Брэсцкі манеты двор быў створаны паводле рашэння Варшаўскага сейма Рэчы Паспалітай у 1659 годзе для чаканкі солідаў – дробных сярэбраных, білонных і медных польскіх і літоўскіх манет.
Фінансавы стан краіны ў сярэдзіне ХVІІ ст. быў вельмі складаным, а палітычная нестабільнасць, пастаянныя з 1648 года войны патрабавалі новых і новых расходаў. У часы караля Уладзіслава ІV Вазы (1632–1648) манеты Вялікага Княства Літоўскага не выпускаліся. Пры Яне ІІ Казіміру (1648–1668) выраб манет у ВКЛ аднавіўся: біліся грошы, паўтаракі, траякі, шастакі, орты, талеры, паўдукаты, дукаты. Рашэнне сейма было абумоўлена тым, што даход казны Рэчы Паспалітай да 1658 года склаў 12 млн злотых, а доўг толькі літоўскаму войску выразіўся ў 4 млн злотых.
Варшаўскі сейм 22 сакавіка 1659 года пастанавіў: «Да будет ведомо всем, что Менница будет установлена в Великом Княжестве Литовском на нынешние Речи Посполитой потребы выплаты войскам нашим долга. Посему, со всеобщего согласия сейм постановляет, дабы в Бресте Литовском заложена и успешно установлена была» (Цыт. па: Рябцевич В. Н. О чём рассказывают монеты / Валентин Наумович Рябцевич. Минск, 1977. С. 138.). Афіцыйны курс соліда (шэлега) быў назначаны як 1/3 сярэбранага гроша. Вага соліда была вызначана каля 1,346 грама (г. з. удвая ніжэй, дыяметр 15–16 мм).
З’яўленне ў Бярэсці манетнага двара звязана з адметнай асобай ХVІІ ст. Цітам Лівіем Бараціні (1617–1682). Ён паходзіў з сям’і венецыянскіх растаўшчыкоў, быў чалавекам высокаадукаваным і выдатным у розных сферах: механік, архітэктар, вынаходнік, дыпламат, займаўся фізікай і астраноміяй, адным з першых у Еўропе спрабаваў упарадкаваць сістэму мераў і вагаў. З 1641 года жыў у Польшчы, атрымаў шляхецтва, служыў пры каралеўскім двары.
У маі 1658 года Ціт Лівій Бараціні стаў арандатарам каралеўскага манетнага двара ў Кракаве, а потым стаў адкрываць манетныя двары ў іншых гарадах (Вільня, Коўна, Бярэсце, Мальбарк). Сутнасць яго фінансавай прапановы: чаканіць манеты соліды ўдвая меньшай вагі, такім чынам, кароль атрымліваў грошы проста з паветра. Соліды выступілі ў ролі непаўнавартых, крэдытных грошай. Іх рэальны кошт складаў усяго 15 % ад афіцыйнай, намінальнай. Каралю і вялікаму князю Яну ІІ Казіміру Вазе давялося пагадзіцца на правядзенне сумніўнай грашовай рэформы.
Чаканка манет на Брэсцкім двары была затрымана на пяць гадоў з-за палітычных і эканамічных цяжкасцей, пачалася пасля 6 ліпеня 1965 года, калі было падпісана пагадненне паміж прадстаўніком земскага скарбу ВКЛ і кіраўніком двара Ангелам Марыяй Банданелі, які прадстаўляў арандатара манетнага двара Ц. Л. Бараціні. Бярэсце стаў першым у гісторыі Беларусі цэнтрам манетнай вытворчасці. Працаваў двор нядоўга: з 4 снежня 1665 года да 16 снежня 1666 года.
На аверсе солідаў – патрэт караля Яна ІІ Казіміра Вазы з надпісам “IOAN. GAS. REX”. На рэверсе змешчаны герб ВКЛ “Пагоня” з надпісам “SOLI. MAG. DV. CLIT” і годам. Пад гербам манаграма вялікага падскарбія Іераніма Крышпіна-Кіршэнштэйна з яго ініцыялаў і назвы пасады. Гэта першы выпадак ужывання нацыянальнай мовы замест лацінскай на манетах Рэчы Паспалітай. Соліды Брэсцкага двара падобныя на медныя соліды Віленскага манетнага двара.
Адметны прызнак брэсцкіх солідаў у тым, што на іх пад партрэтам Яна ІІ Казіміра замест ініцыялаў Ц. Л. Бараціні – TLB змешчаны ініцыялы Георгія Фрыдрыха Горна – GFH, кіраўніка і мінцмейстара манетнага двара са жніўня 1665 года, альбо яго брата Тэадора Горна – TZH, які ўзначальваў работу Брэсцкага двара ў другой палове 1666 года, альбо ніякіх ініцыялаў. Брэсцкія соліды маюць таксама іншыя адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма падскарбія, асобыя абрысы літар легенды, кампаноўка выявы герба і слоў легенды. Па наборах пунсонаў вызначаюцца два майстры-гравёры, якія адначасова працавалі на двары.
