Аўторак, 07 Красавік 2015 18:15

2015 г. – 150 гадоў з часу пабудовы Брэсцкай Сiмяонаўскай царквы, помнiка архiтэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю (1865)

Кафедральны сабор у імя святога Сімяона Стоўпніка ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер Брэст) пабудаваны ў 1862–1865 гадах.

Праект брэсцкага гарадскога архітэктара В. Палікарпава быў зацверджаны 15 красавіка 1854 года, а закладка праведзена ў прысутнасці 10 тысяч чалавек 22 красавіка 1862 года. Будаўнічыя работы вялі розныя майстры. Мураваныя сцены ўзводзілі майстры з Чарнігаўскай губерні, а тынкоўку, сталярныя і малярныя работы – мясцовыя. Іканастас рабіў таксама мясцовы разьбяр. Іконы, богаслужэбнае начынне, аблачэнні і звон вагой 100 пудоў даставілі з Масквы. Чыгунныя рашоткі для салеі, хора і ганкаў былі адліты на заводзе Эванса ў Варшаве.

7 лістапада 1865 года крэсным ходам з крэпасці ў новы храм перанеслі мошчы прападобнага мучаніка Афанасія Філіповіча (1597–1648), ігумена Брэсцкага, а на наступны дзень храм быў асвечаны. Мошчы Афанасія ў 1915 годзе ў сувязі з набліжэннем фронту Першай сусветнай вайны былі вывезены спачатку ў Маскву, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года – за мяжу, знаходзіліся ў Леснінскім манастыры Рускай Праваслаўнай Замежнай Царквы пад Парыжам. Толькі 25 ліпеня 1995 года частка мошчаў была вернута ў Брэст.

У першапачатковым выглядзе царква вядома з малюнка Напалеона Орды 1869 года. Ужо ў 1871 годзе ўзнікла неабходнасць рамонту Сімяонаўскай царквы, аб чым былі запрошаны адпаведныя сродкі. Дазвол на рамонт быў дадзены праз пятнаццаць гадоў. У 1886 годзе сабор капітальна адрамантаваны пад наглядам гродзенскага губернскага архітэктара акадэміка архітэктуры Мікалая Міхайлавіча Чагіна. Падрад на рамонт быў дадзены маскоўскаму купцу Івану Гарбунову, які прыслаў з Масквы сваіх рабочых.

Праз стагоддзе, у 1988 годзе завершана рэстаўрацыя сабора, у 1990 годзе закончана абнаўленне ўнутранага роспісу. У 1998 годзе зроблена новая царкоўная агароджа.

Помнік архітэктуры руска-візантыйскага стылю. Будынак цэнтрычнай крыжовай у плане кампазіцыі: магутны кубападобны аб’ём узнесены на высокі філёнгавы цокаль з ружовага граніту і завершаны 5-купаллем (у 1997 г. пакрыты сусальным золатам), сярод якога дамінуе магутны 8-гранны барабан. Уваход вырашаны кілепадобным перспектыўным парталам, над якім ніша такой жа формы з выявай Сімяона Стоўпніка. Фасады прарэзаны вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі, апяразаны прафіляванымі карнізам і філёнгавым парапетам з трохвугольнымі франтонамі.

У інтэр’еры светлавы барабан праз ветразі і 4 аркі абапіраецца на 4 магутныя пілоны. Прыдзелы, прытвор і апсіда перакрыты цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі. У залу шырокім арачным прасветам раскрываюцца хоры. Інтэр’ер дакарыраваны трафарэтнай арнаментыкай. Апсіда вылучана шырокім арачным прасветам і драўляным іканастасам. Абразы: “Аплакванне Хрыста” (аўтар Л. Грушэўскі, 1800), “Мроя святых Кірыка і Уліты” і “Мроя святой Людмілы” (абодва першай чвэрці ХIХ ст.).

Пры храме арганізаваны нядзельная школа і праваслаўная бібліятэка, дзейнічае сястрынства ў гонар Афанасія Брэсцкага, мучаніц Веры, Надзеі, Любові і іх маці Соф’і.

У 1996 годзе было зроблена разная з залачэннем рака для часткаў мошчаў угоднікаў Божыіх, якія з розных месцаў дастаўлены ў сабор: свяціцеля Мікалая Цудатворцы, прападобнага Сергія Раданежскага, прападобнай Еўфрасінні Полацкай, свяціцеляў Інакенція Раданежскага, Васілія Вялікага, Іосіфа Белгародскага, мучанікаў Прова, Тараха і Андроніка, прападобных Аркадзя Наваторжскага, Ануфрыя Вялікага, Яфрэма Сірына, Ніла Міратачывага, Серафіма Сароўскага, Георгія Хазевіта, Герасіма Іарданскага, раўнаапостальнай Марыі Магдаліны і прападобнай Марыі Егіпецкай.

18 жніўня 1997 года ў саборы мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт асвяціў копію крыжа Ефрасінні Полацкай, выкананую брэсцкім мастаком Мікалаем Пятровічам Кузьмічом.

Побач з саборам 2 кастрычніка 2005 года адкрыты помнік Афанасію Брэсцкаму (скульптар Алеся Гуршчанкова).

Настаяцелямі храма ў розныя часы былі: Яўген Парфянюк (1987–2002), Яўген Семянюк (2002–2011). Цяпер: ключар пратаіярэй Міхаіл Валер’евіч Дзенісенка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Брэсцкі Сімяонаўскі кафедральны сабор // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 85–86.

  2. Брестский кафедральный Симеоновский собор // Регионы Беларуси : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 178.

  3. Кафедральны сабору iмя святога Сiмяона Стоўпнiка // Кулагiн, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл.педычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 55–56.

  4. Свята-Сiмяонаўскi кафедральны сабор // Кулагiн, А. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. Кулагін. Мінск, 2001. С. 27.

  5. Брэсцкая Сiмяонаўская царква / Г. А. Лаўрэцкі // Архiтэктура Беларусi : энцыклапедычны даведнiк. Мiнск, 1993. С. 89.

  6. Симеоновская церковь / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 79.

  7. Носко, М. М. История строительства Свято-Симеоновского собора в г. Бресте / М. М. Носко // Канфесіі на Беларусі: гісторыя, сучаснасць : Зборнік матэрыялаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі 7–8 кастрычніка 2004 г. Брэст, 2005. C. 197–200.

  8. Денисенко, И. Лечебница души : [беседа с библиотекарем библиотеки при Свято-Симеоновском кафедральном соборе г. Бреста] / И. Денисенко ; [беседовала] О. Ролич // Заря. 2007. 9 июня.

  9. Денисенко, И. П. Лечебница души : [о работе библиотекаря при Свято-Симеоновском кафедральном соборе г. Бреста] / И. П. Денисенко ; записала О. Ролич // Брестские епархиальные ведомости. 2007. № 3. С. 54–55.

  10. Павлова, Л. Небесный покровитель Брестчины святой Афанасий обрел свой земной памятник / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2005. 6 октября. С. 1.

Чытаць 1119 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 09:58