Чацвер, 19 Сакавік 2015 15:27

20 сакавіка 2015 года – 60 год з дня нараджэння Андрэя Іванавіча Мазько (1955), паэта

Андрэй Іванавіч Мазько нарадзіўся 20 сакавіка 1955 года ў вёсцы Упірава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

 

Сямейныя трагедыі прывялі яго спачатку ў Гарадзецкую, потым – Жабінкаўскую школы-інтэрнаты, дзе змалку навучыўся цаніць людскую спагаду. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Пружанскай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце (з 1978 г. – СШ № 4 г. Пружаны). Тады ж, у школьныя гады, адкрыліся таямніцы паэзіі, разуменне таго, што вартасць чалавека вымяраецца станам яго душы.

 

Пасля заканчэння школы (1972) Андрэй Мазько паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, які закончыў з адзнакаю ў 1977 годзе. Вытворчую практыку праходзіў у Чэхаславакіі.

 

Працаваў галоўным інжынерам калгаса “Кастрычнік” на Іванаўшчыне (1977–1982), загадчыкам арганізацыйнага аддзела Іванаўскага райкама КПБ, загадчыкам аддзела па эканоміцы і рыначных адносінах, з 1999 года – начальнікам упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і архітэктуры Іванаўскага райвыканкама.

 

Без адрыву ад вытворчасці Андрэй Іванавіч завяршыў вучобу ў аспірантуры БІМСГ. У 1996 годзе закончыў з адзнакаю Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2004–2012 гадах працаваў намеснікам старшыні Лунінецкага райвыканкама, у 2012–2014 гадах – намеснікам дырэктара ОАО “Палессеэлектрамаш”.

 

Першыя вялікія паэтычныя падборкі Андрэя Мазько з’явіліся ў другой палове 1990-х у брэсцкай абласной газеце “Заря” і рэспубліканскай “Чырвонай змене”. Вершы друкаваліся ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, газетах “Народная трыбуна”, “Брестский курьер”, “Народная газета”, часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Беларусь”, “Родная прырода”, “Вожык”, “Крыніца”. Таксама яго паэтычныя творы змешчаны ў калектыўных зборніках “Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны” (1999) і «Добрыя словы кажыце» (2000).

 

У 1999 годзе Андрэй Мазько выдаў свой першы зборнік паэзіі «Жывы калодзеж», які быў цёпла сустрэты чытачамі і крытыкамі. Лірычны герой яго твораў нібыта кінуты ў самы эпіцэнтр імклівых падзей сённяшняга зменлівага, нестабільнага часу.

 

Андрэй Іванавіч часта сачыняе з гітарай у руках, атрымліваюцца прыгожыя песні. У верасні 2000 года ў тэлеперадачы “Прэм’ера песні” Першага беларускага канала прагучала яго песня “Прабачай, зіма!” (музыка Васіля Кандрасюка) у выкананні Аляксандра Шукайлы.

 

Андрэй Мазько ў красавіку 2001 года быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Рэкамендацыі яму напісалі вядомыя творцы: Ніл Гілевіч, Ніна Мацяш, Уладзімір Гніламёдаў, Алесь Каско.

 

У 2003 годзе паэт выдаў другі зборнік «Дні і ночы мае». Кнігу склалі творы, прысвечаныя маці, родным мсяцінам, а таксама пачуццям, якія прыйшлося перажыць у час хваробы. Паэзія Андрэя Мазько шчодрая і тэматычнай накіраванасцю, і звонкай пругкасцю радкоў. Яна грунтуецца на максімалісцкіх памкненнях аўтара стаць “праўдзівым адказам нашчадкам пра наша Жыццё”. Побач з лірычнасцю, а часам і ў перапляценню з ёю, вершы Андрэя Мазько поўняцца публіцыстычным напалам, іроніяй і самаіроніяй, гумарам. Вершы без вынятку гранічна шчырыя, дакладныя і людскія, прасякнутыя спагадлівай дабразычлівасцю да чалавека.

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Мудзь Наталля Пятроўна,

 

бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

 

Творы А. Мазько

 

  1. Дні і ночы мае… : вершы / Андрэй Мазько. – Брэст : Выдавец Лаўроў С. Б., 2003. – 163 с. : іл.

  2. Жывы калодзеж : вершы / Андрэй Мазько. – Мінск : ДП «Дом прэсы», 1999. – 31 с. – (Б-чка часопіса “Маладосць”; № 2 (128)).

  3. Восеньскі дождж : [верш] / Андрэй Мазько // ЛіМ. 2011. 2 верас. (№ 35). С. 17.

  4. Мы начинаемся с молитвы ; Встреча на свадьбе ; Не учите меня ; Исповедь белоруса ; Ясельде ; Весна в птичьем краю : [стихи] / Андрей Мазько // Белой Вежи свет : сборник поэзии Брестчины в переводах Валерия Гришковца / сост. и пер. В. Гришковец. Минск : Літаратура і Мастацтва, 2010. С. 89–92.

  5. Мы начинаемся с молитвы ; Бульба ; Встреча на свадьбе ; Прощальное ; Надежда : [стихи] / Андрей Мазько ; пер. В. Гришковца // Литературная газета. Москва, 2010. 29 сентября – 5 октября (№ 38). С. 3. (Лад; вып. 7).

  6. Ясельде ; Ясельдзе ; На месцы магілы Напалеона Орды : [вершы] / Андрэй Мазько // Созвучие слов живых: сборник стихов : [поэтов-участников первого фестиваля русской поэзии, г. Брест, 2627 мая 2006 г.] / сост. Л. Н. Красевская. Брест: Альтернатива, 2007. С. 83–87.

