Панядзелак, 31 Жнівень 2015 09:55

2015 г. – 75 гадоў з часу заснавання (1940) УА «Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці»

Брэсцкі Дом піянераў быў адкрыты ў маі 1940 года па вул. Стаханава, 4. Дырэктарам стала Кацярына Васільеўна Мухіна, а першымі гурткоўцамі былі дзеці вайскоўцаў, камандзіраў гарнізона Брэсцкай крэпасці і пагранічных атрадаў.

Пасля вызвалення Брэста Дом піянераў аднавіў сваю работу. 5 кастрычніка 1944 года была арганізавана піянерская дружына, у яе ўваходзілі чатыры атрады па 25–30 чалавек. Піянерамі праводзіліся зборы і тэматычныя вечары, ствараліся цімураўскія атрады. Штодня Дом піянераў наведвалі 80–100 чалавек, на масавыя мерапрыемствы збіралася да 250 чалавек.

У навучальным 1950–1951 годзе быў арганізаваны шахматна-шашачны турнір на першынства горада. У час канікул праводзіліся экскурсіі на прадпрыемствы города: мукамольны завод, электрастанцыю, аўтарамонтныя, вагонарамонтныя майстэрні і г. д. Дом піянераў з’яўляўся інструктыўна-метадычным цэнтрам пазашкольнай і піянерскай працы.

Да канца 1950-х насельніцтва горада перавысіла даваенны ўзровень і склала больш за 70 тыс. чалавек. Дом піянераў, які знаходзіўся ў невялікім асабняку, ужо не мог прыняць усіх жадаючых. Дырэктар В. Л. Кудзеліна (1950–1962), прыклала нямала сіл і намаганняў у адстойванні ідэі будаўніцтва новага спецыялізаванага будынка. Першы камень пры будаўніцтве новага Дома піянераў заклала найстарэйшы педагог Е. Г. Гіоў. Урачыстае адкрыццё Палаца піянераў і школьнікаў па вул. Наганава адбылося 5 снежня 1961 года.

У 1960-я ў Палацы нарадзілася спаборніцтва за званне «Лепшы гурток», «Лепшы кружковец». Пачынаючы з 1964 года на працягу сямнаццаці гадоў у час летніх канікул на беразе Белага возера дзейнічаў палатачны лагер, у якім дзеці адпачывалі і аздараўляліся на прыродзе.

У 1976 годзе Палац піянераў стаў установай абласнога значэння. У тыя гады ў вобласці налічвалася 29 Дамоў піянераў. З 1 ліпеня 1977 года пачаў працаваць Брэсцкі гарадскі Дом піянераў на базе першага паверху СШ № 19. Абласны Палац піянераў наведвалі больш за 1500 дзяцей. Гурткі аб’ядноўваліся ў аддзелы: метадычны, палітыка-масавы, мастацкага выхавання, юнацка-краязнаўчы, дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці. Педагагічны калектыў налічваў больш за 30 чалавек. Праз дваццаць гадоў зноў абвастрылася праблема памяшканняў.

Увосень 1987 года абласны Палац піянераў пераехаў у новы будынак па вул. Маскоўскай, 123. Узводзіўся Палац па праекту групы маскоўскіх архітэктараў на чале з Аляксеем Валянцінавічам Шчагловым. Гэты будынак унікальны па архітэктуры, быў удастоены прэміі Акадэміі мастацтваў СССР. Адметнай рысай з’яўляюцца тры пандусы, якія вядуць да ўваходаў у будынак, размешчаным на штучным халме. Свяцільні, люстры і мазаічныя шкляныя сцены, перагародкі створаны беларускімі майстрамі з гродзенскага шкла.

У 1992 годзе Палац піянераў быў перайменаваны ў абласны Цэнтр маладзёжнай творчасці, з сакавіка 2004 года – ва ўстанову адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці».

