Серада, 10 Снежань 2014 10:30

11 лістапада 2014 г. – 300 гадоў з дня нараджэння Марціна Матушэвіча (1714–1773), грамадскага і дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, пісьменніка-мемуарыста, перакладчыка

Марцін Матушэвіч нарадзіўся 11 лістапада 1714 года ў вёсцы Ельня Берасцейскага павета (цяпер вёска Радасць Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і шляхціча. Свой род Матушэвічы вялі ад Гедройцаў, як малодшая лінія старога княжага роду герба Лебедзь, але збяднелі і сталі мелкай шляхтай. Бацька Марціна Юзэф Матушэвіч вярнуў свайму роду дастойнае становішча, выкупіў маёнтак Расна, пабудаваў у 1744 годзе кальвінскі збор (сабор), у 1749 годзе – манастыр і пачаў будаўніцтва касцёла Святой Ганны (закончылі будаўніцтва Грабоўскія). Сваё дзяцінства Марцін Матушэвіч правёў у Расне.

Вучыўся Марцін у парафіяльнай школе ў Камянцы, потым у езуітаў у Драгічыне, Брэсце, Варшаве. З 1738 года Марцін Матушэвіч займаў пасаду Берасцейскага гродскага пісара, з 1740 года быў брэсцка-літоўскім падстольнікам. У час бескаралеўя 1733–1736 гадоў далучыўся да канфедэрацыі ў абарону Станіслава Ляшчынскага. У пачатку 1740-х гадах разарваў з Сапегамі і ўсталяваў кантакты з падканцлерам ВКЛ М. Чартарыйскім. З пераходам Чартарыйскіх у апазіцыю да каралеўскага двара ў 1750–1752 гадах Матушэвіч далучыўся да дворскіх саюзнікаў у ВКЛ – Радзівілаў. Адначасова пачалася яго судовая справа з Чартарыйскімі, якіх ён абвінаваціў у распусканні плётак пра яго нібыта нешляхецкае паходжанне. Гэтая судовая справа стала адной з асноўных у палітычнай барацьбе паміж Радзівіламі і Чартарыйскімі.

Марцін Матушэвіч неаднаразова выбіраўся паслом сойма Рэчы Паспалітай, на якім быў абраны каралём Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. З 1752 года Матушэвіч займаў пасаду брэсцкага стольніка, з 1765 года – земскага суддзі. У 1763–1764 гадах быў галоўным дарадчыкам Караля Радзівіла.

У 1754 годзе памёр бацька Матушэвіча, пакінуўшы Марціну ў спадчыну Расну, Войнаўку, Рагачы, Чамяры. Матушэвіч з сям’ёй пераехаў у Расну. Тут нарадзіўся яго сын Тадэвуш (Фаддзей) (1765–1819, польскі дзяржаўны дзеяч, міністр фінансаў Рэчы Паспалітай), які па сведчанні Адама Мальдзіса, таксама меў літаратурны талент і вядомы як паэт, перакладчык, публіцыст. У 1765 годзе М. Матушэвіч пабудаваў у Расне драўляную ўніяцкую царкву св. Архангела Міхаіла (разбурана да аснавання ў 1964 г.), актыўна займаўся літаратурнай і грамадскай дзейнасцю.

У 1767 годзе Марцін Матушэвіч набыў вядомасць як дзеяч Радамскай канфедэрацыі, быў яе генеральным сакратаром, напісаў некаторыя акты гэтай канфедэрацыі, за што рашэннем сойма ў 1768 годзе адзначаны вялікай грашовай прэміяй «За заслугі». У гэтым жа годзе атрымаў пасаду брэсцка-літоўскага кашталяна і стаў сенатарам Рэчы Паспалітай. Прыхільна ставіўся да Барскай канфедэрацыі, але ўдзелу ў ёй не прымаў.

Літаратурная спадчына М. Матушэвіча складаецца з мемуараў, перакладаў, вершаў на польскай і лацінскай мовах. Ён вядомы як аўтар «Мемуараў кашталяна брэсцка-літоўскага», выдадзеных А. Павінскім у Варшаве (Т. 1–4, 1876) з грунтоўным уступным артыкулам «Пра жыццё і творы Марціна Матушэвіча». Часопіс «Спадчына» (1996, № 5 і 1997, № 1, 2) апублікаваў іх у перакладзе Вацлава Арэшкі пад назвай «Дыярыюш жыцьця маяго». У мемуарных творах М. Матушэвіч шчыра і бясстрастна адлюстраваў многія праблемы Рэчы Паспалітай, палітычныя, прававыя і этычныя погляды розных пластоў грамадства. Пішучы ўспаміны, М. Матушэвіч імкнуўся быць справядлівым і праўдзівым, ганарыўся гэтым імкненнем. Але адначасова баяўся, што “праўда” можа зашкодзіць яму, асабліва ў вачах сучаснікаў, якія не прызвычаіліся шчыра выказваць свае думкі і пачуцці.

