Аўторак, 24 Люты 2015 13:06

22 лютага 2015 года – 115 год з дня нараджэння Фёдара Сямёнавіча Кунькова (1900–1969), удзельніка Грамадзянскай вайны, аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху ў Пінскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну

Фёдар Сямёнавіч Кунькоў нарадзіўся 22 лютага 1900 года ў вёсцы Сухое Бродніцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Рудскага сельсавета Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) ў сям’і селяніна. З надыходам фронту Першай сусветнай вайны сям’я эвакуіравалася на Смаленшчыну. У г. Раслаўлі Фёдар Канькоў уладкаваўся працаваць на чыгуначную станцыю.

У васемнаццаць гадоў дабраахвотна ўступіў у Чырвоную армію, у складзе 2-й Данской дывізіі 9-й арміі ваяваў супраць дзянікінцаў, служыў у 1-й Маскоўскай пралетарскай дывізіі.

Пасля Грамадзянскай вайны, з 1922 года Фёдар Кунькоў працаваў на чыгунцы ў Калінкавічах, адначасова вучыўся ў школе. У 1929 годзе прыняты ў партыю. У 1933–1935 гадах вучыўся ў Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школе імя У. І. Леніна ў Мінску. Затым працаваў дырэктарам Беларускага літаратурнага фонду праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Многія літаратары ведалі Фёдара Сямёнавіча як клапатлівага і добрасумленнага работніка. Пастаянныя сустрэчы з творачай інтэлігенцыяй мелі немалаважнае значэнне і для яго самога.

У верасні 1939 года Ф. С. Кунькоў сярод тысяч савецкіх спецыялістаў быў накіраваны ў Заходнюю Беларусь. Прыехаў у Пінск, працаваў па арганізацыі прамысловасці, а калі быў сфарміраваны Пінскі аблвыканкам, яго назначылі начальнікам аддзела мясцовай прамысловасці.

З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны актыўна ўдзельнічаў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Фёдар Кунькоў быў адным з арганізатараў першага на Піншчыне партызанскага атрада, якім камандаваў Васіль Захаравіч Корж. 28 чэрвеня 1941 года гэты атрад прыняў свой першы бой з гітлераўцамі ў вёсцы Падбалоцце.

У канцы 1942 года падпольны абкам КП(б)Б і штаб злучэння пінскіх партызан прызначылі начальнікам міжраённага штаба партызанскага руху і сакратаром Іванаўскага падпольнага райкама партыі Ф. С. Кунькова, які ўзначаліў работу па арганізацыі падполля ў Пінскім, Іванаўскім, Драгічынскім і Жабчыцкім раёнах. Базай штаба стаў атрад імя Лазо, які ўвайшоў пасля ў склад Пінскай партызанскай брыгады, якой камандаваў Іван Георгіевіч Шубітыдзэ. Цесная сувязь з партызанамі надала падпольнай барацьбе мэтанакіраванасць і арганізаванасць. Дзякуючы каардынацыі дзеянняў, патрыёты наносілі ўсё больш адчувальныя страты акупантам: паралізавалі працу прадпрыемстваў, дапамагалі ваеннапалонным, перашкаджалі вывазу моладзі ў Германію.

У красавіку 1943 года на базе некалькіх атрадаў была створана партызанская брыгада імя В. М. Молатава, яе камандзірам быў Міхаіл Іванавіч Герасімаў, камісарам – Ф. С. Кунькоў, начальнікам штаба – Міхаіл Лявонцьевіч Прыходскі, потым яго змяніў Дзмітрый Карпавіч Удовікаў. Памочнікам Фёдара Кунькова па камсамольскай рабоце ў брыгадзе быў Эдуард Баляслававіч Нордман (пасля вайны стаў генерал-маёрам, Ганаровым грамадзянінам г. Пінска). Фёдар Сямёнавіч быў чалавекам смелым, рашучым, добра разбіраўся ў абстаноўцы, умеў знаходзіць кантакт з людзьмі, у адносінах быў добразычлівым, уважлівым.

Уся сям’я Фёдара Сямёнавіча ўваходзіла ў склад партызанскіх фарміраванняў. Яго малодшы брат Уласій Сямёнавіч Кунькоў (1907–1982) з радавога байца вырас да камандзіра атрада імя Нямытава Пінскай брыгады.

Пасля вызвалення Піншчыны Ф. С. Кунькоў працаваў на розных участках гаспадарчага будаўніцтва ў Пінску: кіраваў аблбудупраўленнем, аблсельбудтрэстам, гарадскім вадаправодам. У 1950-я быў дырэктарам торфапрадпрыемства “Агдэмер”. З 1960 года – персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння, але працягваў працаваць – быў старшынёй калгаса ў в. Глінна, дырэктарам Пінскай станцыі юннатаў. Фёдара Сямёнавіча адрознівала прастата, таварыскасць, добразычлівасць, справядлівасць.

Ф. С. Кунькоў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, пяццю медалямі, ордэнам Польскай Народнай Рэспублікі.

