Аўторак, 21 Ліпень 2015 15:40

9 чэрвеня 2015 г. – 75 гадоў з дня нараджэння (1940) Аркадзя Мікалаевіча Дзенісевіча, паэта, мастака, педагога

Аркадзь Мікалаевіч Дзенісевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1940 года ў вёсцы Вашчынічы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Дзяцінства прыйшлося на вайну, юнацтва – на цяжкія, галодныя пасляваенныя гады.

Бацька, Мікалай Аляксандравіч, скончыў адзін клас польскай школы, чытаў з цяжкасцю, пісаў на змешанай рускай, беларускай і польскай мовах. Але прырода надзяліла яго рознабаковымі талентамі: шыкоўны апавядальнік і выдумшчык шматлікіх казак, баек, гумарэсак, збіральнік і рэстаўратар старадаўніх гадзіннікаў, музычных інструментаў, баяніст. Маці скончыла 7 класаў, што на той час было добрай адукацыяй. У сям’і, дзе былі чацвёра дзяцей, заўсёды панавала творчая атмасфера. У хаце было шмат кніг. Любімая гульня – шахматы. Самымі важнымі дысцыплінамі традыцыйна лічыліся матэматыка, астраномія, біялогія, гісторыя. Усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю.

Творчыя здольнасці Аркадзя пачалі праяўляцца рана. Захаваліся школьныя сшыткі яго вершаў і апавяданняў, штодзённік назіранняў. Нягледзячы на нястачу ў сям’і і працу па гаспадарцы, дзякуючы бацькам, Аркадзь атрымліваў часопіс «Художник», які стаў яму вучэбным дапаможнікам па авалоданні майстэрствам жывапісу. Першай карцінай была копія працы невядомага мастака «Паляванне на львоў» (1959). Аркадзь Мікалаевіч успамінае: «Памятаецца, як пісаў яе летнімі вечарамі, перад хатай, на лузе. Назіраць працэс нараджэння карціны збіраліся ўсе жыхары вёскі». Затым былі копіі твораў класікаў жывапісу Ю. А. Васняцова, А. К. Саўрасава, І. І. Шышкіна.

У 1958 годзе Аркадзь Дзенісевіч закончыў Хараўскую школу. Працаваў мастаком-афарміцелем у Брэсце. Жыццё распарадзілася так, што толькі ў пяцьдзесят гадоў Аркадзь Мікалаевіч стаў студэнтам факультэта мастацтвазнаўства Уральскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Горкага ў Екацярынбургу (1988–1994).

З 1991 года працаваў выкладчыкам у Брэсцкай дзіцячай мастацкай школе. У 1994–1998 гадах выкладаў гісторыю мастацтваў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна.

У сярэдзіне 1960-х з’явіліся першыя аўтарскія працы мастака А. М. Дзенісевіча. Сярод створанага пераважае тэма старажытнай архітэктуры: храмы, замкі, архітэктурныя пейзажы. Іх адрозніваюць тонкасць і вытанчанасць выканання, прыгажосць, пышная колераперадача і гістарычная дакладнасць (карціны «Трокі», «Нікольская царква. Пскоў», «Вежа Пскоўскага крамля», «Еўфрасіннеўская царква. Полацк» і іншыя з цыкла «Архітэктурныя напевы»). У яго творах можна ўбачыць памятныя мясціны Екацярынбурга, старажытныя Талін і Рыгу, казачны Суздаль. Падарожжы, шматлікія камандзіроўкі – частка жыцця аўтара – пашыраюць і паглыбляюць яго творчасць («Рыга», «Талін», «Польшча. Кодзень. Царква»).

Нельга не сказаць пра карціны, прысвечаныя родным мясцінам. Мастак часта прыязджае на сваю малую радзіму. Аркадзь Мікалаевіч шмат разоў пісаў-перапісваў алеем палатно «Родная хата». У гэтай рабоце – згушчанае да ззяння святло, асененае шаццю дрэва каля хаты – усё трымціць, дыхае, поўніцца любоўю. Грэюць позірк карціны «Пружанская вясна», «Ясельда», «Палескі край».

Аркадзь Микалаевіч удзельнічае у мастацкіх выставах. У 2000 годзе ў музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” адбылася яго першая персанальная выстава акварэляў. Таксама была арганізавана выстава ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”.

На Брэстчыне ведаюць Аркадзя Мікалаевіча ў першую чаргу як мастака-афарміцеля, майстра інтэр’ераў. Сярод значных аб’ектаў: абласная бібліятэка імя М. Горкага i яе аддзел дзiцячай i юнацкай кнігі, дзіцячая бібліятэка ў г. Іванаве, школьны музей у в. Махро Іванаўскага раёна, ваенна-гістарычны музей імя Д. Удовікава ў г. Драгічыне і музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» ў в. Бездзеж Драгічынскага раёна.

Яшчэ ў 90-х гадах, калі афармляў інтэр’ер Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ф. Парфёнава, Аркадзь Мікалаевіч зацікавіўся мясцовай гісторыяй. Даведаўся пра ўраджэнца Іванаўшчыны Напалеона Орду і яго архітэктурныя пейзажы. Потым падрыхтаваў і выдаў манаграфію «Тенденции классицизма и романтизма в архитектурном пейзаже Наполеона Орды» (1998). Сумесна з дачкой Ганнай Дзенісевіч напісаў кнігу «Ю. И. Крашевский. Этнография. Графика. Живопись»(2012). Кніга была выдадзена Брэсцкай друкарняй пры творчым супрацоўніцтве і матэрыяльнай падтрымцы брата – Міхаіла Мікалаевіча Дзенісевіча, доктара гістарычных навук, прафесара, рэктара Уральскага гуманітарнага інстытута. Аўтары манаграфіі скрупулёзна даследавалі лёс і творчасць Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, прыклалі шматлікія ілюстрацыйныя матэрыялы.

