Чацвер, 10 Верасень 2015 10:38

28 жніўня 2015 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Фёдара Іванавіча Дарашэвіча (1905–1986), беларускага мастака-жывапісца

Фёдар Іванавіч Дарашэвіч нарадзіўся 28 жніўня 1905 года ў г. Камянцы Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) ў сялянскай сям’і. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я апынулася ў Сібіры ў Томскай губерніі. З малых гадоў хлопчык працаваў з бацькам на чыгунцы. Пачатковую адукацыю атрымаў у школе ліквідацыі непісьменнасці на станцыі Іжморскай. У гэты перыяд ён робіць першыя крокі як мастак-афарміцель, прымаючы ўдзел у афармленні мясцовага рабочага клуба.

У 1925 годзе Фёдар Дарашэвіч паступіў у Омскае мастацка-прамысловае вучылішча імя М. Урубеля, куды быў накіраваны па пуцёўцы камсамола. Пасля заканчэння вучылішча ён працаваў у Маскве мастаком-афарміцелем. У 1931 годзе Ф. Дарашэвіч паступіў у Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна. Ён займаўся ў вопытных педагогаў – майстроў рускага класічнага мастацтва С. Абугава, І. Фрэнца, А. Асьмёркіна, А. Арэшнікава, якія прывілі свайму вучню не толькі валоданне майстэрствам, але і пачуццё ўзнёслых адносін да прафесіі і мастацтва. У сваёй дыпломнай рабоце «Вяртанне з манёўраў» Ф. Дарашэвіч выступае як удумлівы мастак, майстар станковай кампазіцыі.

Пасля заканчэння інстытута ў 1938 годзе Фёдар Іванавіч працаваў выкладчыкам Пермскага мастацкага вучылішча, сумяшчаў педагагічную дзейнасць з творчасцю. Пачынаючы з 1939 года ён прымаў актыўны ўдзел у мастацкіх выстаўках, узначальваў Пермскі Саюз савецкіх мастакоў, працаваў у кааператыве “Художник”.

Вялікая Айчынная вайна застала Ф. Дарашэвіча ў г. Молатаве (г. Перм у 1940–1957 гг.). У час вайны ён працаваў мастаком агіт-майстэрні, дзе ствараў шматлікія плакаты і пано, у якіх адлюстраваў важныя падзеі таго часу. Застаючыся ў глыбокім тыле, мастакі Молатава шукалі магчымасць быць карыснымі. У агіт-майстэрнях аператыўна ствараліся тэкставыя і маляваныя плакаты, у якіх у яркіх вобразах былі адлюстраваны навіны з фронту і працоўныя поспехі тых, хто застаўся ў тыле.

У 1950 годзе Фёдар Дарашэвіч вярнуўся ў Беларусь. З 1951 года жыў у Мінску. У 1960–1966 гадах працаваў выкладчыкам у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1965 годзе адбылася юбілейная выстава мастака.

Фёдар Дарашэвіч быў майстрам пейзажа, партрэта, сюжэтна-тэматычнай карціны. Увасабляючы ў сваіх творах запатрабаваныя тэмы рэчаіснасці, ён здолеў тонка адчуць дух часу, віртуозна перадаваў паветра, цяпло і чысціню ў выявах прыроды, пранікнёна паказваў людзей, падкрэслівая іх характар і духоўнае хараство: «Пасля рэкорда» (1948), «Пасля працы» (1954), «Гарманіст ідзе» (1955), «Ачыстка палёў ад камення» (1956), «Газаправод» (1961), «Пошта прыйшла» (1960), «Трывога» (1961), «У летні дзень» (1962), «Дарожнікі» (1977).

Гераізм савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваны ім у карцінах «На новую зямлю» (1943), «Страляйце, не шкадуйце нас!» (1964), «1941 год» (1967), «Голас з Вялікай зямлі» (1972).

У індустрыяльных краявідах Ф. Дарашэвіча, дзякуючы ўнікальнаму почырку мастака, шэрыя гарадскія пабудовы пераўтвараюцца ў паэтычна-настальгічныя і прыцягальныя светакаляровыя вобразы. У сваіх творах, адлюстроўваючы злабадзённыя тэмы сацыялістычнай рэчаіснасці, ён на здзіўленне тонка перадаваў дух часу.

Мастак многа працаваў над творамі, у якіх адлюстроўваў беларускую прыроду. Ён стварыў карціны-пейзажы шырокага гучання: «Рака Чусавая» (1942), «Пойма ракі Бярэзіны» (1953), «Ледаход на Бярэзіне» (1956), «Зіма» (1956), «Над Прыпяццю» (1973), «Возера Мураці» (1975), «Адліга» (1980). Многія творы напісаны з натуры ў Камянцы і яго ваколіцах: «Горад Камянец», «Камянецкая вежа», «Дарога на Замасты», «Дворык», «Стары мост», «У Белавежскай пушчы. Зубры» (1960).

Сёння наведвальнікі многіх мастацкіх музеяў могуць азнаёміцца з творчасцю Ф. Дарашэвіча. Яго творы знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея і Беларускага Саюза мастакоў, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Пермскай карціннай галерэі, музеяў Полацка, Бялынічаў, у прыватных калекцыях.

Памёр Фёдар Іванавіч Дарашэвіч 23 снежня 1986 года.

