Аўторак, 21 Ліпень 2015 15:46

29 чэрвеня 2015 года – 110 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Кольчака (1905–1969), палкоўніка, удзельніка Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, Героя Савецкага Саюза

Мікалай Мікалаевіч Кольчак нарадзіўся 29 чэрвеня 1905 года ў мястэчку Янаў-Палескі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер горад Іванава Брэсцкай вобласці) у сям’і служачага. Жыў з бацькамі ў гарадах Маскве і Петраградзе, дзе бацька працаваў юрысконсультам.

У 1916 годзе Мікалай Кольчак скончыў рэальнае вучылішча. У снежні 1917 года, калі яму споўнілася трынаццаць, сышоў з хаты.У Кранштаце запісаўся юнгай на карабель Балтыйскага флоту, служыў на лінкоры “Андрей Первозванный”.

Удзельнік Грамадзянскай вайны. У складзе матросскага атрада Мікалай Кольчак удзельнічаў у падаўленні бунту форта Чырвоная Горка, абараняў Петраград ад войскаў Юдзеніча. У баях быў паранены і ў 1922 годзе дэмабілізаваны. Працаваў на будаўніцтве Волчаўскай ГЭС.

У 1925 годзе Мікалай Кольчак зноў быў прызваны ў Чырвоную армію. Марыў стаць марскім камандзірам, але быў накіраваны ў пяхотную школу. У 1928 годзе скончыў Ленінградскую пяхотную школу і атрымаў прызначэнне ў Сярэднюю Азію. Пачаў службу ў палку Івана Яўфімавіча Пятрова. Прымаў удзел у баях з басмачамі, за што быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦВК Туркестанскай ССР.

У 1932 годзе Мікалай Кольчак скончыў курсы ўдасканалення каманднага складу ў Севастопалі і неўзабаве быў прызначаны ротным камандзірам у Аб’яднаную Сярэднеазіяцкую ваенную Чырвонасцяжную школу.

Не абмінула чырвонага камандзіра і хваля рэпрэсій. У 1936 годзе М. М. Кольчак быў выключаны з партыі як “чалавек, які схаваў дваранскае паходжанне”. Хоць яго бацька і быў дваранінам, але атрымаў дваранства па заслугах і быў пазбаўлены яго яшчэ ў 1916 годзе. Сам жа Мікалай Кольчак з сям’ёй кантактаў не падтрымліваў з 1917 года і не хаваў уанкетах свайго паходжання. Тым не менш, ад далейшай расправы выратавала заступніцтва былога камандзіра Е. І. Пятрова.

У 1937 годзе М. М. Кольчак становіцца выкладчыкам, а затым старэйшым выкладчыкам агнявой падрыхтоўкі Вышэйшых курсаў стралковатактычнага ўдасканалення камандзіраў пяхоты “Стрэл” (“Выстрел”). На новым месцы службы, з уласцівай яму настойлівасцю, заняўся навуковай працай, сумяшчаў яе з выкладчыцкай. Да 1940 годзе апублікаваў у ваенным друку 52 працы па тэорыі стральбы і выкарыстання ў баі стралковай зброі. На гэтай пасадзе сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

У 1942 годзе быў прызначаны намеснікам начальніка аддзела Галоўнага кіравання ўсеагульнага ваеннага навучання. Кабінетная праца была не па душы, аднак у адпраўцы на фронт адмовілі з-за хваробы. У маі 1943 года падпалкоўнік М. М. Кольчак прызначаецца начальнікам Цэнтральнай жаночайшколы снайперскай падрыхтоўкі ў Падольску. Новы начальнік рашуча выступіў супраць спрашчэнства ў навучанні снайпераў, за паляпшэнне іх тактычнай і фізічнай падрыхтоўкі. Ён выязджаў у дзеючую армію, у часткі 3 ударнай арміі Калінінскага фронту. На пярэднім краі крок за крокам, часам рызыкуючы жыццём, вывучаў баявую працу снайпераў – выпускніц школы. Баявы вопыт укараняў у практыку навучання, асабіста распрацаваў і напісаў памятку снайпера.

