Аўторак, 20 Студзень 2015 15:43

30 ліпеня 2015 г. – 85 гадоў з дня нараджэння Рамана Аляксандравіча Левіна (1930), аднаго з 19-ці ўцалелых у перыяд вайны брэсцкіх яўрэяў (усяго налічвалася 30 тысяч)

Раман Аляксандравіч Левін нарадзіўся 30 ліпеня 1930 года ў г. Лубны Харкаўскай акругі (цяпер у Палтаўскай вобласці, Украіна) у сям’і ваеннаслужачага, ураджэнца Міншчыны. У сувязі са службай бацькі сям’я Левіных часта пераязджала, у маі 1940 года яны апынуліся ў Брэсце, атрымалі пакой у трохпавярховым доме на вул. Леніна (у 1960-я там быў адкрыты абласны тэатр лялек).

Раман Левін вучыўся ў школе, наведваў драматычны гурток у Доме піянераў. 21 чэрвеня 2041 года ён дапазна затрымаўся на генеральнай рэпетыцыі п’есы “Белеет парус одинокий”. А раніцай пачалася вайна. Бацька – афіцэр НКУС – з дому пабег у штаб. У першы дзень вайны на вуліцы загінуў дзядуля.

У кастрычніку Раман з маці Серафімай, бабуляй Рахіль, старэйшай сястрой Тамарай былі пераселены ў яўрэйскае гета, у якім апынуліся каля 20 тысяч чалавек. У красавіку 1942 года Раман з маці былі пераведзены на працу ў панскую гаспадарку ў в. Пятровічы, што каля Жабінкі. У сярэдзіне кастрычніка 1942 года Брэсцкае гета было знішчана, вязні былі расстраляны. Калі паліцаі прыйшлі ў Пятровічы забіраць на расстрэл, Раману ўдалося схавацца, а маці з іншымі яўрэямі немцы забілі. Пасля блуканяў па ваколіцах Раман прытуліўся ў Жабінцы ў полькі Флорыі Будзішэўскай, дачакаўся вызвалення Беларусі. За сувязь з партызанамі немцы расстралялі Ф. Будзішэўскую напрыканцы акупацыі Брэста. У 2005 годзе Флорыя Будзішэўская пасмяротна ўзнагароджана званнем “Праведнік народаў свету”.

У ліпені 1944 года Раман сустрэўся з бацькам у Казані, які ўладкаваў яго ў мясцовае Сувораўскае ваеннае вучылішча, якое толькі арганізавалася. Пасля заканчэння вучылішча Раман Левін жыў у розных гарадах, дзе служыў бацька: Патсдаме, Кіеве, Кішынёве. Працаваў фрэзероўшчыкам, майстрам на заводах Адэсы (1950–1954) і Харкава (1954–1960), у апошнім і застаўся жыць, пісаў вершы. У 1961–1968 гадах кіраваў літаратурнай студыяй пры Палацы культуры будаўнікоў.

Значнае месца ў лёсе Р. А. Левіна заняла сустрэча з пісьменнікам Сяргеем Сяргеевічам Смірновым. Разам яны наведаліся ў Пятровічы і знайшлі забытую магілу расстраляных. Па хадатайніцтве Рамана Аляксандравіча ў 1970 годзе на магіле з’явіўся сціплы абеліск. У знакамітай кнізе С. С. Смірнова “Брестская крепость” ёсць глава пра гісторыю ўратавання Рамана – “Мальчик из Бреста”.

Друкавацца як паэт пачаў у 1952 годзе (газета “Молодёжь Молдавии”). Першай сур’ёзнай публікацыяй Рамана Левіна стаў цыкл вершаў, прысвечаных Брэсту, у часопісе “Огонёк” у 1957 годзе. А праз год у Харкаве выйшла яго першая кніга паэзіі “Цена счастья”. У канцы 1950-х паступіў на завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве, закончыў у 1964 годзе. У 1962 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР, у 1990 годзе – Саюз пісьменнікаў Украіны. Сёння Раман Аляксандравіч – аўтар трох дзесяткаў кніг паэзіі і прозы. Нязменна ў сваёй творчасці паэт закранае тэму памяці аб трагедыі саракавых-ракавых. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета УССР (1980), прэміяй імя Н. Олеся (1997).

Да жанру прозы Раман Левін звяртаецца, калі хоча расказаць яшчэ і яшчэ раз аб перажытым. Выйшла ў свет яго аўтабіяграфічная аповесць “За неимением гербовой печати” (1981). Пра жабінкаўскі перыяд жыцця Раман Аляксандравіч напісаў аповесць “У вас доброе сердце, мадам…” (2004). Навукова-асветніцкі цэнтр “Халакост” у Маскве выдаў дакументальную кнігу Р. А. Левіна “Мальчик из гетто” (1996). Гэта жывы аповяд з яго сваеасаблівай стылістыкай, непаўторнымі інтанацыямі непасрэднага сведкі і ўдзельніка. Здаецца, што напісана яна не дарослым, а дзіцям – тым самым “хлопчыкам з гета”.

З 2001 года Раман Аляксандравіч быў нязменным удзельнікам і галоўным героем міжнародных канферэнцый школьнікаў і студэнтаў “Холокост: память и предупреждение”, якія ладзіліся ў Брэсце.

