Аўторак, 07 Красавік 2015 18:37

9 красавіка 2015 г. - 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Іосіфавіча Паўлючука (1925–2008), дзяржаўнага дзеяча БССР

Уладзімір Іосіфавіч Паўлючук нарадзіўся 9 красавіка 1925 года ў вёсцы Вочкі Збіражскай гміны Кобрынскага павета (цяпер Тэльмінскага сельсавета Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці). У сялянскай сям’і Паўлючуков было пяцёра дзяцей, Валодзя – старэйшы.

У 1948 годзе Уладзімір Паўлючук скончыў тэхнікум і паступіў на факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі Беларускага палітэхнічнага інстытута, які скончыў у 1952 годзе. Пасля вучобы працаваў у меліярацыйных арганізацыях: старшым інжэнерам-механікам Слуцкай машына-меліярацыйнай станцыі, галоўным інжынерам, дырэктарам Мазырскага завода меліярацыйных машын. Завод з 1958 года спецыялізаваўся на выпуску каналакапальнікаў, каналаачышчальнікаў, карчавальнікаў, машын для глыбокага фрэзеравання.

У 1962–1965 гадах У. І. Паўлючук – намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення меліярацыі і воднай гаспадаркі СМ БССР, якое ў 1965 годзе пераўтворана ў міністэрства. З таго часу – намеснік, першы намеснік міністра меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР. У перыяд з 27 кастрычніка 1971 года па 4 снежня 1986 года У. І. Паўлючук – міністр меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР. Гэта быў час бурнага развіцця сельскай гаспадаркі рэспублікі, станаўлення меліярацыі як галіны аграрна-прамысловага комплексу, будаўніцтва буйных воднагаспадарчых сістэм, маштабнага наступлення на балоты Палесся і Віцебскай вобалсці, стварэння новых саўгасаў, рыбгасаў, кармапрадпрыемстваў, развіцця меліярацыйнай навукі і практыкі.

У жніўні 1967 года Савет Міністраў СССР зацвердзіў праектнае заданне на ўзвядзенне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (ВМВС), у якім прадугледжвалася карэнным чынам змяніць, а дакладней, асучасніць водны і садова-паркавы ландшафт сталіцы Беларусі, дзе жылі тады 700 тысяч чалавек. Выкананне вызначанага лягло на Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР.

ВМВС – рэспубліканская ўдарная будоўля, запатрабавала гіганцкіх па тых часах сродкаў: 65 мільёнаў рублёў, велізарнай колькасці тэхнікі і матэрыялаў. ЦК КПБ звярнуўся з прапановай у Маскву падняць статус будоўлі да ўсесаюзнай ўдарнай камсамольскай. ЦК КПСС, Мінмелівадгас СССР запатрабавалі напружаных тэмпаў, высокай якасці, справаздачы літаральна за кожны выдзелены рубель. У Мінску з’явіўся штаб будаўніцтва, быў складзены штодзённы графік выканання пэўнага аб’ёму работ. У сціснутыя тэрміны Уладзімір Іосіфавіч са сваімі калегамі стварыў упраўленне будаўніцтва «Віліямінсквадбуд», куды ўвайшлі два структурныя падраздзяленні з базамі ў Заслаўі і Вілейцы. Пачалі актыўную фазу будаўніцтва ў 1973 годзе. Паўтары тысячы спецыялістаў з усіх канцоў Савецкага Саюза працавалі над збудаваннем аб’екта.

8 верасня 1973 года адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны перакрыццю ракі Вілія, дзе прысутнічала дэлегацыя кіраўнікоў партыі і ўрада рэспублікі на чале з Пятром Міронавічам Машэравым. Начальнік «Віліямінсквадбуда» Міхаіл Голад ўручыў сімвалічны ключ ад воднай сістэмы намесніку старшыні Мінгарвыканкама Іосіфу Шкрэбневу. Канчаткова ВМВС была здадзена ў эксплуатацыю 15 студзеня 1976 года.

Тэрыторыя Беларусі адносіцца да зоны лішкавага ўвільгатнення, меліярацыйныя работы ажыццяўляліся на вялікіх масівах. Меліярацыя дае магчымасць гаспадаркам значна павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, палепшыць урадлівасць глебаў, умацаваць сваю эканоміку. Меліяратары займаліся таксама іншымі аб’ектамі: сажалкамі, азёрамі, водасховішчамі. Пры падтрымцы У. І. Паўлючука ў г. Лідзе ў 1977–1979 гадах было створана гарадское возера на рэчцы Лідзейка (праект інстытута “Гіправадчас”).

