Чацвер, 12 Лістапад 2015 10:35

2015 г. – 435 гадоў з дня нараджэння прападобнага Лявонція Карповіча (1580–1620), вялікалітоўскага праваслаўнага рэлігійнага дзеяча, першага архімандрыта Віленскага брацкага праваслаўнага манастра Святога Духа

Архімандрыт Лявонцій (Лонгін Фёдаравіч Карповіч) нарадзіўся ў Пінску каля 1580 года (верагодна 31 кастрычніка 1580 г.) у сям’і пінскага пратапопа Фёдара Міхайлавіча Карповіча.

З дзяцінства быў слабы здароўем. Вучыўся ў школе Пінскага Лешчынскага манастыра, а затым у Астрожскай школе, у Віленскай брацкай акадэміі. Лонгін Карповіч валодаў глыбокімі ведамі ў багаслоўі, дыялектыцы, логіцы, рыторыцы, валодаў некалькімі мовамі (грэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, польскай і роднай “простай рускай” ці старажытнабеларускай, на якой прапаведаваў і пісаў).

На пачатку XVII ст. уніяты захапілі Свята-Троіцкі манастыр у Вільні і выцеснілі існуючае пры ім праваслаўнае брацтва, намагаліся прысвоіць усе маёмасныя і юрыдычныя правы праваслаўнага брацтва. Спрабуючы абараніць яго правы ад несправядлівых замахаў, Лонгін Карповіч разам з іншымі братчыкамі выправіўся ў студзені 1609 года на Варшаўскі сейм.

Вярнуўшыся з Варшавы, Лонгін Карповіч працягвае сваю энергічную дзейнасць па абароне праваслаўя. Ён узначальвае друкарню Віленскага праваслаўнага брацтва, у якой у 1610 годзе выходзіць знакамітая кніга М. Сматрыцкага «Фрынас, або Плач адзінокай кафалічнай апостальскай Усходняй Царквы з тлумачэннем догматаў веры».

7 красавіка 1610 года ў друкарні быў учынены вобыск, галоўнага друкара і карэктара Лонгіна Карповіча арыштавалі, а затым без суда і следства кінулі ў турму. Два гады ён правёў у кайданах, прымушаючы адмовіцца ад праваслаўя і прыняць унію. Не зламіўшы трываласці падзвіжніка, яго выпусцілі з турмы. Ён вярнуўся да сваіх паплечнікаў, стаўшы шырока вядомым як адважны вызнаўца і пакутнік за веру.

Неўзабаве Лонгін Карповіч прыняў манашаскі пострыг з імем Лявонцій і, дзякуючы свайму высокаму аўтарытэту, стаў на чале Віленскага Свята-Духавага манастыра ў сане архімандрыта. Пры ім у абіцелі быў уведзены статут агульнага манашаскага жыцця паводле чыну свяціцеля Васілія Вялікага. Нягледзячы на падарванае ў турме здароўе архімандрыт Лявонцій з нязменнай энергіяй працягвае сваю пастырска-асветніцкую дзейнасць. У брацкай друкарні, якую ён па-ранейшаму ўзначальвае, выдаюцца кнігі: «Евангелле навучальнае», Малітваслоў, Службоўнік, Трэбнік, «Вертаград душэўны» святагорца Фікарды. У апошнім выданні змешчана прадмова архімандрыта Лявонція, які становіцца яшчэ і рэктарам брацкай школы.

Яму даводзілася цярпець шматлікія крыўды ад уніятаў Свята-Троіцкага манастыра, якія, карыстаючыся блізкай адлегласцю, кідалі ў манахаў Свята-Духавага манастыра камяні, выпускалі стрэлы. Падчас аднаго з такіх нападаў у 1614 годзе архімандрыт Лявонцій ледзь застаўся жывы: пінскі ўніяцкі епіскап Паісій Анікеевіч і вядомы ўніяцкі дзеяч Іасафат Кунцэвіч, знаходзячыся ў Свята-Троіцкім манастыры, сталі кідаць цэглу ў архімандрыта Лявонція і сур’ёзна паранілі яго.