Імя Фёдара Дарашэвіча занесена ў спіс старэйшын беларускага жывапісу, а сёння ўключана ў шэраг арт-адкрыццяў сучаснасці. З 2006 года ў Камянецкім раёне праводзяцца мастацкія пленэры, прысвечаныя памяці Ф. Дарашэвіча. У верасні 2010 года ў Мінскай мастацкай галерэі Л. Шчамялёва дэманстравалася выстава жывапісу Ф. Дарашэвіча “Імя ў гісторыі”, арганізаваная пры актыўным удзеле дачкі мастака, Людмілы Фёдараўны Баравіцкай. У лістападзе 2011 года ў гэтай жа галерэі была арганізавана выстава графікі Ф. Дарашэвіча “Эцюды аб мінулым стагоддзі”.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

гал. бібліёграф

 

  1. Дарашэвіч Фёдар Іванавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2012. Т. 3. С. 364–365.

  2. Дорошевич Фёдор Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Мінск, 2009. Т. 1., кн. 1. С. 336.

  3. Дарашэвіч Фёдар Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 52.

  4. Дарашэвіч Фёдар Іванавіч // Беларускі Саюз мастакоў. 1917–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 167.

  5. Дарашэвіч Фёдар Іванавіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 508.

  6. Дарашэвіч Фёдар Іванавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 271–272.

  7. Дорошевич Федор Иванович // Художники Советской Белоруссии. Минск : Беларусь, 1976. С. 117.

  8. Фёдар Іванавіч Дарашэвіч : [альбом]. – Мінск : Беларусь, 1975. – [16] с. : іл.

  9. Выстаўка твораў Ф. І. Дарашэвіча : каталог / Саюз мастакоў БССР. – Мінск : Полымя, 1965. – 10 с. : іл.

  10. Дробов, Л. Н. Живопись Советской Белоруссии (1917–1975 гг.) / Л. Н. Дробов. – Минск : Вышэйшая школа, 1979. – 302 с. : ил. – Из содерж.: Дорошевич Ф. – С. 90, 91, 105, 108, 115, 164.

  11. Бунеева, Л. Ева и зубр : [о IV Региональном белорусско-польском пленэре, посвящённом памяти Ф. Дорошевича, в Каменецком районе] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2011. 4 ноября. С. 7.

  12. Гармель, Е. «Творчества связующая нить»: [о выставке, посвящённой Ф. И. Дорошевичу, в Художественном музее] / Елена Гармель // Заря. 2011. 27 сентября. С. 5.

  13. Павлова, Л. Художник Фёдор Дорошевич : [о выставке, посвящённой Ф. И. Дорошевичу, в Художественном музее] / Любовь Павлова // Вечерний Брест. 2011. 29 сентября (№ 39). С. 9.

  14. Вечорко, М. Краски белорусской «глубинки» : [о выставке, посвящённой Ф. И. Дорошевичу, в Художественном музее] / Мария Вечорко // Вечерний Брест. 2011. 28 сентября. С. 4.

  15. Міхайлава, М. Новая гісторыя старых карцін : [пра жыццё і творчасць Ф. Дарашэвіча] / Марыя Міхайлава // Мастацтва. 2010. № 9. С. 41–43.

  16. Клименская, О. Г. Несколько эпизодов из истории культурной жизни Перми в годы Великой Отечественной войны : [о художниках агит-мастерских, в т. ч. о Ф. И. Дорошевиче] / О. Г. Клименская // Вестник Пермского университета. Серия История. 2010. Вып. 1. С. 48–51.

  17. Міхайлава, М. Упоравень са стагоддзем… : [пра Ф. Дарашэвіча] / Марыя Міхайлава // Культура. 2010. 18–24 верасня. С. 9.

  18. Іконнікава, Л. Камянеччына натхняе... : [ІІ беларуска-польскі пленэр, прысвечаны памяці Ф. Дарашэвіча, адбыўся ў Камянцы] / Л. Іконнікава // Навiны Камянеччыны. 2009. 28 кастрычніка. С. 2.

  19. Бачай, В. Восеньскі вернісаж у памяць аб Фёдару Дарашэвічу / В. Бачай ; фота А. Туркова // Навіны Камянеччыны. 2008. 25 кастрычніка. С. 2.

  20. «Тур» собирает друзей : [о I Региональном белорусско-польском пленэре памяти живописца Ф. И. Дорошевича (Каменец, 5–12 окт. 2008 г.)] // Вечерний Брест. 2008. 15 октября. С. 1.

  21. Пракаповiч, М. Вяртанне праз творчасць / Мікола Пракаповіч : [пра выставу твораў Ф. I. Дарашэвiча iI. Хомiча ў Мастацкiм музеi] // Вечерний Брест. 2006. 29 декабря. С. 3.

  22. Парафянюк, Г. Памяці жывапісца Фёдара Дарашэвіча / Георгій Парафянюк // Навіны Камянеччыны. 2006. 22 лістапада.

  23. Павлова, Л. Возвращение на родину после 100-летнего юбилея : [художника Ф. Дорошевича] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2006. № 43. С. 2.

  24. Пугачова, Э. Патаемныя дыялогі жывапісца : [Ф. Дарашэвіч] / Эма Пугачова // Мастацтва Беларусі. 1988. № 6. С. 19–20.

  25. Масленікаў, П. Мастак жыццёвасці і праўды : [Ф. Дарашэвіч] / Павел Масленікаў // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8. С. 44–47.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1396 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 10:25