Серада, 10 Снежань 2014 10:48

21 кастрычніка 2014 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Казіміра Свёнтака (1914–2011), рымска-каталіцкага царкоўнага дзеяча, арцыбіскупа-мітрапаліта, кардынала

Казiмiр Янавіч Свёнтак нарадзiўся 21 кастрычніка 1914 года ў горадзе Валга Ліфляндскай губерні (цяпер Эстонiя) у польскай шляхецкай сям’і, 2 лістапада быў ахрышчаны ў Рызе. Бацька яго, Ян Свёнтак, быў мабілізаваны ў рускую армію, потым служыў у польскай арміі, загiнуў у 1919 годзе ў баi за Вiльню. У 1919–1922 гадах разам з маці і братам знаходзіўся ў дэпартацыі ў Сібіры. У 1922 годзе вярнуліся ў Польшчу, пасяліліся ў Баранавічах (горад тады належаў Польшчы). З ранняга дзяцінства Казімір спазнаў усе цяжкасці жыцця.

Калі быў вучнем 6 класа Баранавіцкай гімназіі імя Т. Рэйтана, уступіў у Марыянскую Садаліцыю. Гэта была моцная каталіцкая арганізацыя, якая аб’ядноўвала дарослых і моладзь. На пачатку свайго жыццёвага шляху Казімір Свёнтак не думаў пра святарскую дзейнасць.

У 1933 годзе ён скончыў гiмназiю i збiраўся паступаць на фiлалагiчны факультэт Вiленскага ўнiверсiтэта. Выпускнiкi гiмназii паехалi на рэкалекцыi ў Пiнск. Юнакi на чале з ксяндзом наведалi крыпту ў катэдры, дзе спачываў пiнскi бiскуп Зыгмунд Лазiнскi. Гiмназiсты падыходзiлi да труны i прасiлi блаславення ў пастыра на свой жыццёвы шлях. Тут адбылася з Казiмiрам дзiўная перамена, якую ён i сам да канца не мог зразумець. Нечакана для ўсiх i сябе самога абвясцiў, што будзе не фiлолагам, а ксяндзом. Ён быў прыняты ў Пiнскую семiнарыю імя Тамаша Аквінскага «ў парадку выключэння», бо тэрмiны прыёму ўжо скончылiся.

Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семiнарыi 8 красавiка 1939 года ў Пiнскай катэдры Казiмiр Свёнтак быў узведзены ў сан святара i накiраваны ў Пружаны, дзе і распачаў сваё святарскае служэнне. Але праз год ён быў арыштаваны НКУС, абвінавачаны ў шпіянажы i пасля катаванняў прыгавораны да смерцi. Два месяцы знаходзiўся ў камеры смяротнiкаў у Брэсце.

Вайна, якая пачалася ў чэрвенi 1941 года, перашкодзiла выканаць прысуд, святар вярнуўся да сваіх прыхаджан. У красавіку 1944 года арыштаваны нямецкімі ўладамі, але вызвалены з прыходам Чырвонай Арміі. Аднак, у снежні 1944 года Казімір Свёнтак зноў быў арыштаваны i асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сiбiры, а потым за Палярным кругам у Iнце, каля Варкуты.

Пасля заканчэння тэрміну зняволення Казімір Свёнтак пераехаў у Пінск, бо ў Пружанах касцёл быў перададзены пад клуб. У Пiнскай катэдры не было святара, але сама святыня па-ранейшаму належала вернiкам. Прайшло пяць месяцаў процiстаяння, перш чым настала доўгачаканая хвiлiна, калi можна было адправiць Святую Iмшу ў касцёле. Выконваў гэтыя абавязкі да 30 красавіка 1991 года, да таго часу, калі Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго Арцыбіскупам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

11 лютага 1988 года Казiмiр Свёнтак становіцца капеланам яго Святасці, а 11 красавіка 1989 года – генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі.

У 1991 годзе была ўтворана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і пробашч Пінскай катэдры ва ўзросце 77 гадоў стаў яе першым арцыбіскупам, а таксама апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Вось каліпа-сапраўднаму спатрэбіўся яму і багаты вопыт душпастырства і балючы вопыт усіх тых выпрабаванняў, якіх спаўна хапіла на жыццёвым і святарскім шляху будучага арцыбіскупа. Цяпер Яго Эксцэленцыю чакала цяжкая і адказная задача: трэба было падымаць з руінаў не толькі разбураныя, знішчаныя святыні, але і святыні чалавечых душаў.

Гэта ахвярная праца і руплівасць у адраджэнні каталіцкай веры былі годна ацэнены Апостальскай Сталіцай. 26 лістапада 1994 года ў час публічнага кансістару ў Рыме Папа Ян Павел ІІ менаваў арцыпастыра беларускіх католікаў кардыналам – найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле.

З вялікім запалам Казiмiр Свёнтак наведваў парафii, ствараў патрэбныя для Касцёла структуры, баронiў правы вернiкаў, каранаваў цудадзейныя абразы, садзейнічаў заснаванню каталіцкага выдавецтва «ProCristo» і партала catholic.by, вывучаў італьянскую мову, актыўна ўдзельнiчаў у Сiнодзе бiскупаў у 1991 годзе, у пасяджэннях Рады Канферэнцыi бiскупаў Еўропы iiншых касцёльных арганiзацый, у мiжнародных форумах i канферэнцыях праводзіў Сінод у Беларусі, адкрываў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя Тамаша Аквінскага для падрыхтоўкі ў святарства кандыдатаў, якія паходзяць з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, быў яе першым рэктарам.

