Чацвер, 04 Чэрвень 2015 17:21

2 лютага 2015 г. – 80 гадоў з дня нараджэння (1935) Уладзіміра Аляксандравіча Пранько, кінааператара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі

Уладзімір Аляксандравіч Пранько нарадзіўся 2 лютага 1935 года ў вёсцы Дамашы (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці).

У 1938 годзе сям’я Пранько выехала спачатку ў Польшчу, затым у Аргентыну. Там Уладзімір Пранько скончыў гімназію з медыцынскім ухілам і паступіў у медыцынскі інстытут. Але неўзабаве зразумеў, што медыцына – не яго жыццёвы шлях. Ён паступіў у Нацыянальны інстытут кінематаграфіі ў Буэнас-Айрэсе і скончыў яго ў 1955 годзе.

Вясной 1956 года сям’я Пранько вярнулася на радзіму ў Беларусь. З 1957 года Уладзімір Пранько працуе аператарам на Беларускім тэлебачанні, з 1967 года – галоўным тэлеаператарам.

Сярод тэлеспектакляў, якія яму давялося здымаць: «Вялікае сэрца» па К. Чорнаму (1960), «Сэрца на далоні» (1964), «Трывожнае шчасце» (1968) па І. Шамякіну, «Людзі на балоце» па І. Мележу (1965), «Ткачы» па Г. Гаўптману (1969). Таксама зняў тэлефільмы: «Материнское благословение» (1958), «И смех, и беда» (1973), «Трубач военного оркестра» (1979), «Атланты і Карыятыды» па І. Шамякіну, «Гость», «Аистёнок» (усе 1980), «Купальская ноч» па Я. Купалу, фільм-канцэрт па песнях беларускіх кампазітараў «Фантазии на тему» (1982); дакументальныя фільмы «Сачыненне ў 3 “В”», «Салдат Перамогі» (1975) і інш.

Тэлефільм “Матухны благаславенне” (рэжысёр У. Кухта) – першы беларускі ігравы кароткаметражны фільм. Ён быў зняты паводле апавядання К. Чорнага, і гэта была першая тэлеэкранізацыя, зробленая яшчэ да стварэння “Тэлефільма”. У 1959 годзе У. Пранько здымаў тэлефільм-спектакль “Млын на Сініх Вірах” паводле твору У. Караткевіча (рэжысёр В. Карпілаў).

У 1963 годзе У. Пранько разам з калегам-аператарам С. Родкіным працавалі над тэлеспектаклем “Соцкі падвёў (Смех і грэх)” (рэжысёр В. Карпілаў).

У 1965 годзе У. Пранько ўдзельнічаў у працы над трохсерыйным тэлефільмам “Людзі на балоце” паводле рамана І. Мележа (рэжысёр А. Гутковіч). Тэлефільм пачынаўся з карцін прыроды Палесся, так выразна, са смуткам і любоўю апісанага Іванам Мележам. Гэта быццам востраў, але аб яго не плёскаюцца ні марскія, ні азёрныя хвалі. Востраў – мікракосм жыцця, працы, чалавечай душы – апісаны І. Мележам і паказаны на тэлеэкране з любоўю. Уладзімір Аляксандравіч разам з творчай групай стужкі “Людзі на балоце” быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР (1966).

Да 50-годдзя савецкай улады быў зняты дакументальна-мастацкі фільм “Крах” (сцэнарыст і рэжысёр В. Карпілаў; аператар У. Пранько). У аснову сюжэта былі пакладзены матэрыялы Надзвычайнай следчай камісіі Часовага ўрада па вывучэнні злачынстваў царскага ўрада. Паказвалася атмасфера ў царскай сям’і, перажыванні царыцы ў сувязі з цяжкай хваробай цэсарэвіча Аляксея. Асаблівая ўвага ўдзялялася ролі Распуціна. Выкарыстана была і архіўная кінахроніка. Мастацкая структура тэлефільма “Крах” была для свайго часу арыгінальнай і шматслойнай.

У 1988 годзе У. Пранько разам з рэжысёрам Н. Гаркуновай стварылі тэлеспектакль “Давыд-Гарадзенскі”. Белы верш апавядання Вольгі Іпатавай падтрымліваецца, развіваецца сугучнымі выяўленчымі і музычнымі сродкамі.

У 2000 годзе У. Пранько з рэжысёрам У. Арловым здымаў дакументальны тэлефільм “Мсціслаўль”. У аснову сюжэта было пакладзена паэтычнае эсэ “Мсціслаў-Мсціслаўль” Уладзіміра Караткевіча, апублікаванае ў 1985 годзе. Старажытны беларускі горад нібы ўбачаны закаханымі вачыма паэта і гісторыка. Творчая група “транспаніравала” аўтарскі паэтычны маналог у выявы сучаснага Мсціслаўля, які захаваў прыкметы гістарычнай памяці.

Пошук арганічнага адзінства аператарскага і рэжысёрскага вырашэння, жыццёвая верагоднасць і прастата пры стварэнні выразных псіхалагічных партрэтаў герояў – характэрныя рысы творчасці Уладзіміра Аляксандравіча.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Брэус Ірына Леанідаўна, бібліёграф

 

  1. Пронько Владимир Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 275.

  2. Пронько Владимир Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 296–297.

  3. Пранько Уладзімір Аляксандравіч / А. А. Карпілава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 13–14.

  4. Пранько Уладзімір Аляксандравіч / А. А. Карпілава // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 375.

  5. Пранько Уладзімір Аляксандравіч / Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 490–491.

  6. Мельнікаў, Э. Рэалізаваць сябе : [пра У. Пранько] / Эдуард Мельнікаў // Ёсць край такі... : гіст.-літ. хроніка. Баранавічы, 2003. С. 418–421.

  7. Мельнікаў, Э. Рэалізаваць сябе : [пра У. Пранько] / Эдуард Мельнікаў // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 436–438.

  8. Гісторыя кінамастацтва Беларусі : у 4 т. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – Т. 3. Тэлевізійнае кіно. 1956–2002 гг. – 374 с. : іл. – Са зместу: У. Пранько. – С. 7, 8, 87, 94, 95, 151, 163, 231.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1104 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 12:42