Панядзелак, 09 Сакавік 2015 10:23

9 сакавіка 2015 г. – 55 гадоў з дня нараджэння (1960) Уладзіміра Канстанцінавіча Савіцкага, рэжысёра, акцёра

Уладзімір Канстанцінавіч Савіцкі нарадзіўся 9 сакавіка 1960 года ў г. Баранавічы Брэсцкай вобласці.

У чацвёртым класе Уладзімір упершыню наведаў Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. На спектаклі ён атрымаў моцныя ўраджанні, пасля гэтага пачаў удзельнічаць у школьнай самадзейнасці. Праз сваё жыццё мастак нясе дзіцячае ўраджанне ад наведвання тэатра.

Па заканчэнні сярэдняй школы Уладзімір Савіцкі вучыўся ў Мінскім інстытуце культуры, на рэжысёрскім аддзяленні Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, якое скончыў у 1991 годзе.

Мае пэўную педагагічную практыку па дысцыпліне «Рэжысура і майстэрства акцёра». З 1991 года арганізатар (разам з А. Маркевічам) і рэжысёр тэатра-студыі «Абзац». Дваццаць гадоў працаваў рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Уладзімір Канстанцінавіч у розных тэатрах паставіў болей 30-ці спектакляў па матывах класічнай і сучаснай драматургіі, сярод якіх адзначаны «Смерць Тарэлкіна» А. Сухава-Кабыліна, «Вечны Фама» Ф. Дастаеўскага, «Свае людзі – паладзім» А. Астроўскага, «Пігмаліён» Б. Шоў, «Крэслы» Э. Іянескі, «Восеньская саната» І. Бергмана.

У 1999 годзе У. Савіцкі стажыраваўся ў Тэатры драмы і камедыі на Таганцы (Масква) пад кіраўніцтвам народнага артыста Расіі Юрыя Пятровіча Любімава. У 2008 годзе – ва ММАТ імя А. П. Чэхава пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Алега Паўлавіча Табакова.

Уладзімір Савіцкі – аўтар дзевяці інсцэніровак па матывах нацыянальнай і сусветнай літаратуры, адзначаных прызамі і ўзнагародамі на драматургічных конкурсах, якія праводзяцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Творца паслядоўна вывучаў, прапагандаваў і перакладаў на сцэнічную мову лепшыя творы беларускай літаратуры – сучаснай і класічнай: «Беларусь у фантастычных апавяданнях» паводле Я. Баршчэўскага, «Балада пра каханне» па матывах «Альпійскай балады» В. Быкава, «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Сны аб Беларусі» паводле У. Караткевіча (усе спектаклі з рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы).

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску Уладзімір Канстанцінавіч паставіў «Ветрагоны» У. Галубка і «Апошніх сведак» С. Алексіевіч, у Брэсцкім тэатры драмы і музыкі – «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, у Мінскім абласным драматычным тэатры – «Свінтус грандыёзус» паводле К. Крапівы.

З 2010 года – мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра юнага гледача. Паставіў спектаклі: «Няшмат пяшчоты», «Пане міністры», «Міхалава зямля», «Майго юнацтва крылы», у некаторых удзельнічае і сам.

Уладзімір Канстанцінавіч мае шмат задумак на будучае. У інтэрв’ю газеце «Рэспубліка» творца падзяліўся сваімі планамі: «Самы важны складальнік тэатра, яго аснова – трупа, акцёры. Яны – галоўны выразны сродак, усё можа быць умоўна на сцэне, акрамя акцёра. Ужо вырашана, што наша акадэмія мастацтваў будзе набіраць і рыхтаваць акцёрска-рэжысёрскі курс менавіта для дзіцячага тэатра. З прыцэлам на гэтых маладых людзей мы мяркуем адкрыць сваю студыю, каб яшчэ ў час вучобы яны «прырасталі» да ТЮГа, назіралі за працэсам пастаноўкі, прысутнічалі на рэпетыцыях, удзельнічалі ў масавых сцэнах. У такой студыі маглі б выкладаць, перадаваць сваё майстэрства і нашы выдатныя акцёры старэйшага пакалення. Словам, глабальныя рэчы збіраемся здзейсніць».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая. Старук Алена Валер’еўна, бібліёграф І кат. аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

 

  1. Савицкий Владимир Константинович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 552.

  2. Савіцкі Уладзімір Канстанцінавіч// Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2003. Т. 2. С. 326.

  3. Савицкий Владимир Константинович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 328.

  4. Галеснік, С. Сведкі свайго дзяцінства : [пра інсцэніроўку паводле дакументальнай аповесці С. Алексіевіч «Апошнія сведкі», пастаўленую ў Віцебску У. Савіцкім] // Беларусь. 2009. № 7. С. 53.

  5. Кармазина, С. «Контрастный душ» Владимира Савицкого : [о премьере спектакля «Муж для поэтессы» по пьесе белорусского драматурга Елены Поповой в постановке белоруского режиссёра В. Савицкого в областном драматическом театре] // Гродзенская праўда. 2005. 28 кастрычніка. C. 8.

  6. Лашкевіч, Ж. Тэатр новага пакалення / Жанна Лашкевіч, Дзяніс Марціновіч // ЛіМ. 2013. 29 сакавіка. С. 8.

  7. Савіцкі, У. К. Зямля без «экшна» : творы Купалы і Коласа на сцэне: перачытанне, перастварэнне або «“дацкая” даніна»? / Уладзімір Савіцкі ; [гутарыў] Яўген Рагін // Культура. 2012. 7 красавіка (№ 14). С. 10 : фат.

  8. Савіцкі, У. К. Тэатр без паэзіі не можа існаваць : пра спектакль – з рэжысёрам / Уладзімір Савіцкі ; [вяла гутарку] Людміла Грамыка // Мастацтва. 2012. № 4. С. 26–29.

  9. Комарова, Т. Сны наяве / Таццяна Комарова // Мастацтва. 2007. № 10. С. 10–11.

  10. Савицкий Владимир Константинович. Режим доступа: http://afisha.tut.by/people/vladimir_savickiy/

  11. Савицкий Владимир Константинович. Режим доступа:http://www.kino-teatr.ru/teatr/activist/323420/bio/

  12. Савицкий Владимир Константинович. Режим доступа:http://studlife.bspu.by/rezhissyor-vladimir-savitskiy-teatr-eto-hram/

  13. Савицкий Владимир Константинович. Режим доступа:http://www.beltuz.by/ru/persons/administration/97.html

  14. Савицкий Владимир Константинович. Режим доступа:http://respublika.sb.by/persony/article/perakanany-u-teatry-vyzhyvuts-tolk-fanatyk-.html

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1486 разоў Апошняя змена Серада, 29 Красавік 2020 16:33