  7. На месцы магілы Напалеона Орды : [верш] / Андрэй Мазько // Ясельда: юбілейны зборнік Іванаўскага літаб’яднання / рэд. і укл. Р. Сыраватка. Іванава, 2006. С. 75–76.

  8. Першы снег ; Ясельдзе ; Сябру ; На месцы магілы Напалеона Орды ; У лесе ; Сялянскі бог : [вершы] / Андрэй Мазько // Маладосць. 2006. № 11. С. 30–32.

  9. «Дел пустых порочный круг…” ; Встреча на свадьбе ; Мы начинаемся с молитвы… ; Не учите меня… ; “Не ругай, не карай…” ; Сон ; : [стихи] / Андрей Мазько ; пер. с бел. В. Гришковца // Лунiнецкiя навiны. 2005. 25 лютага. С. 6.

  10. К заветным берегам… : [Мы начинаемся с молитвы ; “Дел пустых порочный круг…” ; Исповедь белоруса ; Не учите меня… ; Сон ; Ясельде ; Весна в птичьем краю ; “Не ругай, не карай…” : стихи] / Андрей Мазько ; пер. с бел. Валерия Гришковца // Нёман. 2005. № 1. С. 82–85.

  11. Мы начинаемся с молитвы: [стихи] / Андрей Мазько ; пер. с бел. Валерия Гришковца // Заря. 2004. 30 ноября. С. 3.

  12. Прабачай, зіма! : [песня] / словы А. Мазько ; музыка В. Кандрасюка // Алеся. 2004. № 1. С. 36.

  13. Песні Андрэя Мазько: Не пакідай ; Усміхніся ; Зіма / Андрэй Мазько ; музыка Васіля Кандрасюка // Роднае слова. 2002. № 4. С. 106–107.

  14. Не пакідай : [Далонь ; Не пакідай ; Яшчэ! ; Аксіёмы ; Не вучыце мяне ; “Варажы, зязюлечка-цыганка…” “Я на свеце гэтым…” ; “Дзень чырговы, як лучына, дагарае…” ; Хата матчына : вершы] / Андрэй Мазько / ЛіМ. 2001. 23 сакавіка (№ 12). С. 8.

  15. Гаючае чаромхавае лісце : [вершы] / Андрэй Мазько // Народная трыбуна. 2001. 26 мая.

  16. Лабаты : апавяданне / Андрэй Мазько // Маладосць. 2000. № 11. С. 9–14.

  17. У зямлі нашы ўсе карані : [верш] / Андрэй Мазько // Заря. 2000. 9 декабря. С. 7.

  18. Тут! : [Бульба ; Час ; Тут! ; Мова ; Ясельдзе… ; Не вучыце мяне… : вершы] / Андрэй Мазько // Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны. Брэст, 1999. С. 184–187. (Берасцейскае вогнішча).

  19. Першы снег ; Ясельдзе ; Сябру ; На месцы магілы Напалеона Орды ; У лесе ; Тут! ; Апошняя спроба ; Развітальнае… : Доктару Віктару Куляшову ; Не вучыце мяне… ; Дарога : [вершы] / Андрэй Мазько // Заря. 1998. 19 марта. С. 3. (Паэтычны дэбют).

 

 

 

Аб жыцці і творчасці А. Мазько

 

  1. Андрэй Мазько // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”. 2008. С. 249-250.

  2. Крэйдзич, А. На трывалым падмурку : [пра Брэсцкае абласное аддзяленне СПБ, у т. л. пра А. Мазько] / Анатоль Крэйдзіч / Маладосць. 2006. № 11. С.1011.

  3. Каўко, А. Плынь творчасці няхай не абміне… : [пра ўдзельнікаў літаб’яднання “Ясельда”, у т. л. пра А. Мазько] / А. Каўко // Гоман. 2006. № 3. С. 342–343.

  4. Крэйдзіч, А. Крынічны подых “Жывога калодзежа” : [пра першы паэтычны зборнік А. Мазько] / Анатоль Крэйдзіч // Ясельда: юбілейны зборнік Іванаўскага літаб’яднання / рэд. і укл Р. Сыраватка. Іванава, 2006. С. 34–44.

  5. Акулік, А. “Жыву, бо адчуваю боль…” : штрыхі да творчага партрэта Андрэя Мазько, аўтара кнігі “Дні і ночы мае…” / Аляксандр Акулік // Рэспубліка. 2005. 19 сакавіка. С. 14.

  6. Грудавік, А. Ад хаты матчынай : [пра кнiгу А. Мазько “Дні і ночы мае…”] / А. Грудавік // Народная трыбуна. 2003. 14 чэрвеня.

  7. Мазько, А. “У душы заўсёды застаецца нешта добрае” / Андрэй Мазько ; гутарыў Б. Паўлоўскі // Народная трыбуна. 2001. 14 ліпеня; Чырвоная звязда. 2001. 24 ліпеня.

  8. Барысюк, У. Гаючае чаромхавае лісце : [аб творчасці паэта А. Мазько] / У. Барысюк // Народная трыбуна. 2001. 26 мая.

  9. Прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў : [у т. л. А. Мазько] // ЛiМ. 2001. 4 мая. С. 4.

  10. Крэйдзіч, А. Палюбіла яго песня : [пра песенную творчасць А. Мазько] / Анатоль Крэйдзіч // Заря. 2000. 17 октября. С. 3.

  11. Крэйдзіч, А. Крынічны подых “Жывога калодзежа” : [пра зборнік вершаў А. Мазько] / Анатоль Крэйдзіч / Заря. 1999. 13 июля. С. 3. (Далягляд).

  12. Крэйдзіч, А. Радкі, напісаныя лёсам : [пра паэта А. Мазько] / Анатоль Крэйдзіч // Заря. 1998. 19 марта. С. 3.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1634 разоў Апошняя змена Серада, 25 Сакавік 2020 10:51