У 1752–1760 гадах пераклаў на польскую мову «Сатыры» Гарацыя (выдадзены ў 1784 г., Вільня), да якіх далучыў тры свае вершаваныя «Дадаткі», у якіх выразна праявіўся антымагнацкі настрой.

Памёр Марцін Матушэвіч 21 лістапада 1773 года.

Многія гісторыкі выкарыстоўвалі творы М. Матушэвіча для вывучэння гісторыі, звычаяў насельніцтва, псіхалогіі і побыту розных слаёў грамадства ў тагачаснай Рэчы Паспалітай.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, гал. бібліёграф

 

  1. Матушэвіч, М. Дыярыюш жыцьця маяго, колькі памятаць магу, дзеля веданьня нашчадкам маім напісаны, а таксама дзеля засьцярогі, чаго пазьбягаць трэба, а што ёсць прыкладу карыснага / Марцін Матушэвіч ; прадмова і пер. Вацлава Арэшкі // Спадчына. 1996. № 5. С. 250–268; 1997. № 1. С. 110–131; № 2. С. 209–231.

  2. Матушэвіч, М. Дыярыуш жыцця майго… : (урыўкі) : [Паядынак Сузіна з Крапінскім, суперніцтва Радзівілаў і Чартарыйскіх ; Сутычка з Флемінгам на сойміку] / Марцін Матушэвіч ; пер. Вацлава Арэшкі // Песні Белавежы : Камянеччына літаратурная : проза, паэзія, публіцыстыка / уклад. З. Дудзюк. Мінск, 2005. С. 15–18.

  3. Матушэвіч Марцін // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск : БелЭн, 2007. Т. 2. С. 280–281.

  4. Матушевич Мартин // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск : БелЭн, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 81.

  5. Матушэвіч Марцін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 208.

  6. Матушэвіч Марцін // Асветнікі зямлі беларускай : энцыкл. даведнік / рэдкал. Г. П. Пашкоў і інш. Мінск : БелЭн, 2001. С. 287–289.

  7. Марцін Матушэвіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2008. С. 286–289.

  8. Рублевская, Л. Злые дневники кастеляна. Мартин Матушевич (1714–1773) : [ист. эссе] / Л. Рублевская // Рублевская, Л. Рыцари и дамы Беларуси : ист. очерки / Людмила Рублевская. Минск : Мастацкая літаратура, 20013. С. 171–176.

  9. Мальдзіс, А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя : нарысы быту і звычаяў / Адам Мальдзіс. Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. 256 с. Са зместу: [М. Матушэвіч]. С. 11, 22, 26, 41–47, 55, 63–70, 72, 79, 91, 130, 134–138, 140, 142, 145, 147–148, 155, 163, 166–167, 169–171, 173–175, 178, 190–192, 245, 248, 254.

  10. Карлюкевіч, А. «…Дзе і раку завуць Лясною» : [звесткі пра М. Матушэвіча] / Алесь Карлюкевіч // Карлюкевіч, А. Радзімазнаўства. Мясціны. Асобы / Алесь Карлюкевіч. Мінск, 2010. С. 78–79.

  11. Місявічус, В. Мядзведжая акадэмія : раман : [адзін з герояў гіст. рамана з часоў ХVIII ст. – Марцін Матушэвіч] / Вітаўтас Місявічус ; пер. з літ. М. Грынблата. Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. 262 с.

  12. Рублевская, Л. Злые дневники кастеляна : [о писаре князя Радзивилла Пане Коханку Мартине Матушевиче] / Людмила Рублевская // Советская Белоруссия. 2010. 6 окт. С. 20.

  13. Ляховский, И. Брестский каштелян и его время : [о жизни и деятельности М. Матушевича] / И. Ляховский // Брестский вестник. 2007. 22 нояб. С. 4.

  14. Матушевич Марцин (1714–1773) : биография // ПомниПро : электронный мемориал [Электронный ресурс]. 2011–2014. Режим поиска : http//:pomnipro.ru/memorypage 71140/biography

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1158 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 12:08