Аўторак, 24 Люты 2015 13:02

13 лютага 2015 года – 55 гадоў з дня нараджэння (1960) Юрыя Іванавіча Хілько, беларускага графіка, педагога

Юрый Іванавіч Хілько нарадзіўся 13 лютага 1960 года ў г. Баранавічы Брэсцкай вобласці.

 

Вучыўся ў сярэдняй школе № 16 г. Баранавічы. З ранняга дзяцінства любіў маляваць, наведваў студыю выяўленчага мастацтва пры Доме афіцэраў, якой кіравала Надзея Бранавец. З бацькамі, Іванам і Марыяй Хілько, наведваў Нясвіж, Сноў, Клецк, Сталовічы, Завоссе, Гарадзішча, Дзятлава, Навагрудак, з тых часоў засталася цікаўнасць да гісторыі, асабліва – гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава (1980) і быў прызваны ў Савецкую армію на два гады. Толькі ў 1985 годзе паступіў у Беларускую акадэмію мастацтваў, якую скончыў у 1991-м. Вучыўся ў Ю. Выхадцава, А. Салькова, А. Малішэўскага, В. Шаранговіча, а найперш з педагогаў Юрый Хілько вылучае Уладзіміра Пятровіча Савіча, адметнага сваёй харызмай, энергіяй, працаздольнасцю.

З 1993 года Юрый Хілько працуе выкладчыкам у Беларускай акадэміі мастацтваў, з 2007 года – загадчык кафедры графікі. Выкладае жывапіс, кампазіцыю, работу ў матэрыяле, прыкладную графіку. Праводзіць кансультацыі для абітурыентаў, прымае ўдзел ва ўступных экзаменах.

Удзельнік многіх мастацкіх выстаў з 1986 года. Член Беларускага саюза мастакоў з 1993 года, уваходзіць у творчую суполку “Пагоня”. У тым жа годзе ў выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея с вялікім поспехам прайшла персанальная выстава твораў Юрыя Іванавіча. У сакавіку 2010 года сваю чарговую ў Баранавічах выставу пад назвай “Пасляслед” мастак прысвяціў сваім бацькам (у лютым 2010 г. яна дэманстравалася ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва).

Мастак Юрый Хілько працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Свае работы ён стварае ў цеснай сувязі з гісторыяй, філасофіяй, культурнай спадчынай народа. Творчасць мастака – яднанне эксперыменту, пошуку, традыцый. Гэта і жывапісныя, і графічныя работы на тэмы, блізкія беларускаму народу – зямлі, кахання, шчасця. Мастак піша тое, што знайшоў у гісторыі, назіраў у прыродзе і паўсядзённым жыцці. Выкарыстоўвае ў сваёй працы эфекты, недаказанасць вобразаў. Адно з галоўных месцаў у творчасці мастака займае вобраз роднай прыроды. Творы Ю. Хілько вылучаюцца стрыманасцю, псіхалагічнай глыбінёй, лірызмам, рытмічным і пластычным адзінствам, цэласнасцю і гарманічнасцю кампазіцыйнага вырашэння. Значны ўплыў на творчасць Ю. Хілько аказала старэйшае пакаленне мастакоў – Г. Вашчанка, Л. Шчамялёў, У. Савіч.

Асноўныя творы Юрыя Хілько: «Званіца» (1988), «Вясёлка» (1988), «Дошкі» (1987), «Горад памяці» (1989), «Фэст» (1989), «Шляхам знічкі» (1991), «Крыжы на радзіме Адама» (1992), «Два воблакі» (1990), «Адзінота» (1990), «Каранаі» (1993), «Малітва» (1994), «Насуперак плыні» (1997), «Памяці былых сядзіб» (1998), «Успаміны пра Эдэм» (1999), «У пачатку вёскі» (2001), «Назіральнік» (2003).

