Чацвер, 04 Чэрвень 2015 17:09

2015 г. – 640 гадоў таму (1375) крыжакі напалі на г. Камянец і яго наваколле

Камянец (цяпер горад Брэсцкай вобласці) заснаваны ў другой палове XIII ст. у якасці паўночна-заходняга фарпоста рускіх зямель. Ён быў размешчаны на перасячэнні ажыўленых гандлёвых шляхоў з Брэста ў Гродна і з Кракава ў Вільню. Добра ўмацаваны, ён неўзабаве стаў буйным гандлёвым цэнтрам. Для князёў Камянец меў асаблівую каштоўнасць як ключавы пагранічны пункт, растучы гандлёва-рамеслены цэнтр, месца адпачынку і палявання.

Аднак эканамічнае развіццё Камянца стрымлівалася набегамі Тэўтонскага ордэна, якія праводзіліся ў канцы XIII – пачатку XV стст. з мэтай падпарадкавання зямель ВКЛ і з рабаўнічымі мэтамі. Крыжацкія атрады налічвалі ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх тысяч воінаў, паходы цягнуліся ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў. Іх мэтай было здабыць адно або некалькі ўмацаванняў, разрабаваць наваколле, узяць палон. У другой палове XIV ст. агрэсіўнасць крыжакоў да ВКЛ значна вырасла, павялічыліся маштабы іх паходаў, у якіх удзельнічала шмат заходніх і цэнтральнаеўрапейскіх рыцараў.

Першы напад на Камянец крыжакі здзейснілі ў 1373 годзе, а затым тройчы паўтаралі набегі. У 1375 годзе атрад рыцараў на чале з комтурам з Бальгі Тэадорам фон Эльнерам уварваўся ў Камянец праз цяжка праходжваемую Белавежскую пушчу. Атрад абрабаваў Камянец, захапіў багатую здабычу – палонных, коней, жывёлу, маёмасць. У 1378 годзе гарадок быў узяты штурмам і спалены. У 1379 годзе рыцары таго ж Тэадора фон Эльнера паўтарылі напад. Разам з насельніцтвам іншых зямель, што ўваходзілі ў склад ВКЛ жыхары камянецкай зямлі змагаліся з замежнымі прыгнятальнікамі.

У 1378 годзе Камянец захоплены Янушам Мазавецкім, зяцем князя ВКЛ Кейстута. Але праз год Ягайла пасля сямі дзён асады вяртае Камянец у ВКЛ.

У 1384 годзе пасля прымірэння з Вітаўтам Ягайла аддае яму княства Берасцейскае, у тым ліку і Камянец. Праз некалькі гадоў – новая міжусобная барацьба і зноў у 1390 годзе Ягайла штурмуе Камянец, заняты войскамі Вітаўта, у складзе якіх былі і крыжаносцы. Горад узяты.

Міжусобіцы і варожасць польскіх каралёў, літоўскіх князёў выгадна выкарыстоўваў у сваіх інтарэсах Тэўтонскі ордэн, які няспынна ўзмацняў захопы і спусташэнне славянскіх зямель. Чарговы напад ордэна, нарэшце, перапоўніў чашу цярпення і прымусіў ВКЛ і Польшчу дамовіцца аб сумесным ваенным выступленні супраць рыцараў. Пачалася ўзмоцненая падрыхтоўка да вайны як у ваенным, так і дыпламатычным плане. Саюзнікам удалося прыцягнуць на свой бок рымскага папу Аляксандра V. У 1409 годзе Вітаўт прымае ў Камянцы пасла папы рымскага. Копіі паслання папы рымскага распаўсюджваліся па ўсёй Еўропе, ствараючы грамадскае меркаванне не на карысць крыжакоў. Адначасова нарыхтоўвалі лекі і правіянт. У Белавежскай пушчы польскі кароль Уладзіслаў Ягайла праводзіў паляванні для забеспячэння стотысячнай арміі, адпраўлялі на зборныя пункты па 200 бочак мяса дзікіх жывёл. Клапаціліся аб камунікацыях – будавалі масты, аднаўлялі дарогі і пераправы.

Канчаткова ваенныя пытанні былі ўзгоднены на тайнай нарадзе ў Бярэсці, куды 8–9 снежня 1409 года прыехалі польскі кароль Ягайла і князь ВКЛ Вітаўт, дамовіліся аб летняй кампаніі 1410 года. 15 ліпеня 1410 года у гістарычнай бітве пад Грунвальдам аб’яднаныя сілы ВКЛ і Польскага каралеўства ўшчэнт разграмілі Тэўтонскіх крыжакоў. У бітве ўдзельнічала 90 харугваў, з якіх адна берасцейская, у складзе якой знаходзіліся і жыхары Камянца. Пасля сакрушальнага ўдару Тэўтонскі ордэн страціў сваю магутнасць.

Перамога пад Грунвальдам прывяла да хуткага заняпаду самастойнай крыжакоўскай дзяржавы, пагроза тэўтонскага парабашчэння славянскіх зямель была ліквідавана.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,
гал. бібліёграф

 

  1. Камянец // Рэспубліка Беларусь: вобласці і раёны : энцыкл. даведнік / склад. Л. В. Календа. Мінск, 2004. С. 43.

  2. Паходы Нямецкага ордэна // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2007. Т. 2. С. 419–420.

  3. У складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997.

  4. Кисель, В. П. Несколько страничек истории / В. Кисель // Каменец : историко- экономический очерк. Минск, 1976. С. 8–9.

  5. Мусевіч, Г. Бой не мясцовага значэння… : [пра Грунвальдскую бітву] / Г. Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2010. 26 чэрвеня.

  6. Рубашевский, Ю. Предтеча Грюнвальдской победы / Ю. Рубашевский // Вечерний Брест. 2010. 20 января. С.11.

  7. Шостак, С. Вялікая вайна з крыжацкім законам / С. Шостак // Навіны Камянеччыны. 1995. 28 чэрвеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1311 разоў Апошняя змена Серада, 14 Красавік 2021 15:35