У 1991 годзе кіраўніком ЦМТ стаў малады, ініцыятыўны В. М. Манюк, за спіной у якога быў багаты вопыт камсамольскай работы. Гэты вопыт дапамог яму ўнесці новы подых ў работу калектыву. У 1998 годзе дырэктарам быў зацверджаны Мікалай Мікалаевіч Турчук, які ў 1991–1996 гадах працаваў намеснікам дырэктара. У 2004–2005 гадах дырэктарам быў В. В. Гарох. У 2006 годзе дырэктарам установы стаў Іван Іванавіч Васіленка.

Цэнтр маладзёжнай творчасці – буйнейшая абласная ўстанова, якая выконвае каардынацыйныя і арганізацыйныя функцыі для раённых цэнтраў пазашкольнай работы, устаноў адукацыі ў правядзенні адукацыйных, культурна-масавых мерапрыемстваў. У ЦМТ працуюць аддзелы: выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, па супрацоўніцтве з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі, тэхнічнай творчасці і турыстычна-краязнаўчай работы, мастацкай творчасці, спартыўна-масавай работы.

З 2003 года у ЦМТ штогод праходзіць абласны адкрыты фестываль фальклорнага мастацтва «Радавод», які гуртуе вакол сябе аматараў побытавых танцаў, абрадавых і пасляабрадавых песень, паэзіі, музыкі. У праграме фестывалю навукова-практычныя канферэнцыі, выставы народнай творчасці, народныя гульні і абрады, конкурсы творчых калектываў. Установа праводзіць таксама міжнародныя калядныя сустрэчы, фестывалі дзіцяча-юнацкай творчасці «Мы разам», абласныя выставы выяўленчага ідэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Вясёлкавы калейдаскоп» і інш.

Сёння з навучэнцамі працуюць больш за 100 кваліфікаваных педагогаў. У ЦМТ дзейнічаюць адзінаццаць калектываў са званнем «народны» і «ўзорны». З 1997 года выдаецца ўласная газета “Родник”. Штогод больш за 3,5 тыс. дзяцей, падлеткаў і студэнтаў праводзяць вольны час у ЦМТ.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна.

Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

1.    Брэсцкi дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасцi/ А. А. Клунiн // Культура Беларусі : энцыклапедыя.  Мінск, 2011. Т. 2. С. 71.

2.    Брестский государственный областной центр молодёжного творчества // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 172–173.

3.    Брестский государственный областной центр молодёжного творчества / В. В. Горох // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 517.

4.    Дворец пионеров и школьников // Брест : энциклопедический справочник.Минск, 1987.С. 193–194.

5.    Вертинская, С. Детский театр «Раёк» пригласил жителей Бреста в Зазеркалье / Светлана Вертинская // Брестский курьер. 2014. 5 июня (№ 23). С. 10.

6.    Вертинская, С. День открытых дверей в ЦМТ / Светлана Вертинская // Брестский курьер. 2014. 11 сентября (№ 37). С. 32.

7.    Василенко, И. И. Найти свою звезду : [Брестский государственный областной центр молодёжного творчества] / И. И. Василенко // Пазашкольнае выхаванне. 2010. № 11. С. 48–54.

8.    Швед, Т. ЦМТ открыл сезон / Т. Швед // Заря. 2010. 9 сентября. С. 18.

9.    Грышкевіч, С. У горадзе над Бугам выхоўваюць касманаўтаў, турыстаў і спатсменаў : [аб гуртках у Брэсцкiм ЦМТ] / Сяргей Грышкевіч // Народная газета. 2006. 14 верасня.

10. Горох, В. В. Наша история : [история Центра молодёжного творчества] / В. В. Горох ; Пишем летопись ЦМТ // Пазашкольнае выхаванне. 2005. № 10. С. 3–9.

11. Савчук, М. Наш дворец : [стихи о ЦМТ] / Марина Савчук // Пазашкольнае выхаванне. 2005. № 10. С. 65.

12. Белаус, I. Дом натхнення i радасцi : [Цэнтр маладзёжнай творчасцi] / Iрына Белаус // Народная трыбуна. 2004. 18 верасня.

 

13. Гурда, В. У творчества возраста нет : [60 лет центру молодёжного творчества] / Владимир Гурда // Заря. 2000. 4 апреля. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1044 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 10:14