Юрый Хілько выканаў ілюстрацыі да кніг: «Вянок» М. Багдановіча (1994), «Камароўская хроніка» М. Гарэцкага, «Журавінавы востраў» Г. Пашкова (1998), «Агледзіны» (1998), «Як агонь, як вада…» А. Лойкі (2000).

Юрый Іванавіч мае мастацтвазнаўчыя публікацыі. Гэта вучэбныя дапаможнікі «Акварэльны жывапіс» (2005) і «Мастацтва акварэлі Заходняй Еўропы і Беларусі XV – 1-й паловы ХХ стст.» (2005), навуковая праца «Кампазіцыя і рытм» (2011).

Ю. І. Хілько – лаўрэат прэміі Міжнароднага фонду славянскай пісьменнасці імя святых Кірылы і Мяфодзія (1990), Дзяржаўнай стыпендыі імя Ф. Скарыны (1990). Уладальнік дыплома конкурсу «Лепшае выданне года» (за афармленне кнігі М. Багдановіча «Вянок», 1995), дыплома Беларускага саюза мастакоў «За актыўную творчую дзейнасць» (1988), дыплома выставы-конкурсу «Мастак і кніга» (за афармленне зборніка паэзіі «Агледзіны», 1999), дыплома Рэспубліканскага конкурсу кніжнага мастацтва (за афармленне кнігі Я. Сцяпанавай «Мара», 2003), дыплома ўдзельніка міжнароднага пленэру «Белавежа-2009».

Юрый Іванавіч узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў «За дасягненні ў выяўленчым мастацтве» (2002), Ганаровымі граматамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2010) і Міністэрства культуры РБ (2010).

Работы Юрыя Хілько знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі РБ, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Літаратурным музеі імя М. Багдановіча (Мінск), Баранавіцкім краязнаўчым музеі, графічных і мастацкіх цэнтрах Берліна, Швецыі, ЗША.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая. Кіпель Надзея Мікалаеўна, бібліятэкар ІІ кат. чытальнай залы літаратуры па краязнаўству, Лойка Ала Юр’еўна, бібліятэкар ІІ кат. аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

 

  1. Хілько, Ю. Пасляслед : жывапіс, графіка / Юрый Хілько. Мінск : Беларусь, 2010. 5 с. : іл.

  2. Хілько Юрый // Сучасны беларускі жывапіс. ХХІ стагоддзе / аўт. тэксту, склад., пер. на бел. мову: К. С. Аксёнава. Мінск, 2010. С. 368–371.

  3. Хилько Юрий Иванович : [“Всаднік”, 2001] // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 441–442.

  4. Хілько Юрый Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 17. С. 18–19.

  5. Хілько Юрый Іванавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна. Мінск, 2000. С. 621.

  6. Хілько Юрый Іванавіч : [“Адрозненне”] // Беларускі саюз мастакоў : энцыкл. даведнік / аўтар.-склад.: Б. А. Крэпак, Н. В. Зелянко [і інш.]. Мінск, 1998. С. 563.

  7. Багдановіч, М. Пагоня : [вершы] / Максім Багдановіч ; [уклад. У. Гілепа, Т. Шэляговіч; уступ. слова П. Латушкі; прадмова А. Бутэвіча; мастак Ю. Хілько]. Мінск : Беларускі фонд культуры, 2011. 47 с. : іл.

  8. Сцяпанава, Я. Р. Мара. Мечта : казка : для дзяцей / Ясенія Сцяпанава ; мастак Ю. І. Хілько. Мінск : Мінская ф-ка каляр. друку, 2003. 38 с. : іл.

  9. Лойка, А. Як агонь, як вада... : раман-эсэ пра Янку Купалу : для ст. шк. узросту / Алег Лойка ; [мастак Ю. Хілько]. Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. 476 с. : іл. (Школьная бібліятэка).

  10. Агледзiны : вершы беларускіх паэтаў / склад. Алесь Бакач ; мастак Ю. Хiлько. Мінск : Беларускі кнiгазбор, 1998. 222 с. : іл.