У. І. Паўлючук з’яўляўся ініцыятарам распрацоўкі і выкарыстання водных рэсурсаў, эксплуатацыі асушальных сістэм і выкарыстання меліяраваных зямель, распрацоўкі і ўкаранення ў рэспубліцы прагрэсіўнай формы арганізацыі эксплуатацыі арашальных сістэм.

У 1975 годзе У. І. Паўлючук абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. З 1976 года – член ЦК КПБ. Уладзімір Іосіфавіч быў чалавекам інтэлігентным, ніколі не павышаў голасу на калег альбо падначаленых, выдатна ўмеў весці справу і пры гэтым не крыўдзіў людзей. Быў строгі, але інтэлігентна строгі. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак пашаны”, Кастрычніцкай рэвалюцыі, медалём “За доблестный труд”.

Уладзімір Іосіфавіч Паўлючук памёр 25 лістапада 2008 года.

Яго малодшы брат Мікалай Іосіфавіч Паўлючук стаў урачом-хірургам, працаваў у 1953–1961 гадах у Драгічынскай раённай бальніцы, потым – у Брэсцкай абласной, заслужаны ўрач БССР (1968).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Васілюк Таццяна Іванаўна, бібліёграф

 

  1. ПаўлючукУладзімір Іосіфавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя: у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 475.

  2. Павлючук Владимир Иосифович // Белорусская СССР : краткая энцыклопедия : в 5 т. Минск, 1981. Т. 5. С. 477.

  3. ПаўлючукУладзімір Іосіфавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : [у 12 т.]. Мінск, 1975. Т. 8. С. 334.

  4. Павлючук Николай Иосифавич // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2004. Минск : Энциклопедикс, 2004. С. 212.

  5. Павлючук, В. И. Умножая силу земли / В. И. Павлючук // Мелиораторы работают на урожай : [сб. очерков] / [авт.: В. И. Павлючук, П. Л. Бабак, А. Г. Козячий и др. ; лит. запись В. М. Альгерчика]. Мінск : Ураджай, 1985. С. 3–10.

  6. Павлючук, В. Конечный результат венчает дело : [мелиорация в БССР] / В. Павлючук // Сельская жизнь. 1981. 31 марта.

  7. ПавлючукВ. И. Повышение эффективности мелиорации земель в свете решений ХХV съезда КПСС /В. И. Павлючук // Совершенствование научных основ мелиорации и использования мелиорированных почв Белоруссии, Литвы, Латвии и Эстонии. Мінск, 1979. С.312.

  8. Павлючук, В. И. Мелиорация: итоги и перспективы / В. И. Павлючук // Сельское хозяйство Белоруссии. 1978. № 4. С. 8–9.

  9. Павлючук, В. И. Итоги, задачи, перспективы : [мелиоративное строительство в Белоруссии] / В. И. Павлючук // Сельское хозяйство Белоруссии. 1976. № 5. С. 8–10.

  10. Павлючук, В. И. Программа преобразования земель / В. И. Павлючук // Сельское хозяйство Белоруссии. 1972. № 3. С. 4–5.

  11. Павлючук Владимир Иосифович : [некролог] / Булыня А. А., Остапенко Д. Д., Буткевич М. Ф. [и др.] // Живая вода. 2008. 29 ноября. С. 4.

  12. Васьков, Н.«Минское море моё!» : Настоящие министры на заслуженный отдых не уходят… : [о бывшем министре мелиорации и водного хозяйства БССР В. И. Павлючике] / Николай Васьков // Рэспублiка. 2006. 14 июня. С. 6.

  13. Васьков, Н.Поэзия и проза большой воды : [о строительстве Вилейско-Минской водной системы] / Николай Васьков // Рэспубліка. 2006. 5 мая. С. 2.

  14. Паввлючук, В.И. Мелиорация – значит улучшение / В. И. Павлючук ; беседовал В. Альгерчик // Живая вода. 2005. 9 апреля. С. 2.

  15. Катюшенко, М. Товарищ министр : [о министре мелиорации и водного хозяйства БССР В. И. Павлючуке] / М. Катюшенко // Знамя юности. 1975. 5 декабря. С. 3.

  16. Яромчык, В. 9 адселеных вёсак і 2 тысячы перанесеных магіл. Як будавалі самае вялікае вадасховішча ў Беларусі? [Электронны рэсурс] / Вольга Яромчык // Вялейка. 9 верасня. 2013. Рэжым доступа: http://vialejka.info/4775-budaunictva-vadashova.htm

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1579 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 11:46