Аўторак, 07 Красавік 2015 18:32

29 сакавіка 2015 г. – 65 гадоў з дня нараджэння (1950) Зінаіды Іосіфаўны Дудзюк, паэтэсы, драматурга, перакладчыцы, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама (2008)

Зінаіда Іосіфаўна Дудзюк нарадзілася 29 сакавіка 1950 года ў вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці ў рабочай сям’і. У дзіцячыя гады разам з бацькамі жыла ў Расіі і на Украіне. У 1959 годзе бацькі Зінаіды пераехалі ў Белаазёрск Брэсцкай вобласці на будаўніцтва Бярозаўскай ДРЭС. Так яна апынулася ў маладым горадзе энергетыкаў, дзе ў 1966 годзе закончыла сярэднюю школу.

Літаратурным дэбютам Зінаіды Дудзюк сталі вершы, надрукаваныя ў красавіку 1967 года ў бярозаўскай раённай газеце «Маяк коммунизма». Яна стала членам літаратурнага аб’яднання «Крыніца», дзе пазнаёмілася з Алесем Разанавым, Раісай Баравіковай, Нінай Мацяш. Практычна з гэтага часу Зінаіда Іосіфаўна і звязала сваё жыццё з літаратурай, але спачатку ёй давялося працаваць тынкоўшчыцай на будоўлі, чарцёжнікам, тэхнікам, а пасля пасля заканчэння вячэрняга факультэта Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (1977) – інжынерам у інстытуце “Брэстграмадзянпраект” у Брэсце, куды на пастаяннае месца жыхарства пераехала ў 1968 годзе.

З 1974 года выступае ў абласным і рэспубліканскім друку. У 1983 годзе «Мастацкая літаратура» выдала кнігу З. Дудзюк «Праводзіны птушак». Першы зборнік адразу засведчыў яркасць і самадастатковасць паэтычнага дара аўтара. Менавіта з той пары творчая дзейнасць стала для яе сэнсам жыцця, і ў гэтай справе яна знайшла сябе, свой мастацкі стыль. Вершы маладой паэтэсы ўсё часцей і часцей сталі з’яўляцца ў перыядычных выданнях – у абласной газеце «Заря», у рэспубліканскай «Чырвонай змене», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Работніца і сялянка», былі надрукаваны ў калектыўным зборніку «Паэзія-77».

Знакавым для З. Дудзюк стаў 1986 год, у якім яна стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Затым былі зборнікі вершаў «Абрысы лета» (1988), «Так і не» (1993), «Табе» (2000).

У 1993 годзе З. Дудзюк скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве. Пасля працавала журналістам у абласной газеце «Народная трыбуна» і загадчыкам літаратурнай часткі Брэсцкага тэатра драмы і музыкі.

Зінаіда Іосіфаўна піша не толькі вершы, але і з’яўляецца аўтарам шэрагу раманаў і драматычных твораў, у тым ліку п’ес-казак для дзяцей, некалькіх кніг дакументальных нарысаў, займаецца перакладамі. Гэтым самым яна робіць важкі крок да ўзбагачэння і пашырэння жанравых абсягаў у сваёй літаратурнай дзейнасці.

У 1997 годзе выйшла яе кніга прозы «Палоннікі жыцця», у якой пісьменніца хацела данесці да чытачоў душэўны стан сучасніка, адкрыць драматызм яго лёсу. У рамане «Кола Сварога» (2006) Зінаіда Дудзюк упершыню ў беларускай літаратуры зрабіла спробу аднавіць цэласную сістэму светабудовы, якою яе ўяўлялі нашы далёкія продкі. На аснове ўспамінаў, якія пакінулі нам старажытныя гісторыкі, пісьменніца стварыла аповесць-хранограф «Славянскія князі» (2005). Пра жыццё славянскіх плямёнаў на Балканах яе раман «Велясіты» (2005), у аснове якога супрацьстаянне славян і Візантыі. Значным дасягненнем беларускай літаратуры стаў гістарычны раман «Год 1812» (2004, часопісны варыянт «Архірэевы скарбы»), у якім раскрываецца адна з драматычных старонак у жыцці нашага народа. Твор прасякнуты гуманістычным пафасам, непрыняццем вайны.

