Панядзелак, 09 Сакавік 2015 10:22

28 лютага 2015 г. – 75 гадоў з дня нараджэння (1940) Марата Рыгоравіча Клімава, мастака ў вобласці манументальна-дэкаратыўнага і станковага жывапісу

Марат Клімаў па прафесіі і па прызванні – мастак-манументаліст. Ён майстар палотнаў вялікіх памераў: як пейзажаў, так і партрэтаў. Велічнасць яго твораў ідзе ад вялікай любові да магутных сіл прыроды, да родных краявідаў.

Нарадзіўся Марат Рыгоравіч 28 лютага 1940 года ў вёсцы Выганашчы Целяханскай гміны Косаўскага павета (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Вёска сярод балот Беларускага Палесся, побач з вялікім возерам Выганашчанскае, цяпер там гідралагічны заказнік “Выганашчанскае”. Пэўна, маляўнічыя родныя мясціны і натхнілі Марата на цікавасць да выяўленчага мастацтва.

Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, якое скончыў у 1963 годзе. Вучылішча рыхтавала выкладчыкаў малявання і чарчэння для сярэдняй школы, мастакоў-афарміцеляў, скульптараў.

Пад час вучобы яму пашчасціла пазнаёміцца з рэктарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Паўлам Васільевічам Масленікавым, заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, кандыдатам мастацтвазнаўства. Мастак-педагог адабраў сем найбольш таленавітых навучэнцаў, адным з якіх быў і Марат Клімаў. З 1963-га па 1968 год ён вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на мастака-манументаліста. Яго педагогамі былі А. Шаўчэнка, А. Кішчанка, Г. Вашчанка, М. Данцыг.

Пасля заканчэння інстытута Марат Клімаў уладкоўваецца на брэсцкі камбінат «Мастацтва», пачынае прымаць ўдзел у мастацкіх выставах. Член Беларускага саюза мастакоў з 1978 года. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце абласной арганізацыі БСМ, у 1983–1989 гадах быў старшынёй мастацкага савета.

Марат Рыгоравіч стварыў шмат манументальных работ для розных прадпрыемстваў (у тым ліку і сумесна з мастаком Уладзімірам Нікалаевым): вітражы для Брэсцкага музычнага вучылішча, кінатэатраў «Беларусь» (1975), «Мір» (1983), рэстарана «Брэст» (1978), «Песня аб Палессі» ў Палацы культуры прафсаюзаў у Брэсце (1981), у Пінскай ЦРБ імя Я. Янішчыц і Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага; сграфіта на фасадзе БПТУ № 88 у Пінску (1988), на Доме культуры ў Маларыце (1982), на фасадах дзіцячага садка ў Кобрыне; размалёўка ў клубе калгаса «40 гадоў Кастрычніка» Івацэвіцкага раёна (1972); мазаіка на будынку “Галоўпалессевадбуда” ў Пінску (1975), на фасадзе Дома культуры г. Пінска. Яго вясёлкавыя вітражы, сграфіта, мазаікі ўпрыгожваюць і да гэтага часу пералічаныя будынкі, ствараюць непаўторную атмасферу ўтульнасці інтэр’ераў і экстэр’ераў у розных кутках нашай вобласці і горада Брэста.

З’яўляецца аўтарам станковых твораў: «Дыпломнік» (1972), «Гаворыць Масква» (1974), «Каля заходніх рубяжоў» (1975), «На кальцавой трасе» (1976), «Родная зямля» (1983) і інш. На яго жывапісных палотнах, якія напоўнены светам, галоўная дзеючая асоба – прырода роднай Брэстчыны. Яе трапяткую душу мастак адчувае і перадае з аднаму яму адметнай любоўю. Мастак любіць маляваць ваду, якая быццам жывая, адлівае на многіх палотнах серабрыстым колерам да яе так і хочацца датронуцца далонню. Не цураецца Марат Рыгораввіч і партрэта, які атрымліваецца ў яго велічна-манументальны, багатым колерам, змястоўным.

Сярод сваіх жывапісных твораў Марат Клімаў лепшымі лічыць пейзажы «Ветраны дзень» і «Ля заходніх межаў», «Натхненне» (партрэт сына Алега). На гэтых палотнах, па меркаванні аўтара, удала спалучаецца задуманае і створанае. Шмат жывапісных палотнаў прысвяціў Марат Клімаў і спорту: «Футбалісты» (2005), «Хакеісты», «Востры момант», «Разборка». Яны дакладна адлюстроўваюць свет спорту, яго складанасці, гармонію і прыгажосць. У 2007 годзе мастак адзначаны дыпломам Нацыянальнага алімпійскага камітэта за ўдзел у конкурсе творчых прац «Алімпійскі спорт у мастацтве».

Творчы плён яго працы быў адзначаны ордэнам «Знак Пашаны» (1986), медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве».

Творы станковага жывапісу Марата Клімава знаходзяцца ў мастацкім музеі імя П. В. Масленікава (Магілёў) і Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай
імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Марат Клімаў. MaratKlimau // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўтар-складальнік М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 58–59.

  2. Климов Марат Григорьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1 : Брестская область. С. 459–460.

  3. Марат Климов // Художники Брестчины : альбом-каталог / авторы-составители: М. Коньков [и др.]. Минск, 2002. С. 38.

  4. Марат Климов // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 649.

  5. Клімаў Марат Рыгоравіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік / склад. Б. Крэпак. Мінск, 1998. С. 300.

  6. Клімаў Марат Рыгоравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 75.

  7. Валасюк, Л. Мастак-манументаліст Марат Клімаў // Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 10–11.

  8. Марат Климов // Пленэр : посвящается 100-летию со дня рождения Николая Чурабо / Т. О. Бембель. Брест. 2013.

  9. Валасюк, Л. Натхненне : [да 70-годдзя мастака М. Клімава] / Леанід Валасюк // Народная трыбуна. 2010. 27 лют. С. 12.

  10. Марат Клімаў. “Да восені”. Палатно, алей : [фотарэпр.] // Культура. 1997. 3–16 мая (№ 17–18). С. 15.

  11. Выганашчы : [радзіма мастака М. Клімава] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 3. Брэсцкая вобласць. Мінск, 2006. Кн. 1. С. 462–463.

  12. http://www.brest-sv.com/kyltyra/hydogniki/klimov.htm

  13. http://artru.info/ar/8233/

  14. http://www.brestobl.com/hudoz/hudoz/hud48.htm

  15. http://belartunion.by/mastaki.html

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1297 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 11:31