Чацвер, 19 Сакавік 2015 15:20

19 сакавіка 2015 г. – 80 гадоў з дня нараджэння Івана Аляксандравіча Кірэйчыка (1935–1996), пісьменніка

Іван Аляксандравіч Кірэйчык нарадзіўся 19 сакавіка 1935 года ў вёсцы Гута Круговіцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства (цяпер Нацкага сельсавета Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці).

 

Яго бацька, Аляксандр Цімафеевіч Кірэйчык, у 1945 годзе загінуў на фронце. Маці, Лізавеце Герасімаўне, давялося адной выводзіць сына і дачку у людзі. У вёсцы Лізавету Герасімаўну ўсе ведалі як таленавітую спявачку, выдатнага знаўцу беларускіх народных песень, павер’яў, прыкмет, прыказак і прымавак. Менавіта маці перадала Івану любоў да сваёй зямлі, роднага слова.

Іван Кірэйчык належыць да пакалення пісьменнікаў, дзяцінства якіх было абпалена вайной. Дзіцячыя гады будучага пісьменніка былі нялёгкімі. З васьмігадовага ўзросту ён пасвіў кароў, таму ў школу меў мажлівасць хадзіць толькі зімой, калі выпадаў снег. Свае прабелы па школьнай праграме папаўняў самастойна.

Пасля заканчэння Гуцкай сярэдняй школы (1955) Іван Кірэйчык працаваў у калгасе “Праўда”, неўзабаве быў прызваны ў армію, служыў на Балтыйскім флоце. У гэты час шмат пісаў на рускай мове. Іменна суровая Балтыка абудзіла ў душы вясковага юнака нейкую чуйную струну, і ён пачаў пісаць прыгожыя лірычныя вершы, стаўшы пад канец службы прызнаным флоцкім паэтам. Яго вершы друкаваліся ў газеце «Страж Балтики» і ў калектыўным зборніку паэтаў-балтыйцаў «Песня, рождённая морем» (1962), які выйшаў у Калінінградзе. На флоце адбылася сустрэча I. Кірэйчыка з паэтамі Генадзем Бураўкіным, Вадзімам Сямерніным, Мікалаем Сідарэнкам.

Пасля дэмабілізацыі ў 1958 годзе Іван Кірэйчык вярнуўся ў родныя мясціны, і па запрашэнні тагачаснага рэдактара ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда» Б. С. Лісецкага стаў спачатку яе літсупрацоўнікам, затым загадчыкам аддзела. Праца ў «раёнцы» была добрай школай для пачынаючага журналіста і літаратара. Пад уплывам Васіля Праскурава ён захапіўся жанрам нарыса.

Іван Аляксандравіч у 1958–1965 гадах завочна вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя В. І. Леніна. Працаваў на Беларускім радыё. З Мінска Іван Кірэйчык пераехаў у Гомель, стаў уласным карэспандэнтам “Чырвонай змены”. Працаваў таксама рэдактарам Гомельскай абласной студыі тэлебачання, намеснікам адказнага сакратара абласной газеты «Гомельская праўда». Прыгожы горад над Сожам стаў другой радзімай пісьменніка.

На сваім творчым шляху паэт Іван Кірэйчык не выдумляў звышмодныя тэмы – пісаў пра тое, што бачыў зрок, што лавіў чуйны слых. Прадметам цікаўнасці паэта сталі Пінскае і Гомельскае Палессе. У паэтычных зборніках суседнічаюць палескія рэкі: Лань і Сож, Нача і Убарць, ціхая Цна і непараўнальныя з ёю Дняпро і Прыпяць.

Творчая спадчына Івана Кірэйчыка складаецца з паэтычных зборнікаў «Аснова» (1977) і «З маіх крыніц» (1994). Найбольш плённа і ярка ўвасобіўся яго талент ў публіцыстыцы. Цікавыя па змесце, жывыя па форме нарысы і апавяданні склалі кнігі: «Багацце душы – людзям» (1966), «Пялёсткавы бераг» (1969), «Каласам хіліцца долу» (1969), «Калінавая квецень» (1984). Героі твораў пісьменніка – простыя людзі з адкрытай душой і шчырым сэрцам, якім быў і сам Іван Аляксандравіч. Многія яго празаічныя творы друкаваліся ў часопісах, калектыўных зборніках: «Вернутае шчасце» (1968), «Люблю будзённы дзень» (1976). У літаратурнай апрацоўцы I. Кірэйчыка выйшлі: кніга ўспамінаў партызана Рыгора Лазабаева «Лясныя пабрацімы» (1972) і дакументальная аповесць Міхаіла Качана «Апалены ранак» (1994). Падрыхтаваў рукапісы прозы “Бяссмертнікі” і “Звычайнае дзіва”, меў намер перадаць іх у выдавецтва.

Іван Аляксандравіч Кірэйчык памёр 16 лютага 1996 года ў Гомелі. Пахаваны на могілках “Асаўцы”. Ён не стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, хаця меў для таго ўсе падставы. I тым не менш, яго ўклад у беларускую літаратуру значны і неацэнны, a напісанае ім засталося добрай спадчынай нашчадкам і самым трывалым помнікам самому творцу. Імем пісьменніка-земляка названа вуліца ў вёсцы Гута. У сакавіку 2010 года да 75-годдзя з дня нараджэння Івана Кірэйчыка адбылося адкрыццё памятнага знака на месцы, дзе стаяла хата Кірэйчыкаў, дзе нарадзіўся і вырас літаратар. Імя беларускага паэта, празаіка, нарысіста ўвекавечана і на Алеі пісьменства ў Ганцавічах, што была адкрыта ў верасні 2011 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы І. Кірэйчыка

1.     Багацце душы – людзям : нарысы / Іван Кірэйчык. – Мінск : Беларусь, 1966. – 64 с.