Казiмiр Свёнтак 12 студзеня 2000 года Экуменічнай капітулай ордэну ў Тамашове Мазавецкім (Польшча) быў адзначаны ордэнам «Ессе Homo» «за чалавечнасць перад абліччам смерці, за любоў і прабачэнне, за нястомнае служэнне на карысць бліжніх». У тым жа годзе атрымаў дазвол на трансляцыю Святой Імшы ў кожную нядзелю і ўрачыстасцей Каталіцкага Касцёла на першым радыёканале Беларусі.

27 верасня 2004 года Папа Ян Павел II уручыў кардыналу Казіміру Свёнтаку ўзнагароду «FideiTestis». 23 лістапада 2006 года Казiмiр Свёнтак быў узнагароджаны Прэзідэнтам Рэспублікі Францыя найвышэйшай адзнакай Камандора ордэна Ганаровага легіёну.

14 чэрвеня 2006 Папа Бенэдыкт XVI адклікаў кардынала з пасады арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага з захаваннем абавязкаў Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі. 26 чэрвеня 2006 года кардынал правёў сваю апошнюю службу.

3 кастрычніка 2009 года Казiмiр Свёнтак правёў урачыстае адкрыццё Катэхетычнага каледжа Пінскай дыяцэзіі ў Баранавічах і аддаў яго ў апеку біскупу Зыгмунту Лазінскаму.

30 чэрвеня 2011года кардынал быў звольнены з пасады Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі.

19 мая 2010 года стан здароўя Казіміра Янавіча пагоршыўся (пералом шыйкі бядра). Кардынал быў пацыентам шпіталяў Пінска, Мінска, Любліна і скончыў зямное жыццё 21 ліпеня 2011 года ў Пінску, жыхаром якога быў на працягу 57-і гадоў. Пахаваны ў крыпце касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Яго імянем названа вуліца ў Пінску. 25 кастрычнiка 2014 года ў Пінску прайшлі ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння першага кардынала Беларусі Казіміра Свёнтака.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. А. ВРамановіч, галоўны бібліятэкар сектара літаратуры на замежных мовах; А. Н. Гарачова, гал. бібліёграф

 

  1. Свёнтек Казимир // Регионы Беларуси : энциклопедия. Т. 1 : Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 334.

  2. Свёнтек Казимир // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 581.

  3. Свёнтак Казімір // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 255.

  4. Свёнтак Казімір // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 2001. С. 292.

  5. Ільянкоў, В. Першы беларускі кардынал : 100-годдзе з дня нараджэння Казіміра Свёнтэка шырока адзначаецца ў Беларусі / Вячаслаў Ільянкоў // Народная трыбуна. 2014. 31 кастр. (№ 44). С. 4.

  6. Куницкий, П. «Вышних ищите» : Исполнилось 100 лет со дня рождения Казимира Свёнтэка / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2014. 24 окт. С. 7.

  7. Шчыры, Т. Герой веры / Тарас Шчыры // Звязда. 2014. 23 кастр. С. 3.

  8. Мицкевич, П. Сто лет кардинала : Даже в ГУЛАГе Свентэку удалось устроить пасхальную службу / Павел Мицкевич // Комсомольская правда в Белоруссии. 2014. 22 окт. С. 8.

  9. Ильенков, В. Миссия крестного служения / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2014. 16 верас. С. 2.

  10. Юркевич, Е. Через тернии с верой / Е. Юркевич // Заря. 2014. 27 мая. С. 4.

  11. Шчыры, Т. Так хацеў Бог : [год таму не стала кардынала Казіміра Свёнтака] / Тарас Шчыры // Звязда. 2012. 21 лістап. С. 3.

  12. Ильенков, В. Призванный быть апостолом / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2012. 20 ліп. С. 3.

  13. «О переименовании участка улицы Веры Хоружей в улицу Казимира Свёнтака в г. Пинске» // Пінскі веснік. 2011. 27 верас. С. 1.

  14. Лягун, А. Кардынал і анёлы / А. Лягун // Пінскі веснік. 2011. 19 жн. С. 3.

  15. Милевская, Н. Последний путь первого кардинала Беларуси / Наталья Милевская // Полесская правда (Пинск). 2011. 27 июля. С. 3.

  16. Ильенков, В. Служение людям, жизнь Богу / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2011. 26 ліп. С. 1.

  17. Волков, С. Жизнь, посвященная Богу : Казимиру Свёнтеку исполнилось 95 лет / Сергей Волков // Заря. 2009. 22 окт. С. 2.

  18. Ільянкоў, В. 70 гадоў святарства / Вячаслаў Ільянкоў // Пінскі веснік. 2009. 7 крас. С. 2.

  19. Из когорты непокорённых / подгот. В. Ильенков // Пінскі веснік. 2006. 24 лістап. С. 2.

  20. Шанскі, А. Вялікі кардынал / А. Шанскі // Наша Ніва. 2006. 23 чэрв. С. 22–23.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1286 разоў Апошняя змена Чацвер, 16 Красавік 2020 10:34