Аўторак, 07 Красавік 2015 18:30

27 чэрвеня 2015 г. – 120 гадоў з дня нараджэння Анатоля Фёдаравіча Дзюбюка (1895–1976), вучонага-метэаролага, прафесара МДУ, заснавальніка касмічнай метэаралогіі

Анатоль Фёдаравіч Дзюбюк нарадзіўся 27 чэрвеня 1895 года ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер Брэст). Яго бацька – генерал-маёр Фёдар Аляксандравіч Дзюбюк – служыў начальнікам штаба 19-га армейскага корпуса, раскварціраванага ў Брэст-Літоўску. Калі Анатолю было пяць гадоў, сям’я пераехала ў г. Уладзімір (Расія) у сувязі з новым назначэннем бацькі, а неўзабаве Фёдар Аляксандравіч памёр.

У 1914 годзе Анатоль Дзюбюк закончыў Уладзімірскае рэальнае вучылішча, дзе праявіліся яго выдатныя матэматычныя здольнасці. Потым жыў з маці ў г. Пераслаўлі-Залескім (цяпер у Яраслаўскай вобласці). У доме Дзюбюкоў часта гучала музыка. Дзед па-бацьку – Аляксандр Іванавіч Дзюбюк (1812–1897) – быў выдатным кампазітарам і педагогам, прафесарам Маскоўскай кансерваторыі. Маці, Адэлаіда Рабертаўна, добра іграла на раялі, дзеці цудоўна спявалі. Анатоль валодаў ігрой на скрыпцы, удзельнічаў у аматарскіх канцэртах. Яго віртуознае выкананне цяжкіх у тэхнічных адносінах скрыпічных п’ес заўсёды мела вялікі поспех.

У 1915 годзе Анатоль Дзюбюк паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аднак, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года давялося вучобу кінуць, вярнуцца ў Пераслаўль-Залескі. Працаваў на розных работах: заведаваў статыстычным бюро, быў інструктарам па перапісу насельніцтва і інш.

У 1919 годзе было створана Параслаўль-Залескае навукова-асветніцкае таварыства (ПЕЗАНПРОБ), якое мела розныя накірункі: гісторыя і археалогія, флора і фаўна, этнаграфія, клімат і пагода. Анатоль Дзюбюк стаў актыўным удзельнікам гэтай арганізацыі, ён пачаў вывучаць атмасферу, назіраў за смерчамі, навальніцамі, градам. Зрабіў шэраг дакладаў, апублікаваў дзесятак артыкулаў. Вялікая даследчыцкая праца Анатоля Дзюбюка па выясненю эвалюцыі ўраджая, змен клімата, устанаўлення сувязей паміж пагодай, ураджаем і часам ускрыцця рэк знайшла станоўчую ацэнку.

У 1928 годзе яму быў прысуджаны Сярэбраны медаль ад Дзяржаўнага рускага геаграфічнага таварыства. А. Ф. Дзюбюк быў запрошаны ў аспірантуру Маскоўскага навукова-даследчыцкага геаграфічнага інстытута, пераехаў у падмаскоўны пасёлак Кучына (цяпер г. Жалезнадарожны Маскоўскай вобласці), дзе працавала абсерваторыя. У 1930 годзе А. Ф. Дзюбюк абараніў кандыдацкую дысертацыю, быў назначаны старшым навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўны геафізічны інстытут і загадваў аэралагічнай абсерваторыяй у Кучыне.

У 1932–1951 гадах А. Ф. Дзюбюк працаваў у Цэнтральным інстытуце прагнозаў, прайшоў шлях ад сіноптыка да намесніка дырэктара інстытута і загадчыка навукова-даследчыцкага аддзела. З 1933 года вёў выкладчыцкую работу ў Маскоўскім гідраметэаралагічным інстытуце. Удзельнічаў у метэаралагічным абслугоўванні экспедыцыі на Паўночны полюс Івана Дзмітрыевіча Папаніна, транспалярных пералётаў, першых палётаў стратанаўтаў.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны ў армію.

З 1943 года быў выкладчыкам на фізічным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1945 годзе А. Ф. Дзюбюк абараніў доктарскую дысертацыю. З 1947 года – загадчык кафедры фiзiкi атмасферы МДУ, якой загадваў да выхаду на пенсію у 1971 годзе.

