Серада, 10 Снежань 2014 10:27

15 лістапада 2014 г. – 90 гадоў з дня нараджэння Анатоля Ільіча Зосіка (1924–2003), удзельніка вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, поўнага кавалера ордэна Славы

Анатоль Ільіч Зосік нарадзіўся 15 лістапада 1924 года ў вёсцы Гурка (з 1976 г. у складзе вёскі Закозель Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З дзяцінства ведаў сялянскую працу, дапамагаў бацьку па гаспадарцы. З 1940 года жыў у свайго дзядулі ў в. Хідры, дзе і застала яго вайна.

У час Вялікай Айчыннай вайны быў у партызанскім атрадзе імя М. А. Шчорса, што базіраваўся ў раёне вёскі Сварынь. Карэнасты, чарнавокі, з віхрастым смалістым чубам юнак быў партызанскім сувязным, не аднойчы, выконваючы адказныя заданні, рызыкаваў жыццём. У лютым 1944 года партызаны адправілі цяжкапараненых за лінію фронту, Анатолю Зосіку было даручана іх суправаждаць.

У сакавіку 1944 года Анатоля Зосіка залічылі ў Чырвоную Армію. Быў адпраўлены стралком 1026-га стралковага палка 260-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронту. Удзельнічаў у вызваленні Беларусі і Польшчы, у баях на тэрыторыі Германіі.

Чырвонаармеец А. І. 3осік 2 жніўня 1944 года пры адбіцці контратакі праціўніка ў раёне горада Міньск-Мазавецкі (Польшча) у крытычны момант боя, калі канчаліся боепрыпасы, пад агнём даставіў скрыню патронаў, што дапамагло падраздзяленню выканаць баявую задачу. Загадам па 260-й стралковай дывізіі ад 21 жніўня 1944 года ён быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені.

У кастрычнiку 1944 года падраздзяленне, дзе ваяваў А. І. Зосік, атрымала заданне пераправіцца праз Буг ля польскага горада Уладава і забяспечыць пераправу палка. Тут, у баях за Уладаву, Анатоля Зосіка ўпершыню цяжка параніла.

Камандзір стралковага аддзялення 1026-га стралковага палка сяржант А. І. 3осік 17 сакавіка 1945 года ў баі на поўдзень ад горада Штэцін (Германія, цяпер – г. Шчэцін, Польшча) умела камандаваў аддзяленнем, першым уварваўся ў размяшчэнне праціўніка, асабіста знішчыў каля дзесяці гітлераўцаў і аднаго захапіў у палон. 6 красавіка 1945 года ўзнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 сакавіка 1956 года пераўзнагароджаны ордэнам Славы 1-й ступені.

13 красавіка 1945 года Анатоль Ільіч узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 сакавіка 1956 года пераўзнагароджаны ордэнам Славы 2-й ступені. Вайну закончыў на рацэ Эльба камандзірам узвода.У кастрычніку 1945 года старшына А. І. 3осік дэмабілізаваўся, вярнуўся на Драгічыншчыну, працаваў ваенруком у школе.

У 1947 годзе па пуцёўцы камсамола Анатоль Зосік пайшоў служыць у органы МУС. Амаль тры дзесяцігоддзі служыў у лінейным аддзяленні транспартнай міліцыі на станцыі Брэст-Цэнтральны. Закончыў вячэрнюю сярэднюю школу. Быў назначаны камандзірам аддзялення, праявіў сябе ўзорным начальнікам, яго аддзяленне займала прызавыя месцы ў спаборніцтвах за лепшае міліцэйскае падраздзяленне. А. І. Зосік разам з падначаленымі затрымліваў злачынцаў і парушальнікаў грамадскага парадку. Быў узнагароджаны медалямі “За отличную службу по охране общественного порядка”, “За отличие по охране государственной границы”, знакам “Отличник милиции” і інш. Так сама ў розны час Анатоль Ільіч атрымаў ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, “За службу Родине” 3-й ступені.

З 1975 года старшыня міліцыі А. І. Зосік знаходзіўся ў запасе. Да 1985 года Анатоль Ільіч працаваў у вайсковай частцы. Яго імя занесена ў “Кнігу гонару МУС БССР”. Удзельнічаў у парадах Перамогі на Чырвонай плошчы (Масква) ў 1985 і 1995 гадах. Быў членам камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны пры Брэсцкім гарвыканкаме.

Анатоль Ільіч Зосік памёр 14 мая 2003 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Драгічынскай раённай цэнтральнай бібліятэкай. Трыфанава Наталля Іванаўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Зосик Анатолий Ильич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 406.

  2. Зосік Анатоль Ільіч // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск : БЕЛТА. 2001. Кн. 2. С. 635–636.

  3. Зосік Анатоль Ільіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 7. С. 114.

  4. Зосік Анатоль Ільіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 454.

  5. Шлях да Берліна : [Зосік Анатоль Ільіч. Отрывок из книги И. Беляева и А. Сысоева “Хроника солдатской славы”] // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Драгічынскага раёна. Мінск : БЕЛТА. 1997. С. 254–255.

  6. Зосик Анатолий Ильич// Навечно в сердце народном : энцикл. справочник. Минск, 1984. С. 189.

  7. Зосик Анатолий Ильич // Долготович, Б. Д. Кавалеры ордена Славы : белорусы, уроженцы Беларуси и граждане Республики Беларусь : биограф. справочник / Борис Долготович. Минск : БелЭн, 2006. С. 26.

  8. Правофланговый : [очерк о А. И. Зосике] // Беляев, И. Н. Хроника солдатской славы / И. Н. Беляев, А. Н. Сысоев. Минск : Беларусь, 1970. С. 51–56.

  9. Кинчак, С. Ордена Славы полный кавалер : [Зосик Анатолий Ильич] / Светлана Кинчак // Наш Край – Загородье : историко-краеведческая газета Дрогичинского района. 2013. № 22–23 (февр.). С. 10–11.

  10. Куликова, О. Полный кавалер “Славы” никогда не подводил своё отделение : [о А. И. Зосике] / Ольга Куликова // На страже. 2012. 2 марта. (№ 9). С. 15.

  11. Коссовский, А. Наш гордый старшина наденет ордена… : [о А. И. Зосике] / Александр Коссовский // Рэспублiка. 2005. 19 крас. С. 7.

  12. Вечная память : [информ. о смерти Зосика А. И.] // Вечерний Брест. 2003. 16 мая. С. 7.

  13. Гурка : [радзіма А. І. Зосіка] // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Драгічынскага раёна. Мінск : БЕЛТА. 1997. С. 521.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1231 разоў Апошняя змена Аўторак, 20 Красавік 2021 10:28