Фёдар Сямёнавіч Кунькоў памёр 15 ліпеня 1969 года. Пахаваны на пінскіх гарадскіх могілках па вул. Спакойнай. Яго імем названы вуліцы у Пінску і Іванава, у вёсках Трудавая і Махро Іванаўскага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Мудзь Наталля Пятроўна,

бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 263–264.

  2. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 211.

  3. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 273.

  4. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. 1941–1945. Мінск, 1990. С. 282.

  5. Куньков Фёдор Семёнович // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 338.

  6. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 198–199.

  7. Литвинчук, В. А. Там, за Днепро-Бугом / Василий Литвинчук. 3-е изд., испр. и доп. Брест : Брестская типография, 2008. 492 с., фото.

  8. Клещев, А. Е. Партизаны и население Пинской области в борьбе с фашистскими захватчиками / Алексей Ефимович Клещев // Партизанское подполье в Белоруссии. 1941–1944 : страницы воспоминаний : Вилейская, Барановичская, Пинская, Брестская, Белостокская области. Минск : Беларусь, 1986. С. 208–277.

  9. Шубитидзе, И. Г. Полесские были : [воспоминания] / Иван Георгиевич Шубитидзе. Минск : Беларусь, 1974. 270 с., [12] л. ил.

  10. Партызанская брыгада імя В. М. Молатава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. 1941–1945. Мінск, 1990. С. 436.

  11. Из докладной записки командования бригады им. В. М. Молотова Пинской обл. нач. БШПД П. З. Калинину о боевой деятельности бригады за период с 10 января по 30 марта 1944 г. / Герасимов, Куньков, Удовиков // Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1944 – июль 1944) : документы и материалы : в 3 т. Минск : Беларусь, 1982. Т. 3. С. 178–182.

  12. Из истории партизанской бригады им.В. М. Молотова Пинской обл. об отражении карательных экспедиций врага и взаимодействии партизан с Красной Армией за период с 18 февраля по 30 марта 1944 г. / Герасимов, Куньков, Удовиков ; Из истории партизанской бригады им. В. М. Молотова Пинской обл. об установлении связи с войсками Красной Армии, оказании им помощи и о помощи армейских штабов партизанам вооружением, госпитализацией раненых / Герасимов, Куньков, Удовиков // Там же. С. 582–586.

  13. Мемориальная доска воинам-освободителям и партизанам : [г. Дрогичин] // Памятники истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 161–162.

  14. Памятник партизанам : [д. Заречка Дрогичинского р-на] // Памятники истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 169–170.

  15. Мемориальная доска воинам-освободителям и партизанам// Памятники истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 190.

  16. Горупа, М. У истоков антигитлеровского сопротивления : [о партизанских командирах] / Мария Горупа // Чырвоная звязда (Іванава). 2013. 8 мая. С. 5.

  17. Романюк, Я. Их именами названы : Михаил Иванович Герасимов ; Федор Семенович Куньков / Яна Романюк // Чырвоная звязда (Іванава). 2011. 22 апреля. С. 5.

  18. Сяргей, А. Гарэла зямла пад нагамі акупантаў : [пра дзеяннях партызан] / Аляксей Сяргей // Драгічынскі веснік. 2011. 26 сакавіка.

  19. Оленичева, С. Секретарь райкома : [к 100-летию со дня рождения Ф. С. Кунькова] / С. Оленичева // Полесская правда (Пинск). 2000. 23 февр. С. 2.

  20. Аленічава, С. Камісар брыгады : [да 100 годдзя з дня нараджэння Ф. С. Кунькова] / С. Аленічава // Чырвоная звязда (Іванава). 2000. 22 лютага. С. 2.

  21. Равінец, У. Змагар зямлі Палескай : [да 90-годдзя з дня нараджэння Ф. С. Кунькова] / У. Равінец // Запаветы Леніна (Драгічын). 1990. 22 лютага. С. 3.

  22. Равінец, В. Тых дзён не змоўкне слава : Да 90-годдзя з дня нараджэння Ф. Кунькова / В. Равінец // Чырвоная звязда (Іванава). 1990. 22 лютага. С. 4.

  23. Ф. С. Куньков : [некролог] / Красицкий И. К., Эрдман Э. И., Кулаженко А. Н., Минкевич М. В. [и др.] // Полесская правда (Пинск). 1969. 18 июля. С. 3.

  24. Куньков Фёдор Семёнович [Электронный ресурс]. 2015. Режим доступа: http://will-remember.ru/familii_na_k/kunkov_fyodor_semyonovich.htm. Дата доступа: 14.02.2015.

  25. Право вести за собой [Электронный ресурс]. 2015. Режим доступа: http://www.comparty.by/pravo-vesti-za-soboy. Дата доступа: 14.02.2015.

  26. Сын России, сын Беларуси [Электронный ресурс]. 2015. Режим доступа: http://kk.convdocs.org/docs/index-214205.html?page=7 . Дата доступа: 14.02.2015.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 799 разоў Апошняя змена Чацвер, 23 Красавік 2020 12:05