Панядзелак, 09 Сакавік 2015 10:29

12 лютага 2015 г. – 120 гадоў з дня нараджэння Паўла Аляксеевіча Трайніна (1895–1956), расійскага ваеннага дзеяча, контр-адмірала, удзельніка савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг., Вялікай Айчыннай вайны

Павел Аляксеевіч Трайнін нарадзіўся 12 лютага 1895 года ў г. Пінску Мінскай губерні (цяпер у Брэсцкай вобласці) ў сям’і служачых.

З дзяцінства вызнаваўся ўпартым і незалежным характарам. Вучыўся ў Пінскім рэальным вучылішчы, якое закончыў у 1914 годзе. Паступіў на факультэт грамадзянскіх інжынераў Петраградскага палітэхнічнага інстытута. У 1916 годзе закончыў другі курс і быў прызваны ў армію, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. У жніўні 1917 года закончыў Пецяргофскую школу прапаршчыкаў. 

У 1919 годзе П. А. Трайнін паступіў на службу ў Чырвоную армію. З 1920 года яго пераводзяць на Ваенна-марскі флот, служыў артылерыстам на кананерскіх лодках “Меткий” і “Мощный” Дняпроўскай ваеннай флаціліі. У 1925 годзе закончыў артылерыйскія спецыяльныя курсы камсаставу ВМФ. Быў флагманскім артылерыстам (1927–1929) і начальнікам штаба Далёкаўсходняй ваеннай флатыліі ў Хабараўску (1929–1931). За ўдзел у баявых дзеяннях на Кітайска-усходняй чыгунцы П. А. Трайнін быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

У 1931–1939 гадах выкладаў у Ваенна-марской акадэміі імя К. Я. Варашылава ў Ленінградзе, быў начальнікам кафедры, з 1938 года – дацэнт. Затым П. А. Трайнін быў назначаны камандуючым Ладажскай ваеннай флатыліяй, удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне.

3 красавіка 1940 года П. А. Трайніну прысвоена званне флагмана 2-га рангу. 4 чэрвеня 1940 года ён стаў контр-адміралам. У 1940–1941 гадах – камандзір Лібаўскай ваенна-марской базы, а ў маі 1941 года прызначаны камандзірам Рыжскай ваенна-марской базы.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны кіраваў эвакуацыяй Рыжскай ВМБ, камандаваў Прыбалтыйскай ВМБ, з ліпеня 1941 года – камандзір Ладажскай ваеннай флатыліі. 24 ліпеня 1941 года камандаваў аперацыяй па высадцы дэсантаў на астравы Лункулансары і Мантсінсаары, у ходзе якой быў паранены. Спробы ўзяць астравы закончыліся стратамі і няўдачай. Пасля гэтага П. А. Трайнін быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў з пазбаўленнем воінскага звання.

У верасні 1941 года памілаваны са здыманнем судзімасці і вяртаннем воінскага звання. Служыў начальнікам штаба Волжскай ваеннай флатыліі (1941–1942) і Туапсінскай ВМБ (1942), камандзірам Керчанскай ВМБ (1942 і 1943) і брыгады рачных караблёў (1942–1943). Быў памочнікам начальніка Галоўнага марскога штаба ВМФ (1944–1945).

У 1945–1947 гадах Павел Аляксеевіч служыў у складзе Саюзнай кантрольнай камісіі ў Венгрыі, займаўся аднаўленнем суднаходства па Дунаю. У 1947–1956 гадах – начальнік кафедры аператыўна-тактычных навук, з 1950 года – кафедры аператыўнага мастацтва і агульнай тактыкі ў Ваенна-марской акадэміі караблебудавання і ўзбраення імя А. М. Крылова.

Аўтар брашур «Зеебрюггская операция» (1925 і 1939), «О военных теориях империалистических стран» (1956), шматлікіх артыкулаў. Удзельнічаў у перакладзе на рускую мову кнігі англійскага ваеннага гісторыка Г. Р. Вільсана «Линейные корабли в бою 19141918 гг.» (1936, перавыдадзена ў 2002 г.).

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1945), Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені (1944), Кутузава ІІ ступені (1943), трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1930, 1940, 1944), медалямі, дзвюма венгерскімі ордэнамі (1946, 1947), імянной зброяй.

Павел Аляксеевіч Трайнін памёр 4 чэрвеня 1956 года. Пахаваны на Серафімаўскіх могілках г. Ленінграда.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Гарачова А. Н., гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Трайнин Павел Алексеевич // Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці : да 915-й гадавіны з першага летапіснага ўпамінання / А. М. Літвін [і інш.]. Мінск : Высшэйшая школа, 2012. С. 533–535.

  2. Трайнин Павел Алексеевич // Долготович, Б. Д. Адмиралы земли белорусской : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2009. С. 38–40.

  3. Трайнин Павел Алексеевич // Большая энциклопедия : в 62 т. Москва : Терра, 2006. Т. 51. С. 475.

  4. Трайнин Павел Алексеевич // Долготович, Б. Д. Военачальники земли белорусской : энцикл. справочник / Борис Долготович. Минск : Беларусь, 2005. С. 99–100.

  5. Трайнін Павел Аляксеевіч // Хвагiна, Т. А. Пiнск і яго ваколіцы : [гістарычныя, памятныя мясціны, знакамітыя людзі] / Т. А. Хвагiна. Мінск : Вышэйшая школа, 2007. С. 145.

  6. Трайнин, П. А. О военных теориях империалистических стран / П. А. Трайнин. – Ленинград : Общество по распространению полит. и науч. знаний РСФСР, 1956. – 40 с.

  7. Вильсон, Х. Линкоры в бою 1914–1918 гг. / Херберт Вильсон. – Москва, 2002. – 430 с. : ил.

  8. Адмирал с пинской родословной : К 110-летию Павла Алексеевича Трайнина // Пiнскі веснiк. 2005. 29 ліпеня. С. 3.

  9. Вечар-партрэт земляка : [у Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы адбыўся вечар-партрэт памяці ўраджэнца Пінска, ваеннага дзеяча, дацэнта, контр-адмірала П. А. Трайніна] // Народная трыбуна. 2015. 13 лютага (№ 7). С. 3.

  10. Долготович, Б. На морской вахте / Борис Долготович // Вечерний Минск. 2011. 10 ноября.

  11. Зайлер, Б. Адмиральская звезда Павла Трайнина : [очерк] / Борис Зайлер // Карлин (Пинск). 2005. 6 мая (№ 3–5). С. 3–4.

  12. Трайнин Павел Алексеевич : Великая Отечественная под водой: о подлодках и подводниках 1941–1945 гг. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://town.ural.ru/ship/war/traynin.php3

  13. Павел Алексеевич Трайнин: биография [Электронный ресурс]. 2015. Режим доступа: http://www.people.su/109250

  14. Трайнин Павел Алексеевич(1895–1956) : Некрополь Санкт-Петербурга и окрестностей [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://nekropol-spb.ru/main/cemeteries/serafimovskoe/trainin-pavel-alekseevich/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 601 разоў Апошняя змена Чацвер, 30 Красавік 2020 14:28