Шмат сіл архімандрыт Лявонцій аддаваў арганізацыі манашаскага жыцця ў Свята-Духавым манастыры, які неўзабаве стаў на чале ўсіх праваслаўных манастыроў Вялікага княства Літоўскага. Усім праваслаўным віленцам архімандрыт Лявонцій быў вядомы як боганатхнёны прапаведнік, яго лічылі падобным па красамоўству да Залатавуста.

У 1620 годзе ВКЛ наведаў Іерусалімскі патрыярх Феафан, які пагадзіўся рукапалажыць для Праваслаўнай Царквы мітрапаліта і чатырох епіскапаў. Паміж абраных на епіскапскае служэнне быў і архімандрыт Лявонцій, які быў нарачоны епіскапам Брэсцкім і Уладзімірскім. Аднак цяжкая хвароба не дазволіла яму адправіцца ў Кіеў для хіратоніі. Прадчуваючы блізкую смерць, архімандрыт Лявонцій пасылае да патрыярха свайго пастрыжаніка інака Мялеція Сматрыцкага (1578–1633). Прабыўшы некалькі месяцаў у Кіеве, Сматрыцкі вярнуўся ў Вільню ў сане архіепіскапа і ўжо не застаў жывым свайго настаўніка.

24 верасня 1620 года архімандрыт Лявонцій спачыў. У тым жа годзе ў друкарні Свята-Духава манастыра была выдадзена паэма «Лемент у света убогих на жалостное преставление святолюбивого…отца Леонтия Карповича».

15 мая 2011 года адбылося царкоўнае праслаўленне прападобнага Лявонція, архімандрыта Віленскага. Урачыстасці адбыліліся ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска, у заснаванні якога ў пачатку XVII ст. прымаў непасрэдны ўдзел святы Лявонцій.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Т. К. Баговіч, гал.бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Преподобный Леонтий, архимандрит Виленский // Православные святые земли Белорусской = Праваслаўныя святыя зямлі Беларускай = OrthodoxsaintsoftheBelarusianLand / [сост.: прот. Ф. Кривонос, Л. Анцух]. Минск : Четыре четверти, 2014. С. 95.

  2. Прападобны Ляонцій, архімандрыт Віленскі // Святыя зямлі Беларускай : жыццеапісанні : да 1020-годдзя Праваслаўнай Царквы ў Беларусі / [уклад. Л. Я. Кулажанка, Т. А. Матрунчык]. Мінск : Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, 2012. С. 135–141.

  3. Лявонцій Карповіч / Любоў Ляўшун // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 234.

  4. Карповіч Лявонцій / Л. В. Ляўшун // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 97.

  5. Карповіч Лявонцій / Любоў Ляўшун // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 126.

  6. Левшун, Л. В. Леонтий Карпович : Жизнь и творчество / Любовь Викторовна Левшун ; Ин-т лит. им. Я. Купалы НАН Беларуси. – Минск : Экономпресс, 2001. – 288 с.

  7. Левшун, Л. В. Некоторые принципы использования текстов Священного Писания в “Казанье на Преображение” Леонтия Карповича / Л. В. Левшун // Начало : сборник работ молодых ученых. Москва, 1990. С. 79–91.

  8. Пахвальнае слова на праслаўленне прападобнага Ляонція, архімандрыта Віленскага, вызнаўцы // Царкоўнае слова. 2011. 13 мая. С. 2.

  9. Яскевіч, А. Падзвіжнікі і іх святыні : Духоўная культура старажытнай Беларусі / Алена Яскевіч ; навук. рэд. У. П. Вялічка, М. П. Касцюк. Мінск : Полымя, 2001. 367с. – Са зместу: Лявонцій Карповіч. – С. 23,73,94,95,96.

  10. Ляўшун, Л. Закліканы з небыцця : Лявонці Карповіч (1580–1620) / Любоў Ляўшун // Настаўнiцкая газета. 2003. 7 чэрвеня. С. 7.

  11. Ляўшун, Л. Пакліканы з небыцця : [пра Лявонція Карповіча (31.10.1580–4.10.1620)] / Любоў Ляўшун // Праваслаўе. Мінск, 2002. № 11. С. 39–48.

  12. Леонтий Карпович. Жизнь и творчество” : [о книге Л. В. Левшун] // Пiнскi веснiк. 2002. 24 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 797 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 14:33