Чацвер, 14 Май 2015 12:49

2015 г. – 185 гадоў з часу заснавання суднабудаўнічай верфі ў г. Давыд-Гарадку Столінскага раёна (1830)

У глыбінцы Беларускага Палесся, у мястэчку Давыд-Гарадок Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер горад Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у 1830 годзе была створана суднабудаўнічая верф. Тут на рацэ Гарынь на прамысловай аснове выраблялі драўляныя вёсельна-парусныя судны рачнога кабатажу грузападымальнасцю 30–60 тон, якія выкарыстоўваліся для перавозкі грузаў па рэках і каналах Палесся. Уладальнікам верфі была кампанія мясцовых купцоў.

У 1836 годзе жыхароў Давыд-Гарадка перавялі ў саслоўе мяшчан, у сувязі з чым ажывілася эканамічнае жыццё мястэчка. У 1843 годзе быў створаны Дняпроўска-Бугскі водны шлях, пашырыліся гандлёвыя сувязі. Мясцовыя купцы гандлявалі з Варшавай, Данцыгам, Кенігсбергам, Вільняй, Кіевам. У 1897 годзе ў мястэчку 7815 жыхароў. Давыд-Гарадок з’яўляўся рачным портам, на яго старажытным гербе выява залатога судна з таварам каля сярэбранай прыстані (1796; 1997). Ад прыстані Давыд-Гарадка штогод адпраўлялася каля 100 тысяч тон грузаў.

Жыхары Давыд-Гарадка не толькі майстравалі баржы, але і працавалі на іх, перавозілі самыя розныя тавары. Сярод гарадчукоў было нямала рачнікоў, лоцманаў і капітанаў. У 1920–1930-я гады суднаверф (па-мясцоваму “судовэрх”) працавала на патрэбы эканомікі Польшчы.

З далучэннем Давыд-Гарадка да БССР (1939) суднаверф была нацыяналізавана і стала працаваць як дзяржаўнае прадпрыемства. У 1940 годзе на базе верфі была створана фабрычна-завадская школа, дзе рыхтавалі плотнікаў-суднабудаўнікоў.

У ліпені 1944 года Давыд-Гарадок быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сюды прыбыў ваенна-аднаўленчы атрад № 27, яго ўзначальваў Васіль Іванавіч Камісараў, які да вайны быў тут начальнікам планава-эканамічнага аддзела. Атрад заняўся аднаўленнем верфі і ўзвядзеннем памяшканняў для ўстаноўкі абсталявання. Вяліся работы па пад’ёму баржаў, затопленых немцамі пад час адступлення. У рамонце верфі таксама прымалі ўдзел жыхары горада: Павел Бразоўскі, Аляксей Пячонік, Кузьма Пячонік, Піліп Зубей, Іван Стаднік, Андрэй Міна, Якаў Паддубны, Іван Місюра і інш. Ужо ў верасні 1944 года верф часткова аднавіла сваю работу. У чэрвені 1945 года на адноўленай верфі былі выраблены і спушчаны на ваду першыя баржы, а ў кастрычніку пабудаваны свой лесапільны завод.

У снежні 1945 года ваенна-аднаўленчы атрад № 27 быў ліквідаваны, верф атрымала назву: Давыд-Гарадоцкая суднабудаўнічая верф Беларускага суднабудаўнічага трэста Міністэрства рачнога флота СССР.

У 1948 годзе верф працавала на поўную магутнасць, з яе стапелей кожны месяц сыходзілі па шэсць баржаў рознай грузападымальнасці: 40, 150 і 310 тон. Колькасць працуючых наблізілася да 400 чалавек, дырэктарам быў В. І. Камісараў. Пасля заканчэння рачнога вучылішча майстрам працаваў Уладзімір Паўлавіч Верхась, які ўзначальваў камсамольскую пярвічку, а потым стаў другім сакратаром Давыд-Гарадоцкага райкама ЛКСМБ, пазней – доктарам гістарычных навук (1979), прафесарам Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта.

Давыд-Гарадоцкая суднаверф у кастрычніку 1946 года заняла першае месца ў сістэме Белсуднабудтрэста, займала 2–3-я месцы ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве сярод суднаверфяў. Гэта было градаўтваральнае прадпрыемства, дзякуючы якому ў Давыд-Гарадку пабудавалі ўрачэбную амбулаторыю, сталовую, васьмікватэрны жылы дом па вул. Калініна, запусцілі электрастанцыю. Прадпрыемства мела свае кантору, баню, магазін, танцавальную пляцоўку і іншыя аб’екты сацкультбыту.

