Чацвер, 12 Лістапад 2015 10:41

2015 г. – 410 гадоў з дня нараджэння прападобнамучаніка Макарыя (1605–1678), ігумена Пінскага

Прападобнамучанік Макарый Пінскі нарадзіўся ў 1605 годзе ў горадзе Оўруч на Валыні (цяпер Жытомірскай вобласці, Украіна) у набожнай сям’і Такарэўскіх. Бацькі выхоўвалі хлопчыка ў страху Божым, прывівалі любоў да малітвы і храма. Хутка юны падзвіжнік назаўсёды пакінуў бацькоўскі дом і ў 1614 годзе паступіў у Оўруцкі манастыр у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы.

У 1625 годзе Макарый пакінуў Успенскі манастыр і выправіўся да Пінскага епіскапа Аўрамія, які накіраваў яго ў Купяціцкі манастыр пад Пінскам (цяпер в. Купяцічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці). Там прападобны праславіўся падвіжніцкім, дабрадзейным жыццём і ў 1630 годзе быў рукапаложаны епіскапам Лазарам (Барановічам) у сан іерадыякана, а праз два гады – у іераманаха. Тут Макарый пазнаёміўся з будучым прападобнамучанікам Афанасіем Філіповічам (Брэсцкім) і стаў яго паплечнікам і сябрам.

З 1637 года прападобны Макарый выконваў абавязкі настаяцеля Уваскрасенскага манастыра, заснаванага мітрапалітам Пятром Магілай у горадзе Камянцы (цяпер у Брэсцкай вобласці). Пры ігуменстве Макарыя Камянецкі манастыр адбудаваўся і неўзабаве стаў важным цэнтрам праваслаўя. Пры ім была заснавана школа для навучання дзяцей чытанню, Закону Божаму і творам святых айцоў.

З 1656 па 1659 гады Макарый быў настаяцелем Купяціцкага манастыра, а з 1660 года, у сане архімандрыта, «да спасення вечнага праваслаўных людзей прыводзячы», святы Макарый кіраваў браціяй роднага Оўручскага Успенскага манастыра.

Прападобны Макарый перасяліўся ў Кіева-Пячэрскую лаўру, правёў у подзвігах два гады.

За два гады да смерці прападобны Макарый прадказаў спусташэнне Канева і пакутніцкае заканчэнне свайго жыцця. Нягледзячы на гэта, ён нястомна заклікаў цвёрда і мужна вызнаваць святое Праваслаўе.

4 верасня 1678 года туркі і татары напалі на Канеў і ўварваліся ў манастыр. 7 верасня 1678 года, захопнікі адсеклі прападобнаму Макарыю галаву, а цела кінулі на плошчы. Хрысціяне тайна перанеслі святога ў манастырскую царкву і пахавалі пад ахвярнікам храма.

У 1688 годзе пры перабудове манастырскай царквы выпадкова была адкрыта труна прападобнага, у ёй знайшлі яго нятленнае цела. 13 (26) мая 1688 года адбылося ўрачыстае перанясенне мошчаў у Пераяслаўскую Уваскрасенскую царкву. З 1965 года мошчы прападобнамучаніка знаходзіліся ў храме Успення Прасвятой Багародзіцы горада Чаркасы (Украіна), а з 2000 года – у Свята-Міхайлаўскім саборы таго ж горада.

У 2008 годзе ў гарадах Канеў і Чаркасы адбыліся ўрачыстасці з нагоды 330-годдзя з дня мучаніцкага спачыну прападобнамучаніка Макарыя, у іх прыняў удзел архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. У Пінску дзейнічае хрысцільны храм, які асвечаны ў гонар прападобнамучаніка Макарыя. Яго імя носіць маладзёжнае брацтва пры Свята-Варварынскай царкве Пінскай епархіі. Дзень памяці прападобнага Макарыя, ігумена Пінскага, – 20 верасня (дзень спачыну) і 26 мая (дзень перанясення святых мошчаў).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Т. К. Баговіч, гал. бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Преподобномученик Макарий, архимандрит Каневский, игумен Пинский, Переяславский чудотворец // Православные святые земли Белорусской = Праваслаўныя святыя зямлі Беларускай = OrthodoxsaintsoftheBelarusianLand / [сост.: прот. Ф. Кривонос, Л. Анцух]. Минск : Четыре четверти, 2014. С. 46–47.

  2. Преподобномученик Макарий, игумен Пинский // Православные святые земли белорусской. Минск : Четыре четверти, 2014. Вып. 6. С. 81–83.

  3. Прападобнамучанік Макарый, ігумен Пінскі // Святыя зямлі Беларускай : жыццеапісанні : да 1020-годдзя Праваслаўнай Царквы ў Беларусі / [уклад. Л. Я. Кулажанка, Т. А. Матрунчык]. Мінск : Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, 2012. С. 80–83.

  4. Макарый Канеўскі / Таццяна Матрунчык // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 262.

  5. Макарий Каневский. Архимандрит Пинский, Овручский, Переяславский и Черкасский. Чудотворец (1605 г. – 1678 г.) : Святый преподобномученик / сост. игумен Николай (Почтовый). – Канев : [Б. и.], 2008. – 32 с.

  6. Житие преподобномученика Макария, игумена Каменецкого и Овручского, архимандрита Каневского, чудотворца Переяславского / [подготовил Г. Мусевич]. – [Каменец] : [Б. г.]. – 14 с.

  7. Бабiч, I. Святы Макарый і маладзёжнае брацтва / І. Бабіч // Пінскі веснік. 2011. 14 кастрычніка (№ 82). С. 12.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 492 разоў Апошняя змена Серада, 08 Ліпень 2020 09:54