Чацвер, 11 Чэрвень 2015 12:01

10 чэрвеня 2015 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Лявонція Ульянавіча Зданевіча (1955), архітэктара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2004)

Лявонцій Ульянавіч Зданевіч нарадзіўся 10 чэрвеня 1955 года ў вёсцы Аркадзія Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці (з 2007 г. у межах Брэста).

 У 1978 годзе скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут па спецыяльнасці “архітэктар”. Вучыўся ў А. Д. Кудзіенкі, М. М. Суцягіна, М. М. Гайдуковіча. Працаваў у інстытуце “Белдзяржпраект”, старэйшай праектнай установе Беларусі, з 1986 года – галоўны архітэктар праектаў i член Саюза архітэктараў БССР.

Творчая майстэрня архітэктара Л. У. Зданевіча была створана ў 1993 годзе. Асноўныя напрамкі дзейнасці майстэрні: праектаванне жылых і грамадскіх будынкаў, дызайн інтэр’ераў, ландшафтны дызайн, малыя архітэктурныя формы. Асаблівая тэма – індывідуальныя жылыя дамы, якія майстэрня, як правіла, распрацоўвае комплексна з участкам, унутраным і вонкавым дызайнам.

Асноўныя творчыя працы Л. У. Зданевіча: будынак пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь па вуліцы Старавіленскай, яго інтэр’еры і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі (1995–2000); рэканструкцыя комплексу будынкаў Упраўлення Беларускай чыгункі  па вуліцы Леніна, 17 (2002–2006); жылая індывідуальная забудова квартала Вялікая Сляпянка (1998–2000); забудова пасёлка Сонечны Мінскага раёна (2006–2014); рэканструкцыя будынка ў Мінску па вуліцы Сурганава, 54; індывідуальныя жылыя дамы ў Мінску і Мінскім раёне (2000).

Л. У. Зданевіч удзельнічаў у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, на якія прадставіў, напрыклад, праекты: Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь (1994, сумесна з архітэктарам М. М. Піраговым), парк “Даліна смерці” мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” (2004, сумесна з архітэктарам Д. А. Цяльцовым).

Разам са скульптарам Канстанцінам Селіханавым з’яўляецца аўтарам помніка журналісту Ігару Герменчуку (1961–2002) на Усходніх могілках г. Мінска (2004).

Вялікае дасягненне Л. У. Зданевіча – удзел у будаўніцтве Палаца Рэспублікі ў 1986–2001 гадах, за што ў складзе аўтарскага калектыву быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі за 2004 год. Палац Рэспублікі – буйнейшы у краіне культурны і дзелавы цэнтр, яго адкрыццё адбылося 31 снежня 2001 года. Л. У. Зданевіч распрацаваў вобразнае і аб’ёмна-прасторавае вырашэнне Палаца з абаснаваннем горадабудаўнічага рашэння для канкрэтна прынятага месца прывязкі (распрацоўка эскізаў, макетаў аб’ёмнага і горадабудаўнічага рашэння розных варыянтаў).

Разам з ім працавалі архітэктары: Міхаіл Міхеевіч Пірагоў, галоўны архітэктар камплексу аб’ектаў Кастрычніцкай плошчы і кіраўнік аўтарскага калектыву, Анатоль Андрэевіч Шабалін, аўтар распрацоўкі рабочых чарцяжэй і інтэр’ераў Палаца Рэспублікі, аўтар інжынернага блока Палаца і генеральнага плана Кастрычніцкай плошчы.

Лявонцій Ульянавіч актыўна займаецца грамадскай і палітычнай дзейнасцю. У 1990–1995 гадах быў народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання. Браў удзел у выпрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, а таксама ў надзвычайнай сесіі Вярхоўнага Савета 24–25 жніўня 1991 года, у ходзе якой была абвешчана незалежнасць Беларусі. У 1990-я гады быў членам Камісіі Вярхоўнага Савета РБ па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі сяла і горада, Камісіі Вярхоўнага Савета РБ па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, Камісіі па забяспячэнню адзінай палітыкі выкарыстання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета РБ.

З 2012 года Лявонцій Ульянавіч з’яўляецца членам Савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз архітэктараў”.

 Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Васілюк Таццяна Іванаўна, бібліёграф

 

1.   Зданевич Леонтий Ульянович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 647.

2.   Зданевич Леонтий Ульянович // Архитекторы Советской Белоруссии : биографический справочник ; сост. В. И. Аникин и др. Минск : Беларусь, 1991. С. 259.

3.   Творческая мастерская архитектора Л. У. Зданевича // Архитектура и строительство. 2015. № 1. С. 19–21.

4.   Зданевич, Л. Ломать не строить / Леонтий Зданевич // Советская Белоруссия. 2014. 7 февраля. С. 5.

5.   Зданевич, Л. Город солнца – мечта утопистов или реальность? / Леонтий Зданевич, Александр Крупченко // Архитектура и  строительство. 2008. № 6. С. 88–91.

6.   Шамрук, А. С. Поливариантность стилевых сопряжений в архитектуре общественных зданий // Шармук, А. С. Архитектура Беларуси XX – начала XXI в. : эволюция стилей и художественных концепций / А. С. Шамрук. Минск : Белорусская наука, 2007. С. 217–257. – Из содерж.: Л. Зданевич. С. 225, 228.

7.   Зданевич, Л. Проектируем офис… / Леонтий Зданевич // Архитектура и строительство. 2006. № 5 С. 24–25.

8.   Калитина, А. “Купеческое кружево” и “коттеджный гламур” элитного жилья / А. Калитина // Беларуская газета. 6 ноября. 2006. С. 22.

9.   О присуждении государственных премий Республики Беларусь 2004 года : Указ Президента Республики Беларусь № 255, 7 июня 2005 г. // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2005. 15 июня (№ 92).

10. Зданевич, Л. Хотели как лучше, а получили… / Л. Зданевич // Архитектура и строительство. 2003. № 6. С. 77.

11. Зданевич, Л. На пути к своему дому [Электронный ресурс] / Л. Зданевич // Архитектурно-строительный портал 2006–2014. Режим доступа: http://ais.by/users/zdanevich

 

12   12. Зданевич, Л. После съезда [Электронный ресурс] / Л. Зданевич // Архитектурно-строительный портал 2006–2014. Режим доступа: http://ais.by/users/zdanevich

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 834 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 09:45