Панядзелак, 26 Студзень 2015 16:06

18 студзеня 2015 г. – 160 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Вікенцьевіча Хруцкага (1855–1969), ваеннага дзеяча, героя руска-турэцкай вайны 1877–1878 гг.

18 студзеня 1855 года ў вёсцы Корачын Слонімскага павета (цяпер Жытлінскага сельсавета Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) ў сям’і небагатага арандатара Вікенція Хруцкага нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Канстанцін. У вялікай сям’і было дванаццаць сыноў і чатыры дачкі.

Дзяцінства Канстанцін Хруцкі правёў у сваёй роднай вёсцы, дапамагаў бацькам ў сялянскіх справах, а падлеткам без дазволу бацькі падаўся ў Вільню, дзе скончыў трохкласнае пачатковае вучылішча. У 1873 годзе паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, якая рыхтавала настаўнікаў пачатковых школ.

Дваццацігадовым юнаком быў прызваны служыць у Рускую армію. Служыць давялося ў Лейб-гвардыі Прэабражэнскім палку, які быў размешчаны ў Санкт-Пецярбургу.

4 чэрвеня 1877 года 185-тысячная руская армія пад камандаваннем генерала М. І. Драгамірава фарсіравала Дунай і пачала праследаваць турэцкія войскі. Пачалася руска-турэцкая вайна за вызваленне славянскай Балгарыі ад Асманскай імперыі. Старшы ўнтэр-афіцэр Хруцкі стаў героем гэтай вайны. За адвагу ў баях за Шыпку ён быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам ІV ступені, а за Плеўну – крыжам ІІІ ступені.

У 1881 годзе Канстанцін Хруцкі быў дэмабілізаваны. Ён працягваў вучобу ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, якую паспяхова закончыў у 1885 годзе. На працягу наступных трыццаці гадоў настаўнічаў у вёсках Гродзенскай губерні.

У сувязі з падзеямі Першай сусветнай вайны, калі фронт наблізіўся да Гродна, у 1915 годзе К. В. Хруцкі паехаў у эвакуацыю. Жыў з сям’ёю ў Маскве, прымаў актыўны ўдзел у Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, стаў членам РСДРП. У складзе студэнцкіх атрадаў “самоохраны” арыштоўваў былых гарадавых і жандармаў.

На Маскву насоўваліся галодныя часіны, таму сям’я Хруцкіх падалася ў хлебны, як казалі, Барнаул. Далей былі паўтара года адысеі па Урале і Сібіры, насычаныя драматычнымі падзеямі. У 1919 годзе ён за рэвалюцыйную дзейнасць быў арыштаваны ў Омску калчакаўцамі і асуджаны да расстрэлу, але штурм горада Чырвонай арміяй не дазволіў здзейсніць прысуд.

Пасля пэўны час К. В. Хруцкі працаваў у Сібіры, а з 1923 года звязаў свой лёс з горадам Новарасійскам. Працаваў у розных гаспадарчых і савецкіх установах, электраматарыстам на цаментным заводзе да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У час вайны К. В. Хруцкі апынуўся ў акупацыі, з Наварасійска немцамі быў пераселены ў Крым, стуль толькі пасля вызвалення вярнуўся дахаты. Праўда, дом аказаўся разбураным.

За сваю шматгадовую працу К. В. Хруцкі ўзнагароджаны ордэнам «Знак Почёта». У 1955 годзе па запрашэнні камітэта балгара-савецкай дружбы К. В. Хруцкі наведаў Балгарыю, яму была ўручана вышэйшая ўзнагарода гэтай краіны – ордэн Георгія Дзімітрава. Гасцяваў Канстанцін Вікенцьевіч у балгарскіх сяброў разам са сваім унукам – афіцэрам запасу Савецкай арміі Леанідам Варанцовым, які ўдзельнічаў у вызваленні Балгарыі ад гітлераўцаў. Тады ж К. В. Хруцкаму падарылі форму балгарскага апалчэнца руска-турэцкай вайны 1877–1878 гадоў, у якой ён любіў паказвацца на людзях.

У студзені 1961 года Канстанцін Хруцкі наведаў родны Корачын. Яго браты Іосіф і Самсон Хруцкія ў час Вялікай Айчыннай вайны з’яўляліся байцамі партызанскага атрада імя Чарткова. Іосіф загінуў, а Самсон пасля вайны жыў у Брэсце. Канстанцін Вікенцьевіч ганарыўся сваім родам, багатырскім здароўем, даўгалеццем. Ён расказваў, што дзед яго пражыў 124, а бацька – 112 гадоў.

Канстанцін Вікенцьевіч Хруцкі памёр 14 лютага 1969 года ў Новарасійску на 115-м годзе жыцця.

Аднак ніякіх дакументальных пацвярджэнняў абставін біяграфіі К. В. Хруцкага не захавалася. Практычна ўсе звесткі заснаваны на яго аўтабіяграфіі. Не захавалася і пацвярджэнняў удзелу В. І. Хруцкага ў руска- турэцкай вайне. Вакол неардынарнай асобы застаецца жыць шмат міфаў і “белых плям”, якія чакаюць свайго даследчыка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Хруцкий Констанцин Викентьевич // Ваенная энцыклапедыя Беларусі = Военная энциклопедия Беларуси. Мінск, 2010. С. 1033.

  2. Хруцкий Констанцин Викеньтьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 449.

  3. Хруцкий Константин Викентьевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 456.

  4. Хруцкі Канстанцін Вікенцьевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 85.

  5. Хруцкі Канстанцін Вікенцьевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 65.

  6. Хруцкий Констанцин Викентьтевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 662.

  7. Зайка, А. Канстанцін Хруцкі – герой Шыпкі / Аляксандр Зайка // Івацэвіцкі веснік. 2010. 28 мая. С. 9.

  8. Новиков, С. Человек-легенда или легенда о человеке? : На Шипке ему целовали руки / Сергей Новиков // Новороссийские вести. Новороссийск, 2008. 10 ноября (№ 85). С. 4–5.

  9. Шумилов, Д. Последняя встреча с легендарным героем : [о встрече с К. В. Хруцким на болгарском судне «Перелик» в порту Новороссийска (август 1966 г.)] / Димитр Шумилов // Техника – молодёжи. 1978. № 3. С. 19.

  10. Кривоносов, Ю. Дядо Хруцкий : [о встрече с К. В. Хруцким в Новороссийске] / Ю. Кривоносов // Огонёк. 1968. № 10. С. 10–11.

  11. Корачын : [радзіма К. В. Хруцкага] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 3. Брэсцкая вобласць : у 2 кн. Мінск, 20063. Т. 1. С. 482–483.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1393 разоў Апошняя змена Чацвер, 23 Красавік 2020 11:23