Серада, 10 Снежань 2014 10:35

9 лістапада 2014 г. – 225 гадоў з дня нараджэння Марціна Антоні Паўловіча (1789–1830), вучонага-геолага, асветніка

Марцін Антоні (Марэк Антоніюш) Паўловіч нарадзіўся 9 лістапада 1789 года ў мястэчку Лагішын Пінскага павета (цяпер г. п. Лагішын Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) ў сям’і кавалерыйскага паручніка войска Рэчы Паспалітай. Спачатку навучаўся дома, потым у школах у Любашове і Дубровіцы, у Віленскай гімназіі. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Віленскім універсітэце. Вывучаў польскую і лацінскую літаратуру, гісторыю, матэматуыку, фізіку і гісторыю прыродазнаўства.

У 1808 годзе Марцін Паўловіч атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Працаваў настаўнікам Віленскай гімназіі, потым пераехаў у Віцебск, а ў 1817 годзе – у Варшаву.

Дзеля грунтоўнага вывучэння мінералогіі і геалогіі Варшаўскі ўніверсітэт накіраваў яго ў Парыж (Францыя) і Фрыбург (Швейцарыя). На розных факультэтах універсітэтаў і ў прыватных школах вывучаў мінералогію і геалогію, эксплуатацыю шахт, заалогію, хімію. Вандраваў па Францыі, наведваў кабінеты прыродазнаўства, навуковыя школы, удзельнічаў у пасяджэнняў навуковых таварыстваў.

Пасля вяртання ў Варшаву ў лістападзе 1820 года М. Паўловіч прывёў у парадак мінералагічны кабінет універсітэта, загадваў ім да канца жыцця. Калекцыя кабінета была вельмі багатая: каля 20 тысяч узораў, яе ўпарадкаванне адабрала ў М. Паўловіча шмат часу і здароўя. Для ваяводскіх гімназій склаў дванаццаць калекцый мінералаў. З 1821 года быў выкладчыкам батанікі і мінералогіі ў Варшаўскім ліцэі.

З мэтай папраўлення здароўя з мая 1824 па лістапад 1825 года Марцін Паўловіч здзейсніў замежнае падарожжа. Адначасова збіраў узоры мінералаў для ўніверсітэта. Вывучаў навуковыя зборы ў Жэневе і Лазанне. Праз Альпы трапіў у Італію, наведаў Венецыю, Рым, Неапаль, Сіцылію. Вяртаўся праз Венгрыю.

Пасля вяртання М. Паўловіч узначаліў кафедру хіміі Каралеўскага ўніверсітэта ў Варшаве (з 30 сакавiка 1830 г. – Аляксандраўскі ўніверсітэт), адначасова страціў пасаду ў ліцэі. У канцы 1825 года стаў яшчэ прафесарам натуральнай гісторыі ў падрыхтоўчай школе Палітэхнічнага інстытута.

Быў членам польскіх і замежных навуковых таварыстваў. Аўтар шэрагу навуковых работ і трактатаў па геалогіі і мінералогіі – «Rozprawaowłasnościachipoczątkubazaltów» («Трактата аб уласцівасцях і зачатках базальтаў», Варшава, 1822), апісання падарожжа ў Італію ў часопісе «DzіеnnіkWarszawski» («Варшаўскі дзённік», 1825), артыкулаў у перыядычным друку. У 1829 годзе разам з Станіславам Яніцкім і Крыстынем Шырмай ён выдаваў у Варшаве часопіс «Pamiętnikfizycznych, matematycznychistatystycznychumiejętnościzzastosowaniemdoprzemysłu» («Веснік фізічных, матэматычных і статыстычных ведаў»). Быў адным з рэдактараў першых шасці нумароў часопіса, змяшчаў у ім некаторыя ўласныя артыкулы.

Марцін Антоні Паўловіч захварэў на запаленне лёгкіх і памёр 24 ліпеня 1830 года ў Варшаве. Пахаваны на Святакрыжскіх могілках.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Станкевіч Клаўдзія Аляксандраўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Паўловіч Марцін Антоній // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пінскага раёна. Мінск, 2003. С. 122–123.

  2. Паўловіч Марцін Антоні (9.11.1789–24.7.1830) // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыкл. даведнік / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мінск, 2001. С. 321.

  3. Паўловіч Марцін Антоні (9.11.1789–24.7.1830) // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыкл. даведнік / гал. рэд.: Б. І. Сачанка і інш. Мінск, 1995. С. 523.

  4. Павлович Мартин Антоний// Учёные Пинщины : [справ. издание] / авт.-сост. И. А. Кибак, П. Н. Синкевич, В. В. Василевицкий. Пинск, 2012. С. 101.

  5. PawlowiczMarekAntoniusz// PolskiSłownikBiograficzny. Т. XXV. WrocławWarszawaKrakówGdańsk, 1980.

  6. MarekAntoniusz Pawlowicz // Twarogowski, J. Poczet wielkich geologów / JerzyTwarogowski. Warszawa, 1974.

  7. Паўловіч Марцін Антоні. Режим доступа: http://be.wikipedia.org/wiki/.

  8. Паўловіч Марцін Антоні. Режим доступа: http://spadchyna.net/index.php?
    option=com_content&view=article&id.

  9. Паўловіч Марцін Антоні. Режим доступа: http://www.pgi.waw.pl./
    muzeum/poczet/Marek_Pawlowicz/.html.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1367 разоў Апошняя змена Пятніца, 30 Красавік 2021 11:55