2.     Вернутае шчасце : [зборнік] / А. Бяржынскі, І. Кірэйчык, А. Мялешка. Мінск : Беларусь, 1968. – 70 с. (Бібліятэчка атэіста).

3.     Пялёсткавы бераг : нарысы, апавяданні / Іван Кірэйчык. – Мінск : Беларусь, 1969. – 176 с.

4.     Каласам хіліцца долу : [аб старшыні калгаса “XII год Кастрычніка” Рагачоўскага раёна С. Р. Кавалёве] / І. Кірэйчык. – Мінск : Беларусь, 1969. – 31 с. – (Байцы пярэдняга краю).

5.     Лазабееў, Р. Лясныя пабрацімы : успаміны партызана / Рыгор Лазабееў; літ. запіс І. Кірэйчыка. – Мінск, 1972. – 183 с.

6.     Аснова : вершы : [цыклы: Пераклічка ; Зялёная рапсодыя ; Карагод] / Іван Кірэйчык. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. – 64 с.

7.     Каліновая квецень : нарысы / Іван Кірэйчык. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – 183 с. – (Рэспубліка. Час. Людзі).

8.     З маіх крыніц : вершы / Іван Кірэйчык. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – 94 с.

9.     Качан, М. Апалены ранак : маст.-дакум. аповесць : для сярэд. і ст. шк. узросту / Міхаіл Качан ; літ. запіс I. А. Кірэйчыка. – Мінск : Юнацтва, 1994. – 239 с. : іл.

10.                       «Тут песня дзядоў не забыта…» : [вершы] ; «Расці, мая бярозачка…» : [нарыс] / Іван Кірэйчык // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. С. 219–242.

11.                       «Дарога дадому» : [верш ] / Іван Кірэйчык // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст , 2008. С. 149–150.

12.                       «Аист прилетел…» : [стих] / Иван Кирейчик // Белой вежи свет : сборник поэзии Брестчины / сост. и пер. с бел. яз. Валерия Гришковца. Минск : Літаратура і мастацтва, 2010. С. 23.

 

Аб жыцці і творчасці І А. Кірэйчыка

1.     Іван Кірэйчык : [аўтабіяграфія, вершы, сцэнарый вечарыны да 75-годдзя з дня нараджэння, бібліяграфія] / Ганцавіцкая ЦРБ імя В. Ф. Праскурава ; склад. Г. Пупач; рэд. С. Локтыш. – Ганцавічы, 2011. – 23 с. : партр.

2.     Іван Кірэйчык // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 147–149.

3.     Кірэйчык Іван Аляксандравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 290.

4.     Кірэйчык Іван Аляксандравіч // Памяць. Гомель : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1999. Кн. 2. С. 447.

5.     Іван Кірэйчык // Ганцаўшчына – край легенд і талентаў народных / аўт. тэксту В. К. Гардзей. Мінск, 2011. С. 115–116.

6.     Іван Кірэйчык : З глыбінь народных // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ганцавіцкага р-на. Мінск, 1999. С. 427–428.

7.     Кірэйчык, В. Родам з Палесся / Вера Кірэйчык // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск, 2007. С. 380–388.

8.     Кірэйчыч, І. Адсюль вытокі : [аўтабіяграфічныя успаміны] / Іван Кірэйчык // ЛіМ. 2011. 2 вер. (№ 35). С. 22–23.

9.     Гардзей. В. «Родны кут, і светлы, і блакітны…» : Гута Івана Кірэйчыка : [пра жыццё і творчасць пісьменніка] / Віктар Гардзей // Полымя. 2007. № 3. С. 157–163.

10.                       Атрошчанка, Г.«З родным словам душой падзялюся…» : [пра жыццё і творчасць пісьменніка І. Кірэйчыка] / Ганна Атрошчанка // ЛіМ. 2008. 15 жн. (№ 33). С. 15.

11.                       Локтыш, С.Сустракай мяне, родная хата” : [пра адкрыццё памятнага знака Івану Кірэйчыку ў в. Гута] / Святлана Локтыш // ЛіМ. 2010. 4 чэрв. (№ 22). С. 6.

12.                       Кендыш, І.Земляку : Івану Кірэйчыку прысвячаецца : [верш] / Ірына Кендыш // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2010. 28 крас. С. 5.

13.                       Локтыш, С. «Сустракай мяне, родная хата…» : прайшлі літаратурныя чытанні, прысвечаныя 75-годдзю, пісьменніка Івана Кірэйчыка / Святлана Локтыш // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2010. 24 сак. С. 1.

14.                       Маляўка, Т.Нам засталося напеўнае слова паэта : [да 75-годдзя з дня нараджэння І. Кірэйчыка] / Таццяна Маляўка // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2010. 20 сак. С. 7.

15.                       Дамарацкая, І.Памяці Івана Кірэйчыка – паэта, празаіка і журналіста : [літаратурная вечарына прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння І. Кірэйчыка] / Ірына Дамарацкая // Ганцавіцкі час (Ганцавічы). 2010. 26 сак.

16.                       Кручэнка, Т. Напісанае застаецца : [пра паэтаў, якія працавалі ў рэдакцыі газеты “Гомельская праўда”, у т. л. пра І. Кірэйчыка] / Тамара Кручэнка // Гомельская праўда. 2008. 24 студз.

17.                       Іван Кірэйчык : [некралог] // ЛіМ. 1996. 23 лютага (№ 8). С. 15.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 974 разоў Апошняя змена Серада, 29 Красавік 2020 16:41