наведвальнасці кінатэатраў – 22 наведванні ў год на чалавека.

Маяк” – шырокаэкранны кінатэатр, быў пабудаваны ў верасні 1964 года па вуліцы імя Героя Савецкага Саюза С. І. Сікорскага, 76, што ў мікрараёне “Кіеўка”, дзе прыватныя дамы, і побач з новай сярэдняй школай № 19 (адкрыта ў 1963 г.). Будынак кінатэатра ўзведзены па тыпавым праекце (галоўны архітэктар М. Пак) будаўнічым упраўленнем № 116 Брэсцкага будтрэста № 8. Дзяржаўная камісія прымала аб’ект 15 верасня 1964 года, выявіла шэраг недаробак і адступленняў ад праекта і тэхнічных умоў, але акт прыёмкі быў падпісаны з умовай ліквідацыі недаробак да 1 лістапада. У пятніцу, 25 верасня адбылiся першыя чатыры кінасеансы: на 15.30, 17.30, 19.30, 21.30, дэманстраваўся новы мастацкі фільм “Двенадцать часов жизни” (Таджыкфільм).

Глядзельная зала “Маяка” была разлічана на 392 месцы. Кінатэатр спецыялізаваўся на паказе кінафільмаў мінулых гадоў. Невядома, чаму менавіта так назвалі ўстанову, але ў той час назвы для кінатэатраў былі падобнымі: “Ракета”, “Космас”, “Спутнік”, “Ударнік”… Кінатэатры “Маяк” былі ў многіх гарадах СССР (Мінск, Кіеў, Навасібірск, Запарожжа, Омск, Дубна, Прахладны, Піянерскі).

За першыя два тыдні дзеці і дарослыя паглядзелі такія кінастужкі: “Последний дюйм”, “Жизнь или смерть”, “Десять шагов к востоку”, “Набережная утренней зари”, “Незваные гости”, “Ребенок в доме”, “Огни на реке”, “Гулящая”, “Дело пёстрых”, “Капитан”, “Граф Монте Кристо”, “Секретарь обкома”, “Мамлюк”, “Берёзы в степи”, “Счастье надо беречь”.

У 1986 годзе ў Брэсце функцыянавалі сем кінатэатраў, у т. л. шырокафарматны трохзальны «Беларусь», пяць шырокаэкранных («Мір», «Маяк», «1 Мая», «Змена», «Летні»), дзіцячы «Зорка». У 1989 годзе на Партызанскім праспекце, 13 адкрыты кінатэатр “Юнацтва”.

1980-ыя гады – апошні перыяд вялікай цікавасці насельніцтва да кіно, якая ў 1990-ыя пачала хутка зніжацца амаль да нуля, а кінатэатры працавалі з паўпустымі заламі, з-за хранічнага недахопу фінансавых сродкаў пачалі зачыняцца. У пустых кіназалах не засталося ні смеху, ні слёз, ні надзей – толькі заціхаючы подых сцен. Савецкія кінатэатры перасталі быць сховішчам і адлюстраваннем падзей новай эпохі, праявілі сабой крушэнне мары пакаленняў. Большасць кінатэатраў Беларусі пераўтварыліся ў магазіны, здаваліся ў арэнду як склады альбо малітоўныя дамы. У фае “Маяка” таксама нейкі час збіраліся вернікі-баптысты. З вясны 1993 года ўдзень займаліся навучэнцы дзіцячай харэаграфічнай школы, а вечарам у зале бывалі рэдкія кінасеансы.

Кінатэатр “Маяк” праіснаваў трыццаць гадоў і апошні раз парадаваў гледачоў у 1995 годзе. Потым пад дахам гэтага будынка была размешчана Брэсцкая дзіцячая харэаграфічная школа. Цяпер у Брэсце засталіся два кінатэатры: «Беларусь» і «Мір».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела;

Сухапар Уладзімір Васільевіч, гал. бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага

 

  1. Маяк” // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 256.

  2. Кинотеатры // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 230.

  3. Кинофикация // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 48–49.

  4. Культурнае жыццё ў 1945–1990-я гады/ Л. П. Нікіценкава, У. І. Нікіценкаў // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 572–578. Са зместу: [«Маяк»]. С. 573, 577.

  5. Супрунюк, О. Лучшее кино – это казино? : [информ. о нерентабельности кинотеатров «Беларусь» и «Маяк» г. Бреста] / Олег Супрунюк // Народная газета. 1993. 9 чэрв. С. 1.

  6. Сдавать объекты без дефектов : [о сдаче новостроек: школы на ул. Маяковского и кинотеатра на ул. Сикорского г. Бреста] // Заря. 1964. 10 окт.

  7. Брестский «Маяк» уж более не светит, танцоров приютив… – Режим доступа: http://voicenet.blog.tut.by/2011/02/21/brestskiy-mayak-uzh-bolee-ne-svetit-tantsorov-priyutiv/

  8. История кинотеатров Бреста. – Режим доступа: http://kinobrest.com/statyi/244-istoriya-kinoteatrov-bresta.html

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1143 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 10:08