Серада, 10 Снежань 2014 10:11

Кастрычнік 2014 г. – 70 гадоў з часу адкрыцця (1944) у г. Брэст медыцынскага каледжа

Пасля вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося аднаўленне разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Паляпшэнне стану здароўя насельніцтва патрабавала вялікай колькасці медыцынскіх работнікаў. Сваю працу па падрыхтоўцы медыцынскіх спецыялістаў сярэдняга звяна «Брэсцкі дзяржаўны медыцынскі каледж» пачаў у кастрычніку 1944 года як фельчарска-акушэрская школа. Дзейнасць школы затым была зацверджана Загадам Народнага Камісарыята аховы здароўя СССР № 91 ад 9 лютага 1945 года.

Першапачаткова фельчарска-акушэрская школа размяшчалася па вуліцы Савецкай, 50, а ў пачатку 1950-х гадоў пераехала на вул. Пушкінскую, 66, у будынак былой гімназіі. Першым дырэктарам фельчарска-акушэрскай школы стаў Міхаіл Іванавіч Амбросаў, які выкладаў фізіялогію чалавека.

У другой палове 1940-х гадоў пры навучальнай установе дзейнічала бібліятэка, інтэрнат на 70 чалавек і ўсяго 7 класных пакояў. Адсутнічалі наглядныя дапаможнікі, акрамя некалькіх муляжоў і анатамічных прыладаў, не хапала падручнікаў. Канспекты пісаліся на старых газетах. Педагогам даводзілася і выкладаць, і займацца будаўніча-рамонтнымі работамі. Дзяжурныя навучэнцы самі тапілі печы. І, усё роўна, было холадна, але ў выкладчыкаў было дастаткова душэўнага цяпла, каб душы навучэнцаў не замярзалі. У 1947 годзе адбыўся першы выпуск фельчараў-акушэраў у колькасці 49 чалавек.

Да 1951 года тэрмін навучання складаў тры гады, а потым школа перайшла на 4-х гадовае навучанне.

У пачатку 1950-х гадоў фельчарска-акушэрская школа была надзвычай перагружана. З-за недахопу памяшканняў, заняткі праходзілі ў тры змены. Акрамя 12-ці вучэбных груп з 4-х гадовым тэрмінам навучання, у будынку размяшчаліся двухгадовыя курсы медыцынскіх сясцёр без адрыву ад вытворчасці, аднагадовыя курсы медыцынскіх сясцёр для дзіцячых ясляў і палутарагадавыя курсы медыцынскіх сясцёр Чырвонага Крыжа. Не хапала спецыяльна абсталяваных кабінетаў-лабараторый. Адсутнічала спартыўная зала. Штат выкладчыкаў складаў 11 чалавек, з іх 4 выкладчыкі па клінічных дысцыплінах (унутраных хваробах, дзіцячых хваробах, акушэрстве і інфекцыйных хваробах) і 7 – па агульнаадукацыйных прадметах. Асноўную колькасць выкладчыкаў па клінічных дысцыплінах (30 чалавек) складалі ўрачы-сумяшчальнікі, якія працавалі ў абласным бальнічным аб’яднанні і радзільні.

Дырэктарам у гэты перыяд з’яўлялася Надзея Стэфанаўна Семак. У гады Вялікай Айчыннай вайны яна была старшай медсястрой 682 хірургічнага палявога шпіталя 3-ай Арміі 1-га Беларускага фронту. Узнагароджана медалём «За баявыя заслугі». 29 чэрвеня 1954 года на падставе Пастановы Савета Міністраў БССР № 600 фельчарска-акушэрская школа была перайменавана ў Брэсцкае медыцынскае вучылішча Міністэрства аховы здароўя БССР.

За гады сваёй дзейнасці вучылішча вырасла ў буйную навучальную ўстанову. У пачатку 1970-х гадоў у вучылішчы ўжо было 6 кабінетаў і 5 лабараторый, працавалі 28 штатных выкладчыкаў і 74 сумяшчальнікі. Практычнае навучанне праводзілася ў лячэбна-прафілактычных і санітарна-эпідэміялагічных установах Брэста і Брэсцкай вобласці.