Кожныя некалькі гадоў ён прыязджае ў Брэст і Пятровічы, каб наведаць магілы, сустрэцца з сябрам – Таццянай Міхайлаўнай Ходцавай, былым навуковым супрацоўнікам Музея абароны Брэсцкай крэпасці, з якой пасябраваў яшчэ ў 1950-я. “Для меня всякая поездка в Брест – это великое эмоциональное напряжение и волнение”, – прызнаваўся Раман Аляксандравіч.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы Р. А. Левіна

  1. У вас доброе сердце, мадам… : повествование о событиях и судьбах, извлеченных из небытия : проза, поэзия / Роман Левин. Харьков : Майдан, 2004. 339 с.

  2. Параллельные миры : стихи, проза / Роман Левин. Харьков : Майдан, 2001. 211 с.

  3. Мальчик из гетто : [воспоминания и стихи] / Роман Александрович Левин ; предисл. Ильи Альтмана. Москва : Научно-просветительный центр «Холокост», 1996. 96 с. : ил. (Российская библиотека Холокоста).

  4. Погода на завтра : стихи / Роман Левин. Харьков : Майдан, 1995. 143 с.

  5. Когда отзовётся... : стихи / Роман Левин. Харьков : Прапор, 1988. 95 с. : ил.

  6. Стремительный полдень : стихи / Р. Левин. Киев : Днiпро, 1984. 179 с.

  7. За неимением гербовой печати : повести / Роман Левин. Харьков : Прапор, 1981. 280 с.

  8. Маладзёжнаекафэ ў Брэсце : [верш] / Раман Левін ; пер. Р. Бензерука // Бензярук, Р. Вясёлка сяміколерная : вершы і пераклады / Расціслаў Бензярук. Брэст : Акадэмія, 2005. С. 36.

  9. Я не насіўжоўтыя латы : з успамінаў Рамана Аляксандравіча Левіна, былога вязня Брэсцкага гета : [из книги: Левин, Р. Мальчик из гетто. М., 1996.] // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 68–70.

  10. Пятровічы : [верш] / Р. Левін ; пер. Р. Бензерука // Сельская праўда (Жабінка). 2004. 13 кастр.

  11. «Здесь ни надгробья…» ; «В тот страшный год…» ; «Ученья неисповедный путь…» ; «Послевоенный Кишинёв…» ; «Тинькают синицы по-весеннему…» : [стихи] / Р. Левин // Брестский курьер. 1998. 15–21 окт. С. 14.

  12. Анкеты : [стих.] / Роман Левин ; прадмова У. Сухапара // Народная трыбуна. 1995. 28 студз. С. 4.

 

Аб жыцці і творчасці Р. А. Левіна

  1. Сарычев, В. Роман Левин // Сарычев, В. В поисках утраченного времени : книга вторая : Брест, 1939–1941 / Василий Сарычев. Брест : Брестская типография, 2007. С. 304–306.

  2. Смирнов, С. Мальчик из Бреста // Смирнов, С. Брестская крепость : документальная книга / Сергей Смирнов. Минск : Мастацкая літаратура, 1991. С. 297–305.

  3. Волкович, А. “Мальчик из Бреста” отпраздновал своё 80-летие в городе детства / Александр Волкович // Заря. 2010. 8 июля. С. 7.

  4. Бензярук, Р. У нас у гасцях : [Р. Левін] / Р. Бензярук // Сельская праўда (Жабiнка). 2008. 25 ліп.

  5. Волкович, А. Мальчик из Бреста / Александр Волкович // Брестский курьер. 2006. 13 июля. С. 18.

  6. «До детства» обратный билет : [информ. о приезде Р. А. Левина в Брест] // Вечерний Брест. 2008. 27 июня. С. 1.

  7. Ковалёва, А. Свеча надежды / Алла Ковалёва // Заря. 2006. 14 окт. С. 7.

  8. Бензярук, Р. Лёс Рамана Левіна звязаны з Жабінкай / Расціслаў Бензярук // Сельская праўда (Жабінка). 2003. 5 нояб.

  9. Сухопар, В. Мальчик из Гетто / Владимир Сухопар // Советская Белоруссия. 2003. 5 нояб. С. 4. (Освобождение).

  10. Сухопар. В. «Всю жизнь я пишу о войне…» : Автобиографическая повесть Романа Левина два года лежала в рукописи / Владимир Сухопар // Заря. 2003. 30 окт. С. 3. (Люди и книги).

  11. Прошлое не отпускает : [о приезде Р. А. Левина в Брест] // Вечерний Брест. 2001. 27 июля. С. 2.

  12. Оставайся ещё долго молодым, Роман! // Брестский курьер. 2000. 26 окт. (№ 44). С. 12.

  13. Смиловицкий, Л. Кастастрофа евреев в Белоруссии. 1941–1944 гг. / Леонид Смиловицкий. Тель-Авив, 2000. 432 с. : ил. Из содерж.: Р. Левин. С. 63, 71, 78, 89, 304.

  14. Сухапар, У. Хлопчык з Брэста стаў пісьменнікам / Уладзімір Сухапар // Заря. 1995. 24 авг. С. 3.

  15. Адзінз сарака тысяч / Уладзімір Сухапар // Народная трыбуна. 1994. 5 ліст.

  16. Памятник жертвам фашизма : [д. Петровичи Жабинковского р-на] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 183.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1222 разоў Апошняя змена Чацвер, 16 Красавік 2020 12:03