Прафесар А. Ф. Дзюбюк – стваральнік франталагічнага метада ў сіноптыцы і гідрадынамічнага прагнозу надвор’я, унёс вялікі ўклад у фізіку воблакаў, стварэнне школы вывучэння дынамікі лакальных атмасферных працэсаў на аснове тэорыі і вымярэнняў. Адначасова ён быў буйнейшым сіноптыкам краіны і ўдзельнікам стварэння асноў сучаснага прагнозу надвор’я. З 1965 года на кафедры існуе навуковая школа А. Ф. Дзюбюка, якая вывучае дынаміку сярэднемаштабных атмасферных працэсаў, найперш воблака і абцякання гор.

Вучоны прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны. На працягу многіх гадоў быў кіраўніком аддзялення таварыства “Веды” на фізічным факультэце МДУ. Выступаў з дакладамі, якія папулярызавалі апошнія дасягненні навукі ў галіне дынамічнай метэаралогіі перад шырой аўдыторыяй працоўных.

А. Ф. Дзюбюк – аўтар 75-ці навуковых прац. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За службу Отечеству” і інш.

Анатоль Фёдаравіч Дзюбюк памёр 3 студзеня 1976 года.

Яго старэйшы брат Яўген Фёдаравіч Дзюбюк (1876, Вільня – 1942) – статыстык, гісторык-эканаміст, крыніцазнаўца. Аўтар навуковых прац па гісторыі і эканоміцы Кастрамской губерні. З 1927 года працаваў на розных пасадах у Цэнтральным статыстычным упраўленні СССР.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Глазов, В. Анатолий Дюбюк, синоптик и внук композитора : Уроженец Брест-Литовска создавал научную школу прогноза погоды / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2013. 6 июня (№ 23). С. 20.

  2. Зубов, С. Анатолий Фёдорович Дюбюк/ С. Зубов, Н. М. Сижук // Переславские родники. Переславль, 2004. Февраль(№ 52). С. 34.

  3. Анатолий Федорович Дюбюк : (к 70-летию со дня рождения) // Вестник МГУ. Серия 3. Физика. Астрономия. Москва, 1965. № 5. С. 9394.

  4. Березин, В. М. К семидесятилетию профессора А. Ф. Дюбюка / В. М. Березин // Известия АН СССР. Физикаатмосферы и океана. 1965. Т. 1, № 7. С. 771772.

  5. Дюбюк, А. Ф. О циркуляции в атмосфере и типах циркуляции атмосферы над Европой и Западной Сибирью / А. Ф. Дюбюк. Свердловск ; Москва : Гидрометеоиздат, 1947.

  6. Вопросы динамической метеорологии : [сборник статей] / под ред. А. Ф. Дюбюка. Ленинград : Гидрометеоиздат, 1951.

  7. Справочник по местным признакам погоды по А. Ф. Дюбюк / автор-сост. А. Ф. Дюбюк ; с доп. Б. Л. Дзердзеевского ; НКО СССР. Глав. упр. гидрометеорол. службы Красной Армии. Москва ; Свердловск : Гидрометеоиздат, 1943.

  8. Международный атлас облаков и состояний неба / под ред. А. Ф. Дюбюка ; Глав. упр. гидрометеорол. службы Союза ССР при СНК СССР. Центр. институт погоды. Москва : ГИМИЗ, 1940.

  9. Методы экстраполяции барического поля : сборник статей / под общей ред. А. Ф. Дюбюк ; Центр. институт погоды Москва : Гидрометеоиздат, 1939.

  10. Дюбюк, А. Ф. Использование ветра на высотах в целях прогноза погоды / А. Ф. Дюбюк ; Центр. упр. единой гидрометеорол. службы СССР. Москва : Ред.-изд. отд. ЦУЕМГС, 1936.

  11. Любезнов, В. Дюбюк забытый и великий : [о композиторе Александре Ивановиче Дюбюке; упомянуты его внук А. Ф. Дюбюк и правнучка Ксения Анатольевна Дюбюк] / Виктор Любезнов // Краеведчесчкий альманах. Выпуск 8 / сост.: Сотникова Н. А., Лагутина И. В. Железнодорожный, 2007.

  12. Блики времени : К 100-летию первой русской революции / В. Боравская [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.aleksandrov.ru/mr_news_archive/53/40/1/2391/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1284 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 09:59