З 1975 па 2001 год кіраваў працай вучылішча дырэктар Віктар Аляксандравіч Сакалоў. У 1978 годзе вучылішча пераехала ў новы прасторны будынак (вул. Медыцынская, 1), размешчаны на ўсходняй ускраіне горада ў зялёнай зоне, побач з лячэбнымі ўстановамі абласнога ўзроўню. У 1986 годзе быў пабудаваны сучасны добраўпарадкаваны інтэрнат на 410 месцаў.

У 2003 годзе вучылішча атрымала статус ўстановы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны медыцынскі каледж», якую ўзначальвае дырэктар Яўген Пятровіч Стаднік-Яскавец.

У каледжы размешчаны кабінеты абсталяваныя сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання: 18 навучальных кабінетаў і лабараторый. Вучэбна-выхаваўчы працэс ажыццяўляецца таксама на базах лячэбна-прафілактычных устаноў горада. Рэгулярна папаўняецца матэрыяльна-тэхнічная база. Ёсць тры камп’ютарныя класы, на занятках па розных дысцыплінах выкладчыкі і навучэнцы выкарыстоўваюць мультымедыйныя праектары, партатыўны камп’ютар, хатні кінатэатр, інтэрактыўную дошку, дакумент-камеру, відэакамеру. Навучальныя кабінеты і лабараторыі забяспечваюцца неабходнымі муляжамі, фантомамі, медыцынскім абсталяваннем.

На працягу многіх гадоў навучальная ўстанова выпусціла медыцынскіх спецыялістаў розных напрамкаў: фельчары-акушэры, акушэры, зубныя тэхнікі, зубныя ўрачы, медыцынскія сёстры. У апошнія гады каледж рыхтуе медыцынскіх сясцёр і фельчараў-акушэраў. Сёння ў каледжы навучаюцца 500 чалавек. Функцыяніруе аддзяленне павышэння кваліфікацыі спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй. На працягу многіх гадоў актыўна вядзе працу атрад «Міласэрнасць», які аб’ядноўвае навучэнцаў 1–3 курсаў. Вялікая ўвага надаецца вучэбна-даследчай працы навучэнцаў. Навучэнцы займалі прызавыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах медыцынскага майстэрства. Так, у красавіку 2007 года ў рэспубліканскім конкурсе медыцынскага майстэрства па спецыяльнасці «Сястрынская справа» каманда каледжа заняла 1-е каманднае і 1-е асабістае месца.

На базе каледжа працуе філіял вячэрніх падрыхтоўчых курсаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Значная большасць выпускнікоў гэтых курсаў пасля становяцца студэнтамі ВНУ.

Каледж з’яўляецца адной з прэстыжных навучальных устаноў Брэсцкай вобласці. Падрыхтоўку спецыялістаў ажыццяўляе творчы калектыў педагогаў. У каледжы працуюць 53 штатных выкладчыка, з якіх большасць маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі, вялікі выкладчыцкі стаж. Сярод іх Л. С. Мядзвецкая, А. А. Раманава, М. Коханаў, В. В. Пракапчук, А. І. Фіскавец, М. П. Сідарава, І. І. Емяльянчык, І. С. Бусько, А. І. Куляшова, І. А. Макейчык, В. М. Сыч.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Жанна Валер’еўна Юркевіч, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічным аддзелам

 

  1. Здановіч, У. В. Брэсцкае медвучылішча /У. В. Здановіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 562–564.

  2. Медицинское училище // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 257.

  3. Капачова, А. Коледж! Цябе праславяць нашы імёны : [да 60-годдзя з дня заснавання Брэсцкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа] / Алена Капачова // Народная трыбуна. 2004. 6 ліст.

  4. Шостак, П. Символ мудрости и милосердия : [о медицинском училище г. Бреста] / Полина Шостак // Заря. 2002. 24 дек.

  5. Куприян, В. К. Обновление содержания физического воспитания учащихся медицинского колледжа : [исследование на базе Брестского медколледжа] / В. К. Куприян // Здоровье для всех : сб. статей V междунар. науч-практич. нонф. / Полесский гос. ун-т. Пинск, 2013. Ч. 2. С. 82–84.

  6. Некрасов, А. Сестринское дело с историческим уклоном : [лауреатами 1-го республиканского конкурса творческих работ учащихся и студентов стали учащиеся Брестского медицинского училища] / А. Некрасов // Вечений Брест. 2000. 26 янв.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 997 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 11:05