Работа ў тэатры падштурхнула Зінаіду Іосіфаўну да напісання драматычных твораў, у выніку чаго з’явіліся зборнікі п’ес «Чароўнае слова» (2001) і «Зачараванасць тэатрам» (2005). Некаторыя з п’ес ставіліся на радыё («Дудка-самагудка»), у Брэсцкім тэатры драмы і музыкі («Сінязорка»), у Мінскім абласным тэатры («Лятавіцы»), самадзейнымі тэатрамі і студыямі. Між іншым, п’еса «Сінязорка» ў 2004 годзе была ўключана ў падручнік «Беларуская літаратура» для вучняў 7-га класа сярэдняй школы. Зінаіда Іосіфаўна таленавіты драматург. Дыпломамі і прэміямі рэспубліканскіх конкурсаў адзначаны п’есы пісьменніцы «Гадзіннік Лікбога», «Лятавіцы», «Кароль смаўжоў», кінасцэнарый «На парозе раю». Па многіх п’есах пастаўлены спектаклі ў Мінскім абласным тэатры, народным тэатры-студыі «Летуценнікі», Івацэвіцкім і Целяханскім народных тэтрах.

Яна аўтар дакументальных нарысаў «Леса и лесоводы Брестчины» (2000), «Люди и годы» (2001), укладальнік кнігі літаратурнай спадчыны Камянеччыны «Песні Белавежы» з серыі «Беларусь літаратурная» (2005).

Вядома Зінаіда Дудзюк і як перакладчыца. На беларускую мову яна пераклала з рускай вершаваную казку П. Яршова «Канёк-Гарбунок» (1997) і з польскай камедыю Яна Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман» (2002), а таксама асобныя вершы ўкраінскіх паэтаў.

Зінаіда Іосіфаўна з’яўляецца лаўрэатам абласных прэмій «Берасцейская зорка – 1996» і «Пісьменнік года – 2004», Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама (2008).

Ад кнігі да кнігі Зінаіда Іосіфаўна у сваёй творчасці падымаецца на новую, больш высокую прыступку майстэрства. Яе творы вылучаюцца мудрасцю і дасціпнасцю, іх вобразныя фарбы нікога не пакінуць раўнадушнымі. Паэтка і перакладчыца, таленавіты празаік і драматург, творца і вельмі цікавы, эрудзіраваны чалавек. «Ёсць задумы, якія, калі пашчасціць, мару некалі здзейсніць, а працаваць я люблю», – зазначыла яна ў сваіх аўтабіяграфічных нататках.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

Творы З. І. Дудзюк

  1. Праводзіны птушак : вершы / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. – 39 с. – (Першая кніга паэта).

  2. Абрысы лета : вершы / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 95 с.

  3. Так і не : вершы / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. – 189 с.

  4. Палоннікі жыцця : аповесці, апавяданні / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. – 270 с.

  5. Табе : вершы і паэма / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Лаўроў, 2000. – 87 с.

  6. Брестский центральный универмаг. Люди и годы : докум. очерк. / Зінаіда Дудзюк. – Брест : Брест. тип., 2001. – 146 с. : ил.; [8] л. фотогр.

  7. Чароўнае слова : дапам. для наст. пачатк. класаў / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2001. – 126 с.

  8. Шляхам адвечнага слова : эсэ / Зінаіда Дудзюк ; мастак А. Вярышка. – Брэст : Вежа, 2001. – 60 с. : іл.

  9. Наши десять лет. КУПТП “Комбинат общественного питания” : докум. очерк / Зинаида Дудюк. – Брест : Брест. тип., 2002. – 143 с. : ил.

  10. Ходзька, Ян. Вызваленая Лiтва, або Пераход цераз Нёман : камедыя ў адну дзею / Ян Ходзька ; верш. пер. З. Дудзюк ; падпар. з пол. мовы А. Шылавай. – Брэст : Лаўроў, 2002. – 28 с.

  11. Падданыя кахання : драматычная паэма, вершы / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. – 141 с. : іл.

  12. Слагаемые успеха. Тепличный комбинат “Берестье” : докум. очерк / Зинаида Дудюк. – Брест, 2003. – 95 с. : ил.

  13. Год 1812 : раман / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Академия, 2004. – 311 с.

  14. Кола Сварога : раман-рэканструкцыя / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Беларусь, 2006. – 293 с. : іл.

  15. Зачараванасць тэатрам : [драм. творы] : дапаможнік для наст. ст. класаў / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Выд. Цэнтр БДУ, 2005. – 174 с.

  16. Берасцейская мелодыя : п’еса ў дзве падзеі / Зінаіда Дудзюк. – Брэст. 2009. – 58 с.

  17. Дарунак : вершы / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2010. – 125 с.

  18. Аднарог : раман, аповесць, апавяданні / Зінаіда Дудзюк. – Мінск, 2010. – 287 с. – (Беларуская сучасная фантастыка).

  19. Леў : гістарычны нарыс [пра жыццё і дзейнасць дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Льва Сапегі] / Зінаіда Дудзюк. – Мінск, 2011. – 192 с. – (Святло мінуўшчыны).

