Панядзелак, 09 Сакавік 2015 10:18

18 лютага 1915 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Рыгора Самуілавіча Ганцэвіча ( 1915–1986), мастака, які працаваў пераважна ў графіцы, карыкатуры, нагляднай агітацыі

Рыгор Самуілавіч Ганцэвіч нарадзіўся 18 лютага 1915 года ў мястэчку Ганцавічы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер горад Ганцавічы Брэсцкай вобласці).

У 1935–1936 годах Рыгор Ганцэвіч вучыўся ў падрыхтоўчых класах Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры. У той час рэктарам інстытута быў Павел Аляксандравіч Шылінгоўскі, выдатны гравёр, жывапісец, прадстаўнік акадэмічнай школы.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны Р. С. Ганцэвіч жыў у Мінску, змяшчаў карыкуратуры і малюнкі ў перыядычным друку, у тым ліку ў сатырычным і гумарыстычным часопісе “Вожык”. Гэта былі карыкатуры на палітычныя, сельскагаспадарчыя і бытавыя тэмы.

Рыгор Самуілавіч працаваў у прыкладной графіцы, карыкатуры, нагляднай палітычнай агітацыі. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1948 года.

Выяўленчая мова плакатаў Беларусі 1940–1950-х гадоў адлюстроўвае агульныя тэндэнцыі развіцця выяўленчага мастацтва таго часу. Плакат сярод усіх відаў выяўленчага мастацтва, мабыць, быў самай дзейснай і магутнай зброяй агітацыі і прапаганды савецкага ладу жыцця.

З 1960-х актыўна развіваюцца палітычны, агітацыйны, сатырычны і іншыя жанры. У 1961 годзе пры Саюзе мастакоў БССР была створана секцыя плаката, туды ўвайшлі Т. Ігнаценка, Л. Кроль, І. Маслан, І. Радунскі. Рыгор Ганцэвіч таксама ўвайшоў у гэту секцыю, калі стаў членам Саюза мастакоў БССР у 1964 годзе.

У 1968 годзе адбылася першая рэспубліканская выстава плаката, якія потым сталі праходзіць рэгулярна. У лістападзе 2011 года ў Палацы мастацтваў (Мінск) арганізавана выстава “Рэтраспекцыя плаката” да 50-годдзя з часу стварэння секцыі.

З 1968 года пачало выходзіць перыядычнае выданне Саюза мастакоў БССР “Агітплакат”, дзе друкаваліся работы ўсіх вядучых плакатыстаў рэспублікі, у тым ліку Р. С. Ганцэвіча. У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваюцца 13 друкаваных плакатаў Р. С. Ганцэвіча, выдадзеных у серыі “Агітплакат” альбо асобна (з 1963 па 1986 гг.).

У 1970-х у плакатах адлюстравана мірная стваральная праца савецкіх людзей, выкананне планаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця рэспублікі, вобраз У. І. Леніна, знамянальныя даты ў жыцці Беларусі. Значнае месца займае барацьба супраць адмоўных з’яў жыцця. Плакаты на актуальную тэматыку стваралі, акрамя Рыгора Самуілавіча, такія мастакі, як С. Волкаў, М. Гурло, Ф. Дарашэвіч, Т. Ігнаценка, Л. Кроль, М. Лісоўскі, Р. Маліноўскі, І. Радунскі, Л. Чурко, В. Шматаў і інш.

Рыгор Самуілавіч стварыў шэраг плакатаў разнастайнай тэматыкі: «Забараніць зброю масавага знішчэння!» (1957), «Спадарожнік і царква» (1958), «Свабода па-амерыканску» (1963), «Вырвем іх з-пад улады цемры!» (1964), «Янкі, вон з В’етнама!» (1965), «Бюракрат – наш першы вораг» (1967), «Хай напомніць гэта дата, хто забыў пра сорак пяты!» (1970), «Народу-герою слава» (1973), «Мільённы трактар “Беларус”» (1975), «Вытворчая гімнастыка» (1976), «Правілы ДАІ – правілы твае» (1980) і інш.

Рыгор Самуілавіч Ганцэвіч памёр 3 лістапада 1986 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Ганцэвіч Рыгор Самуілавіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 148.

  2. Ганцэвіч Рыгор Самуілавіч : [плакат “Хай напомніць гэта дата, хто забыў пра сорак пяты!”] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 32.

  3. Ганцевич Григорий Самуилович, художник-плакатист, Минск : [плакат “Слава табе, камсамол”] // Художники Советской Белоруссии. Минск : Беларусь, 1976. С. 75.

  4. Мастацтва 60-х – сярэдзіна 70-х гадоў. Графіка // Гісторыя беларускага мастацтва : у 6 т. Т. 6. Пачатак 1960-х – сярэдзіна 1980-х гг. / рэдкал. С. В. Марцэлеў [і інш.] ; рэд. тома В. І. Жук. Мінск, 1994. 375 с. : іл. Са зместу: Р. Ганцэвіч. С. 117, 118, 120, 282, 284.

  5. Плакат : [узгадваецца Р. Ганцэвіч] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 303–305.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1362 разоў Апошняя змена Серада, 29 Красавік 2020 16:30