Сейм планаваў выпусціць солідаў па 1 млн злотых для Польшчы і ВКЛ. Фактычна іх эмісія была перавышана больш чым у 10 разоў, што адмоўна паўплывала на фінансы Рэчы Паспалітай. За гэта сейм нават аддаў пад суд Ц. Л. Бараціні, але судовыя следчыя не знайшлі непасрэднай яго віны ў інфляцыі. Усяго на Брэсцкім манетным двары было выпушчана 240.680.150 медных солідаў (шэлегаў) на суму 2.674.268 злотых. Указам караля Яна ІІ Казіміра Вазы ад 28 снежня 1666 года дзейнасць манетных двароў была спынена.
Па імяні арандатара манетнага двара Ц. Л. Бараціні соліды (шэлягі) празвалі “барацінкамі”, але гэта назва ўзнікла значна пазней – у польскай нумізматычнай літаратуры сярэдзіны ХІХ ст. Барацінкі часта знаходзяць у кладах, яны ёсць у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, у большасці нумізматычных калекцый музеяў Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы.
У памяць аб манетнай вытворчасці на вуліцы Савецкай, 24 г. Брэста ў 2006 годзе зроблена пано “Чаканка манеты. Бярэсце ХVII ст.” (мастак М. І. Гуршчанкоў). На помніку “1000-годдзе Брэста” ёсць адпаведны надпіс (табліца “ХVІІ ст.”). У археалагічным музеі “Бярэсце” можна набыць сувенірныя манеты.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
1. Берасцейскі манетны двор / Іван Сінчук // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 321.
2. Брэсцкі манетны двор // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 296.
3. Брэсцкі манетны двор/ І. І. Сінчук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 101.
4. Брэсцкі манетны двор // Археалогiя i нумiзматыка Беларусi : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 101–102.
5. Віленскі манетны двор / І. І. Сінчук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 285.
6. Барацінка / І. І. Сінчук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 304.
7. Барацінка //Археалогiя i нумiзматыка Беларусi : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 74.
8. Брэсцкі манетны двор і грашовае абарачэнне на беларускіх землях у другой палове 17 стагоддзя / В. І. Нікіценкаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 78–79.
9. Рябцевич, В. Н. Денежное обращение Белоруссии во второй половине ХVII–ХVIII в. // О чём рассказывают монеты / Валентин Наумович Рябцевич. Изд. 2-е, испр. и доп. Минск, 1977. С. 129–171.
10. Манеты Беларусі (да 1707 г.) : даведнік / склад.: Д. Гулецкі і інш. –Мінск : Логвiнаў, 2007. – 214 с. : іл.
11. Гулецкi, Дз. У. Манеты беларускай даўніны / Дзмiтрый Уладзiмiравiч Гулецкі. – Мінск : Беларусь, 2007. – 159 с. : іл.
12. Сінчук, Й. Бэрысьтіjська мінныця в 1665–66 роках / Йван Сінчук // Jітвjежа (поліська) штудіjно-прахтыцька конфырэнция. Пынськ, 1990.
13. Короли династии Ваза на польском троне // История Польши с древнейших времен до наших дней / А. Дыбковская, М. Жарын, Ян Жарын. Варшава, 1995. С. 112–133.
14. Глазов, В. Тит Ливий Боратини : Человек эпохи возрождения чеканил монеты / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2015. 12 февр. (№ 7). С. 22.
15. Литвинович, Е. Монетка и медаль – на память : [о работе сувенирного монетного двора в археологическом музее “Берестье”; кузнец-ремесленник Игорь Михальчук] / Евгений Литвинович // Заря. 2014. 2 авг. С. 9.
16. Денисенко, Ю. Принципы классификации монет массового чекана Речи Посполитой XVI–XVIII вв. / Юрий Денисенко, Павел Горбань // Банкаўскі веснік. 2012. № 7 (cакавік). С. 14–20.
17. Синчук, И. И. Фальшивые солиды Речи Посполитой Яна II Казимира Вазы / Иван Иванович Синчук // Нумизматика. 2010. № 1. С. 20–23.
18. Boratini Tytus Liwiusz // Nowaencyklopedia powszechna PWN. Warszawa, 2004. T. 1. S. 742.
19. Burattini (Boratini) Tytus-Liwiusz // PolskisłownikBiograficzny. Kraków, 1937. T. 3. S. 133–136.