Аркадзь Мікалаевіч займаецца публіцыстыкай, піша вершы. Выдадзены яго паэтычныя зборнікі «В поисках гармонии» (2012), «Скарбніца жыцця» (2013). Міхаіл Аркадзьевіч плённа працуе і сёння. Ён ужо пераклаў на беларускую мову кнігу «Ю. И. Крашевский. Этнография. Графика. Живопись», падрыхтаваў да друку біяграфічную кнігу «Пошук ісціны».

Дачка Аркадзя Мікалаевіча, Ганна Дзенісевіч, скончыла гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, настаўнік сусветнай і айчыннай культуры, выкладае ў Брэсцкай дзіцячай мастацкай школе, неаднаразовы ўдзельнік выстаў, друкуецца ў перыядычным друку з артыкуламі па выяўленчым мастацтве.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, гал. бібліёграф аддзела інфармацыі і абслугоўвання

 

Творы А. М. Дзенісевіча

  1. Скарбніца жыцця : вершы / А. М. Дзенісевіч. Брэст, 2013. 48 c.

  2. Ю. И. Крашевский. Этнография. Графика. Живопись : 200-летию Ю. И. Крашевского посвящается / А. Н. Денисевич, А. А. Денисевич. Брест : Брестская типография, 2012. 179 с., [20] л. цв. ил. : ил., портр.

  3. В поисках гармонии : [стихи] / А. Денисевич. [Брест, 2012]. [32] с.

  4. В поисках гармонии : живопись, стихи / А. Н. Денисевич. [Брест], 2010. [41] с. : ил.

  5. Тенденции классицизма и романтизма в архитектурном пейзаже Наполеона Орды / А. Н. Денисевич. [Брест] : Брестская типография, 2008. 114 с. : ил.

  6. Гармония как эстетическая проблема: опыт создания интерьеров Дрогичинской и Ивановской ЦРБ / А. Н. Денисевич // Бібліяпанарама / Брэсц. абл. б-ка імя М. Горкага. Брэст, 2002. Вып. 5. С. 17–19.

  7. Внутрибиблиотечное пространство: основные направления и принципы организации / А. Н. Денисевич // Бібліяпанарама / Брэсц. абл. б-ка імя М. Горкага. Брэст, 2001. Вып. 4. С. 32–34.

 

Аб жыцці і творчасці А. М. Дзенісевіча

  1. Самосюк, Г. «Творчество – жизни криница» : [о презентации книги «Крашевский. Этнография. Графика. Живопись» с участием автора А. Н. Денисевича в Дрогичинской районной библиотеке] / Галина Самосюк // Драгічынскі веснік. 2014. 23 жніўня. С. 4.

  2. Бяласін, Я. І мастак, і пісьменнік : [у Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна адбылася прэзентацыя кнігі А. Дзенісевіча «Крашевский»] / Яўген Бяласін // Брестский курьер. 2013. 2 мая (№ 18). С. 32.

  3. Шабуня, Н. Сустрэча на радзіме : [сустрэча з А. Дзенісевічам у літаратурнай гасцёўні Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма] / Ніна Шабуня // Раённыя будні (Пружаны). 2013. 27 сакавіка. С. 4.

  4. Зялевіч, А. Дызайнер «…Фартушка» і… : [пра выставу А. Дзенісевіча ў музеі “Пружанскі палацык”] / Алена Зялевіч // Культура. 2010. 11–17 верасня (№ 37). С. 12.

  5. Денисевич, А. Холсты в наследство : [о книге «Ю. И. Крашевский»] / Аркадий Денисевич ; беседовал Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2013. 13 марта. Вечёрочка. С. IV.

  6. Павлова, Л. Династическая монография на завершение Года Крашевского : [о книге «Ю. И. Крашевский»] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2012. 27 декабря (№ 52). С. 10.

  7. Гармель, Е. В поисках гармонии : [о выставке живописи А. Н. Денисевича в музее “Спасенные художественные ценности”] / Елена Гармель // Заря. 2010. 15 июня. С. 7.

  8. Павлова, Л. «Узнаю тебя, жизнь, принимаю..!» / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2010. 17 июня (№ 25). С. 21.

  9. Павлова, Л. «Бесконечный свет гармонии» обогатил Пружанский палацык : [о выставке живописи А. Денисевича в музее “Пружанскi палацык”] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2010. 12 августа (№ 33). С. 20.

  10. Карлюкевич, А. У кантэксце еўрапейскага мастацтва / Алесь Карлюкевіч // Маладосць. 2008. № 7. С. 120–122.

  11. Новая книга о Наполеоне Орде : [о книгеА. Денисевича «Тенденции романтизма и классицизма в творчестве Наполеона Орды»] // Брестский курьер. 2007. 1 ноября. С. 9.

  12. 30 лет ДХШ : 19762006: альбом-каталог / сост.: В. Д. Тулупов, А. А. Кондратюк. Брест, 2006. 18 с. : ил.

  13. Набойченко, И. Прозрачный мир Аркадия Денисевича : [о выставке акварелей А. Денисевича в музее «Спасённые художественные ценности»] / Игорь Набойченко // Брестский курьер. 2000.  25. С. 3.

  14. Михаил Николаевич Денисевич. Ученый. Ректор. Екатеринбург : Уральский гуманитарный институт, 2004. 42 с. : ил.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1283 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 12:29