Неаднаразова падаваў рапарты аб адпраўцы на фронт, але атрымліваў адмову па стане здароўя. Толькі ў маі 1944 года, пасля асабістага ліста генералу І. Я. Пятрову, палкоўнік М. М. Кольчак быў накіраваны ў распараджэнне камандуючага 3-ім Беларускім фронтам генерала І. Д. Чарняхоўскага. Яго прызначылі камандзірам 294-га стралковага палка ў 184-й стралковай дывізіі. З гэтым палком ён прайшоў да самай Перамогі.Летам 1944 года, у ходзе аперацыі “Баграціён”, стралковы полк М. М. Кольчака з баямі выйшаў на блізкія подступы да горада Віцебска. Усе пастаўленыя баявыя задачы выканаў своечасова.

15 жніўня 1944 года 294-й стралковы полк пад камандваннем палкоўніка М. М. Кольчака прарваў варожую абарону, перайшоў у імклівы наступ і на досвітку 17 жніўня адным з першых выйшаў на былую дзяржаўную мяжу СССР з Германіяй, заняў горад Шэрвіндт. За стойкасць і адвагу, праяўленую ў гэтых баях, полк быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. А камандзір палка за асабістую доблесць і умелае кіраўніцтва палком быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце, барацьбу з немецка-фашыстскім захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм палкоўніку М. М. Кольчаку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі “Залатая зорка” (№ 7219). Таксама Мікалай Мікалаевіч узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, медалямі.

У 1946 годзе палкоўнік Кольчак Мікалай Мікалаевіч звольніўся з арміі па хваробе. Жыў і працаваў у Маскве. Памер 14 лютага 1969 года. Пахаваны на Введзенскіх могілках г. Масквы (участак № 3а).

На радзіме М. М. Кольчака ў г. Іванава яго імем названа вуліца.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панферава. Мудзь Наталля Пятроўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Кольчак Мікалай Мікалаевіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 242.

  2. Кольчак Мікалай Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 228–229.

  3. Кольчак Мікалай Мікалаевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. 1941–1945. Мінск, 1990. С. 270.

  4. Родина Кольчака Николая Николаевича / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 191.

  5. Героi Савецкага Саюза – ураджэнцы Брэстчыны [Выяўленчы матэрыял] : Стаялі насмерць. Слава героям! : да 65-годдзя вызвалення Беларусі : [плакат]. – [Б. м. : б. в.], 2009. – 1 л. : каляр. афсет.

  6. Дриго, С. В. За подвигом – подвиг : о Героях Советского Союза – участниках боев в Восточной Пруссии : [сборник] / Сергей Васильевич Дриго. – Калининград, 1984. – 358 с. – Из содерж.: Н. Н. Кольчак. – С. 57–58.

  7. Кольчак Николай Николаевич // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва : Воениздат, 1987. Т. 1. С. 704.

  8. Кольчак Николай Николаевич // Герои огненных лет : очерки о москвичах – Героях Советского Союза. Москва, 1984. Кн. 7. С. 407–415.

  9. Кухарчук, Н.Их имена – в названиях улиц : [Н. Н. Кольчак] / Надежда Кухарчук // Чырвоная звязда (Іванава). 2014. 20 чэрвеня. С. 4.

  10. Васільеў, І. Камандзір палка : [Кольчак М. М.] / І. Васільеў // Чырвоная звязда (Іванава). 2010. 15 студзеня. С. 2.

  11. Горупа, М. Огненные версты Николая Кольчака : [новое из биографии Героя Советского Союза] / Мария Горупа // Чырвоная звязда (Іванава). 2006. 9 мая. С. 2.

  12. Лазарев, А.Огненные вёрсты Николая Кольчака / А. Лазарев // Во славу Родины. 2005. 22 ноября.

  13. Горупа, М. Первый герой дивизии : [о Н. Н. Кольчаке] / Мария Горупа // Чырвоная звязда (Іванава). 2005. 19 жніўня. С. 2.

  14. Снайперы в юбках [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://rodina-mother.livejournal.com/16348.html

  15. Снайперская улица[Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.mrm.ru/info/vao/vn/street/25590

Чытаць 1374 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 12:22