  11. Литвинович, А. [Хилько Юрий Иванович (1960)] : даты истории / Александр Литвинович // Наш край (Барановичи).2012. 18 февраля.С. 4.

  12. Хілько, Ю. Юрый Хілько: “Я меўся быць вольным мастаком” / Юрый Хілько ; [гутарыла] Вольга Паўлючэнка // ЛіМ. 2012. 27 красавіка (№ 17). С. 16.

  13. Мастацкая школа. Змена перспектывы : з рэдакцыйнага “круглага стала” / Май Данцыг [і інш.] ; вядучая Наталля Шаранговіч // Мастацтва. 2009. № 2. С. 6―13. Сярод аўтараў таксама: Уладзімір Тоўсцік, Уладзімір Слабодчыкаў, Уладзімір Зінкевіч, Юрый Хілько, Уладзімір Уродніч, Лідзія Бярозкіна, Ганна Шымялевіч, Барыс Герлаван, Дзмітрый Мохаў, Міхал Баразна.

  14. Сучасная графіка. Межы і перспектывы : сорак два адказы на тры пытанні / Юрый Якавенка, Эха Камісараў, Таццяна Сіплевіч, Уладзімір Вішнеўскі, Валерый Славук, Юрый Хілько, Уладзімір Савіч, Ларыса Міхневіч, Уладзімір Даўгяла, Рыгор Сітніца, Раман Сустаў, Фёдар Ястраб, Міхал Баразна, Павел Татарнікаў // Мастацтва. 2008. № 8. С. 4–11.

  15. Каваленка, А. Дзевяць спосабаў з карысцю патраціць мільён : [выстава стыпендыятаў Міністэрства культуры РБ: С. Саркісаў, Г. Конанава, Ю. Хілько, В. Нямцоў, Л. Аўчыннікава] / А. Каваленка // Мастацтва. 2011. № 3. С. 16–17.

  16. Каваленка, А. Юрый Хілько. Крокі па сваіх слядах / Алена Каваленка // Мастацтва. 2010. № 6. С. 2831. (Дзейныя асобы).

  17. Баразна, М. Філігранны сілуэт : [пра мастака Ю. Хілько] / Міхаіл Баразна // Культура. 2010. 13–19 сакавіка (№ 11). С. 9.

  18. Пятьдесят вех художника Юрия Хилько // Брестский курьер. 2010. № 18. С. 2.

  19. «Пасляслед» Юрия Хилько // Наш край (Барановичи). 2010. 11 марта. C. 2.

  20. Савіч, Т. Графічныя краявіды мастака Юрыя Хілько / Т. Савіч // Заря. 2010. 10 марта. C. 7.

  21. Дударанка, В. Юрась Хілько. Святло ў цішыні : [рэпрадукцыі 8-мі твораў] / Віталь Дударанка // Маладосць. 2001.№ 6.С. 32–33 ; [2] л. укл. (Вернісаж “Маладосці”).

  22. Станюк, И. И мастерство, и вдохновенье... / И. Станюк //Наш край (Барановичи). 1999.17 апреля. С. 1.

  23. У выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея… : [пра выставу работ мастака Ю. Хілько] // Заря. 1994. 20 января. С. 3.

  24. [Фоторепортаж В. Яковенко о выставке Ю. Хилько]// Наш край (Барановичи). 1993. 7 октября. С. 2.

  25. Хілько, Ю. …Я жыву днём сёняшнім / Юрый Хілько ; [гутарыла] І. Станюк // Наш край (Барановичи). 1993. 1 сентября. С. 3.

  26. http://bdam.by/teachers/397.html

  27. http://artru.info/ar/45007/

  28. http://www.intex-press.by/ru/792/1/3438/

  29. https://artchive.ru/artists/57688~Jurij_Ivanovich_Khilko

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1451 разоў Апошняя змена Чацвер, 02 Красавік 2020 09:38