Аўторак, 07 Красавік 2015 18:14

Красавік 2015 г. – 555 гадоў таму ў г. Брэсце праходзіў сейм Вялікага Княства Літоўскага (1460)

Вальныя сеймы (соймы) Вялікага Княства Літоўскага – саслоўна-прадстаўнічыя органы. Нарады польскага манарха з саноўнікамі як пасяджэнні агульнадзяржаўнага прадстаўнічага органа пачалі праходзіць з другой трэці ХV ст., а са стварэннем Рэчы Паспалітай у 1569 годзе пачалі збірацца агульныя Літоўскія сеймы. На іх абмяркоўваліся усе агульнадзяржаўныя пытанні: заканадаўства, выбранне вялікага князя, прывілеі шляхты, падаткі, адносіны з іншымі дзяржавамі. На месцах існавалі павятовыя сеймікі.

Сеймы праходзілі нерэгулярна, звычайна праз некалькі гадоў у розных гарадах: Вільні, Гродне, Навагрудку. У Бярэсці сеймы збіраліся ў 1446, 1454, 1460, 1471, 1478, 1505, 1511, 1515, 1518, 1542, 1544, 1566 гадах. Гэта сведчыць аб бурным палітычным жыцці горада і прызнанні яго ў якасці аднаго з палітычных цэнтраў ВКЛ. На працягу ўсяго ХV ст. мясцовая знаць вяла ўпартую барацьбу супраць умацавання польскага ўплыву. На сеймах у Бярэсці (1446, 1454, 1460, 1471, 1478) разам з іншымі разглядаліся пытанні аб раз’яднанні з Польшчай. 

Бярэсце – горад з магдэбургскім правам (1390). У 1450–1480 гадах ў Бярэсці налічвалася каля 40 відаў рамёстваў, праходзілі кірмашы па два разы на год. Асобную ролю адыгрываў увоз солі, якая паступала з саляных капальняў каля Кракава. Значную частку насельніцтва ў ХV ст. складалі замежныя гандлёвыя людзі, называлі іх “нямецкія” купцы.

Сеймы адбываліся ў Берасцейскім замку, які ўваходзіў у комплекс гарадскіх умацаванняў, размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Заходняга Буга. Пляцоўка замкавага дзяцінца была ўмацавана высокім земляным валам, на якім знаходзіліся пяць вежаў і драўляныя “каморы”. У 1500 годзе замак вытрымаў аблогу 15-тысячнага войска крымскіх татар, якія спалілі “места” і адступілі толькі тады, калі атрымалі “окуп”.

У красавіку 1460 года ў Бярэсці адбыўся чарговы сейм ВКЛ. У гэты час вялікім князем літоўскім і каралём польскім быў Казімір Андрэй Ягайлавіч (Ягелончык) (1427–1492), які быў абраны каралём на сейме ў верасні 1446 года ў Бярэсці. Ён намагаўся ўмацаваць вялікакняжацкую ўладу, аднак гэтага не атрымалася, вымушаны быў пашырыць правы феадалаў і шляхты. Пры ім вырасла роля паноў-рады і ўзмацніўся ўплыў на дзейнасць вялікага князя. Вёў Трынаццацігадовую вайну (1454–1466) з Тэўтонскім ордэнам, у выніку якой Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора. У 1457 годзе Казімір ІV Ягелончык выдаў прывілей (“Казіміраў прывілей”), паводле якога жыхары ВКЛ маглі вольна выязджаць за мяжу, акрамя варожых краін, у тым ліку для набыцця адукацыі. Аказваў матэрыяльную дапамогу студэнтам з дзяржаўнага скарбу. У 1468 годзе выдаў “Судзебнік”, першую спробу кадыфікацыі крымінальнага і працэсуальнага права ВКЛ.

Літоўскія феадалы і шляхта былі недавольны дзейнасцю караля Казіміра ІV, заклапочанага польскімі справамі, доўгай вайной з Тэўтонскім ордэнам. Патрабавалі выбрання асобнага вялікага князя ВКЛ. У сярэдневеччы адлучкі гаспадара з тэрыторыі дзяржавы былі ненармальнымі. Главе дзяржавы належала ўся выканаўчая ўлада, таму яго адсутнасць паралізавала дзеяздольнасць дзяржаўнага механізму. На сейме Казімір Ягелончык трымаў “cumLithvaniaeprimoribustamconventum, quamconsilium” (з літоўскай знаццю як сейм, так і нараду), каб супакоіць “infectasLithuanorumfereomniummentes” (узрушаныя розумы амаль усіх літоўцаў). Так дзяржаўна-прававое палажэнне польска-літоўскага цэлага заставалася невызначаным да самай канчыны Казіміра Ягелончыка ў 1492 годзе.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Сойм // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя ў 2 т. Мінск, 2005. Т. 2. С. 606–611.

  2. Сойм // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 77.

  3. Соймы ВКЛ 1440–1568 і Рэчы Паспалітай 1569–1793 // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя ў 2 т. Мінск, 2005. Т. 2. С. 611–614.

  4. Казімір ІV Ягелончык / Анатоль Грыцкевіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя ў 2 т. : 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 14–15.

  5. Берасце / В. Грынявецкі // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя ў 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 313–314.

  6. Брест ; Брестский замок // Города, местечки и замки Великого Княжества Литовского : энциклопедия. Минск, 2013. С. 80–83.

  7. Бярэсце ў складзе Вялікага Княства Літоўскага / Н. П. Галімава // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 47–61.

  8. Любавский, М. К. Очерк истории Литовско-русского государства от Люблинской унии включительно : [XIV–XVI вв.] / Матвей Кузьмич Любавский ; вступ. ст., предисл. Т. Г. Ливановой; вступ. ст. А. Ю. Дворниченко. – Санкт-Петербург : Наука, 2004. – 311 с. – (Русская библиотека). – Из содерж.: г. Берестье. – С. 52, 134, 169, 223, 259, 262, 268.

  9. Арцёменка, С. В. Летапіснае Берасце на карце грамадска-палітычнага і духоўнага жыцця ВКЛ ХIVXVII стст. / С. В. Арцёменка // Брэсцкі геаграфічны веснік / Брэсцкі абласны аддзел ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства”. Брэст, 2003. Том ІІІ, вып. 1. C. 98–101.

  10. Белорусские земли в составе Великого княжества Литовского (XIII – середина XVI в.) // Беларусь : Народ. Государство. Время / НАН Беларуси, Ин-т истории ; редкол.: А. А. Коваленя и [ др. ]. Минск, 2009. C. 61–73.

  11. Ермаловіч, М. Доўгі і няроўны час Казіміра (1440–1492) // Ермаловіч, М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае / Мікола Ермаловіч. Мінск : Беллітфонд, 2003. С. 263–271.

  12. Ягелоны:дынастыя, эпоха, спадчына : матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф., Гальшаны – Навагрудак, 8–10 верасня 2006 г. / НАН Беларусi, Iн-т гiсторыi. – Мінск : Беларуская навука, 2007. – 402 с.

  13. Бутэвіч, А. Паміж Княствам і Каронай. Ад Крэва да Кракава / Анатоль Бутэвіч. – Мінск : Выдавецкі дом “Звязда”, 2013. – 464 с. – (Святло мінуўшчыны).

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 668 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 12:01