Рэкі Гарынь і Прыпяць мелі вялікае значэнне для развіцця Давыд-Гарадка. У тыя часы на Палессі была транспартная праблема, якая вырашалася з дапамогай водных шляхоў. У 1940–1941 гадах жыхары Давыд-Гарадка карысталіся суднамі “Власть Советов” і “Варяг”. Пасля вызвалення пачалі хадзіць параходы “Пятилетка”, “Партизан Бумажков”, “Дон” і “Кубань”. Потым іх замянілі рачныя трамваі, якія перасталі хадзіць у 1966 годзе, калі палепшыўся стан аўтадарог і з’явілася больш аўтобусаў.

У сакавіку 1952 года Давыд-Гарадоцкую суднаверф ліквідавалі, бо на змену драўляным баржам прыйшлі металічныя, якія выраблялі ў Рэчыцы і Гомелі. Абсталяванне і пабудовы перадалі на баланс Пінскага аблмясцпрома, калектыў верфі асвоіў выпуск сталярных вырабаў і дахоўкі. Архіў верфі знаходзіцца ў занальным дзяржаўным архіве г. Пінска.

У Давыд-Гарадку і яго наваколлях было шмат рэчак, якія ўпадалі ў Гарынь. У горадзе меліся каля дзесятка мастоў: Гарынскі, Сежчанскі, Касірскі, Мельніцкі, Радзіцкі і інш. Амаль кожнай вясной горад залівала вадой, так што для жыхароў наяўнасць лодак была неабходнасцю. Сярод гарадчукоў было шмат майстроў па вырабу лодак. Пра гэта пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк, ураджэнец Давыд-Гарадка, напісаў у нарысе “Лодка” (2008). Лепшыя майстры-лодачнікі, якія навучыліся на суднаверфі: Якаў Куст, Аляксей Куст, Гаўрыла Куст, Іван Місюра, Міхаіл Петравец, Грыцко Калько, Гаўрыла Румэн-Ярко. Міхаіл Паўлавіч Петравец за свае 85 гадоў жыцця змайстраваў 373 лодкі. Цяпер ў Давыд-Гарадку засталося зусім мала лодак, бо паводкаў пасля пабудовы ў 1992 годзе новага русла Гарыні не здараецца.

Па ініцыятыве краязнаўцы, ганаровага грамадзяніна горада Мікалая Паўлавіча Бразоўскага ў 2014 годзе на плошчы Давыда быў створаны памятны знак у гонар суднабудаўнікоў і работнікаў рачнога флота Давыд-Гарадка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.    У мірнай працы : Давыд-Гарадоцкі раён / М. П. Бразоўскі, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 423–430. Са зместу: Суднаверф. С. 425–247.

2.    Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі / Міхаіл Шэлехаў. – Брэст, 2000. – 304 с. : іл. – Са зместу: Суднаверф. – С. 258.

3.    Давыд-Гарадок // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Брэсцкая вобласць. Мінск, 2007. Т. 4. С. 577–579.

4.    Дранько-Майсюк, Л. Горад Боны і Давыда : альбомная проза : [гісторыка-этнаграфічныя даследванні] / Леанід Дранько-Майсюк // Дзеяслоў. 2013. № 1 (38). С. 54–88.

5.    Дранько-Мойсюк, Л. Лодка : [очерк о лодках Давид-Городка] / Леонид Дранько-Мойсюк // Советская Белоруссия. 2008. 4 октября. С. 22.

6.    Мурина, С. Твоя любовь – моя награда : [о Владимире Павловиче Верхосе] / Светлана Мурина // Гродзенская праўда. 2013. 27 лютага.

7.    Янкоўскі, І. Спаборніцтва ў чэсць выбараў / І. Янкоўскі // Чырвоны сцяг (Давыд-Гарадок). 1946. 13 студзеня.

8.    Скрабіна. Голас суднабудаўнікоў / Скрабіна // Чырвоны сцяг (Давыд-Гарадок). 1945. 12 жніўня. 

9.    Давид-Городок возвращает память о порте : [Электронный ресурс] – Режим доступа: http://media-polesye.by/news/david-gorodok-vozvrashchaet-pamyat-o-porte-18050

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1368 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 09:38