  20. Нарадзіўся я ліцвінам : п’еса ў адну дзею ; Песня пра зубра : п’еса ў дзве дзеі / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, 2011. – 61 с.

  21. Гонка за волком : [роман, повесть] / З. И. Дудюк. – Минск : Харвест, 2012. – 444 с. – (Современный детектив).

  22. Канікулы на астэроідзе : п’есы-казкі : [для сар. шк. узросту] / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Звязда, 2012. – 151 с. : іл.

  23. Нямеранае багацце : эсэ / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2012. – 82 с.

  24. Вяртанне забытага міфа / З. І. Дудзюк. – Мінск : Беларусь, 2013. – 141 с.

  25. Слодыч і атрута : раман / З. І. Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. – 397 с.

  26. Листья волшебного дерева : [повесть, сказки] / Зинаида Дудзюк. – Минск : Харвест, 2014. – 254 с. – (Библиотека детской литературы).

 

Аб жыцці і творчасці З. І. Дудзюк

  1. Дудюк Зинаида Иосифовна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 467.

  2. Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : Мінск, 2012. Т. 3. С. 527.

  3. Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 254.

  4. Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка ў 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 651.

  5. Дудзюк Зінаіда // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / [пад рэд. А. В. Мальдзіса]. Мінск. 1993. Т. 2. С. 399–400.

  6. Зінаіда Дудзюк // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / [склад. А. К. Гардзіцкі]. Мінск. 1994. С. 192.

  7. Зінаіда Дудзюк // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 32–36.

  8. Дудзюк, З. I. З пачуццём любові / Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // З росных сцяжын : аўтабіягр. пісьменнікаў Беларусі / [уклад. М. Мінзер]. Мінск. 2009. С. 128132.

  9. 29 сакавіка – 60 гадоў з дня нараджэння З. І. Дудзюк, паэтэсы і драматурга // Новыя кнiгi. 2010. № 2. С. 5–7.

  10. «...I спее слова дабрынёй» : творчы партрэт З. Дудзюк : [зборнік] / уклад. Н. М. Борсук : рэд. З. П. Мельнікава. – Брэст. 2001. – 183 с.

  11. «Злучаю я нязводна боль і радасць...» : бібліягр. паказ. да 55-годдзя з дня нарадж. З. Дудзюк / Бярозаўская цэнтр. раён. б-ка ; склад. Л. И. Сядова. – Бяроза, 2005. – 11 с.

  12. Зарэцкая, В. Я. З клопатам пра сёння і заўтра беларусаў : прыгодніцкая проза Зінаіды Дудзюк / Вера Зарэцкая // Роднае слова. 2014. № 2. С. 20–21.

  13. Краўцова, Т. У. Варыятыўнасць і прагматычная значнасць уласных асабовых імёнаў у рамане З. Дудзюк «Год 1812» / Т. У. Краўцова // ХІІІ республиканская научно-методическая конференция молодых ученых : сб. материалов : в 2 ч. / УО «Брестский государственный университет им. А. С. Пушкина». Брест, 2011. Ч. 2. С. 127–129.

  14. Лысая, Г. Па сцяжынах роднай зямлі / Ганна Лысая // ЛіМ. 2009. 3 крас. (№ 13). С. 7.

  15. Акрамава, I. Чалавек у рэаліях часу : (па раману З. Дудзюк «Год 1812») / I. Акрамава // Классика и современность : материалы Междунар. науч.-практ. студенч. конф., 23 марта 2007 г. / М-во образовання РБ, УО «Брест. гос. ун-т им. А.С. Пушкина» : под общ. ред. Т. В. Сенькевич. Брест, 2007. С. 5961.

  16. Бельскі, А. Дзве ліры : [Зінаіда Дудзюк і Людка Сільнова] / Алесь Бельскі // Краса і смутак : дапам. для настаўнікаў / Алесь Бельскі. Мінск, 2000. С. 163–169.

  17. Трафімчык, А. Новыя героі старых п’ес / Анатоль Трафімчык // ЛіМ. 2009. 6 ліст. (№ 42). С. 6.

  18. Аксенін, С. Прысвечана каханню : [аб творчасці З. Дудзюк] / С. Аксенін // ЛіМ. 2000. 29 верас. С. 3.

  19. Гедзік, Г. «З маленства сілу слова знаю...» : [аб творчасці З. Дудзюк] / Галіна Гедзік / ЛіМ. 2000. 28 крас. С. 6–7.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3228 разоў Апошняя змена Чацвер, 30 Красавік 2020 14:49