Субота, 23 Май 2015 18:45

2015 г. – 190 гадоў з дня нараджэння Францішка Юндзіла (1825–1865), аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. на Беларусі і ў Польшчы

Францішак Юндзіл нарадзіўся ў 1825 годзе ў фальварку Югалін Слонімскага павета (цяпер вёска Югалін Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у небагатай шляхецкай сям’і. Яго род належаў да шляхецкага герба “Лебедзь”, які бярэ свой пачатак на мяжы XIVXV стст.

Бацькі, Уладзіслаў Юндзіл і Багуміла Сухадольская, выбралі яму кар’еру ваеннага, Францішак Юндзіл служыў у кавалерыі расійскай арміі, даслужыўся да чына ротмістра. У 1858 годзе вяртаецца на радзіму.

На пачатку 1860-х гадоў, пасля звальнення з арміі, ён жыў у Гродне і ўдзельнічаў у стварэнні і дзейнасці Гродзенскай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі, лідарам якой з’яўляўся Кастусь Каліноўскі. У спрэчках з канспіратарамі Варшавы разам з К. Каліноўскім Францішак Юндзіл адстойваў суверэннасць Літвы і Беларусі, раўнапраўнасць паўстанцкіх структур краю з варшаўскімі. Яму было даручана весці падрыхтоўку паўстання ў Слонімскім павеце. Для рэалізацыі ідэй паўстання ён здаў у касу 3000 рублёў срэбрам.

Калі пачалося паўстанне, Францішак Юндзіл стварыў пастаўніцкі атрад (каля 300 касінераў), які фарміраваўся ва ўрочышчы “Старынка” паблізу Югаліна і дзейнічаў у Слонімскім павеце ў раёне Дабромысля і Югаліна. У хуткім часе да адрада Ф. Юндзіла далучыўся атрад Ісідора Лукашэвіча, які быў сфарміраваны ў Мілавідах.

28 мая 1863 года адбылася першая сутычка пад Літвінавым. На дапамогу прыйшоў атрад Аляксандра Лянкевіча, у той жа дзень прыбыў навагрудскі атрад В. Міладоўскага ў колькасці 136 чалавек. Колькасць паўстанцаў склала 700–750 чалавек.

2 чэрвеня 1863 года Кастусь Каліноўскі пабываў у атрадзе Ф. Юндзіла і іншых, якімі камандаваў Ляндэр, непадалёку ад паштовых станцый Мілавіды і Чамялы, зрабіў агляд паўстанцаў і выдаў правадырам атрадаў «кніжкі» для вядзення рахункаў.

3 чэрвеня 1863 года атрад Ф. Юндзіла прымаў удзел у рашаючай бітве паўстанцаў з царскімі войскамі пад Мілавідамі. Паўстанцы прымалі бой пад Косавам, ішлі пераходамі праз Любішчыцы, Чамялы, Сярадава і іншыя вёскі. На косаўскіх каталіцкіх могілках стаіць помнік у памяць пахаваных там удзельнікаў паўстання.

Пасля паражэння паўстання быў схоплены яго кіраўнік Кастусь Каліноўскі і пакараны праз павешанне. У гэты час яшчэ некалькі месяцаў Францішак Юндзіл вёў партызанскую барацьбу ў Слонімскім і суседніх паветах. У жніўні 1863 года ён перадаў камандаванне Слонімскім атрадам Я. Калупайлу. 30 жніўня 1863 года Ф. Юндзіл прымаў удзел у баі пад Глыбокім Кутам.

Францішак Юндзіл пераправіўся праз Буг і 29 кастрычніка 1863 года прыбыў у Кракаў. Тут ён быў прызначаны камендантам горада і актыўна прадаўжаў удзельнічаць у патрыятычным руху. 20 студзеня 1864 года быў прызначаны арганізатарам Кракаўскай вайсковай акругі. За заслугі перад вызваленчым рухам Францішак Юндзіл атрымаў ад кіраўніцтва паўстаннем званне падпалкоўніка 12 лютага 1864 года.

У пачатку сакавіка 1864 года з выпадку дрэннага здароў’я выехаў у Францыю, дзе лячыўся ў шпіталі, але адолець хваробу не змог. Францішак Юндзіл памёр ад сухотаў 14 лютага 1865 года.

У Iвацэвiчах захаваўся будынак палаца Юндзілаў, пабудаваны ў сярэдзіне ХIХ ст., канфіскаваны пасля падаўлення паўстання. Цяпер будынак належыць раённай бальніцы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Вазнішчык Вольга Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Юндзіл Францішак Уладзіслававіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 209–210.

  2. Юндзіл Францішак Уладзіслававіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 276.

  3. Дзеянні паўстанцаў на Івацэвіцкай зямлі // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 54–55.

  4. Дайлід, П. Касінеры свабоды : [да 170-годдзя нараджэння К. Каліноўскага ; да 145-годдзя ад пачатку вызваленчага паўстання 1863–1864 гг.] / Павел Дайлід // Рэха Берасцейшчыны. 2008. Жнівень. № 1. С. 3.

  5. Францішак Юндзіл – некароны паўстанец / Алесь Зайка [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://rberascie.livejournal.com/1473.html

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1268 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 15:38